Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Дзе ж той, адзіны, харобры, прыгожы, які павінен прыйсці альбо прыехаць і забраць яе з сабою? Чаму яго так доўга няма? Можа, здарожыўся конь, можа, зімовы вецер асляпіў, павёў не ў той бок?

Халопкі, чалядзінкі, усё чорнае смердава племя жыве весялей за яе, князёўну. Шмат робяць, мала спяць, галадаюць, але ж толькі выпадзе вольная часіна — як спяваюць, як скачуць! У кожнай болыш-менш гожай дзяўчыны ёсць свой хлопец, і яны (Дабранега бачыла на Купалле) мілуюцца, цалуюцца. Хлопцы расплятаюць дзяўчатам косы. Дзяўчаты ўюць хлопцам вянкі. Дзе той, што распляце касу ёй, князёўне? Князь-бацька ўсё чакае сватоў з Полацка, з Друцка. І ў Літву б дачку аддаў, каб толькі за княжую кроў.

Чаму яна, Дабранега, не чалядзінка? Ёй так хочацца салодкага грэху, хочацца, каб мужчына біўся за яе з другім мужчынам.

Ды не, не! Яна — князёўна! Усе яе бабкі і дзяды — род па кудзелі і род па мячы — усе з княжацкай крывёю ў жылах. Не знойдзецца жаніх — ісці ёй чарніцаю 36 ў святы манастыр. Не адна князёўна патухла за глухімі манастырскімі сценамі, як свечка… Злітуйся, божа, не карай, бо не хочацца Дабранезе быць чарніцай, богавай нявестай. Хоча яна нарадзіць сына, а потым дачку. Дзе ж ты, нарачоны лёсам?

36

Чарніца — манашка.

Надышлі доўгачаканыя каляды. Ад каляд сонца паварочвае на лета, а за доўгую зіму голад па сонцу грызе чалавечую душу.

Калядныя святы пачаліся куццёю. Старанна мыліся ў лазні, пасля захаду сонца селі за стол, які стаяў у куце трапезнай. На голыя дошкі паслалі сена, закрылі сена белым абрусам, на абрус паставілі куццю з грэчкі і ячменю і мядовую сыту.

Князь Рагвалод радасным вокам глянуў на сваю княгіню, на дачку, на ўсіх дамачадцаў, даў усім куццю з сытою, павіншаваў жывых з божым святам, успомніў нябожчыкаў, з вялізнай драўлянай лыжкі сыпнуў куццю ў кут — пачаставаў снежнавалосага Зюзю, бога маразоў. Усе загукалі: «Дзяды, дзяды, ідзіце куццю есці!»

Дабранега, накінуўшы на плечы кажушок, выбегла на цёмны двор, палахліва азіраючыся, паставіла гліняную міску з куццёю ля глухой сцяны церама. Зоркі глядзелі з неба, як нечыя сумныя вочы. Раптам хруст снегу пачуўся ўдалечыні. Аж горача зрабілася. Гэта дзяды ідуць з краіны мёртвых куццю есці. Дзед Судзіслаў, якога ўгры 37 забілі, дзед Васілёк, што ўтапіўся ў Бярэзіне. Усё бліжэй і бліжэй снежны хруст… Ужо быццам лёгкія крокі чутны… Дабранега стрымгалоў ірванулася ў церам, на дубовы засоў зачыніла дзверы.

37

Угры — венгры.

Князь Рагвалод запусціў руку пад абрус, выцягнуў з-пад яго пучок сена, уважліва разглядаў, круціў у пальцах кожную сяннінку, задаволена сказаў:

— Добры лён зародзіць.

А потым шумнай гурбою вываліліся на двор, пільнымі вачамі ўзіраліся ў наваколле. Шмат сцежак пратоптана на двары — багатая грэчка вырасце. Шмат зорак у небе — добра жывёла расплодзіцца. Густая шэрань на галінках лягла — ад яблыкаў, ад ігруш дрэвы да самай зямлі прыгнуцца.

Дабранега з чалядзінкаю Кулінай, бо адной было боязна, забегла за церам, прыслухоўвалася — з якога боку сабакі брэшуць. Але сабакі чамусьці маўчалі, пэўна, спалі, і нельга было даведацца, адкуль жаніх прыедзе. Тады дзяўчаты, хаваючыся ад чужога вока, прыгінаючыся, пачалі бегаць пад вокнамі чорных курных хат, у якіх жыла чэлядзь надворная. Вострае вуха і чуйнае сэрца патрэбны ў такой справе. Кожная дзяўчына радуецца, калі пачуе, што ў хаце кажуць позняму госцю: «Ну ідзі, ідзі, браце, досыць сядзець». Значыць, і яна не заседзіцца, выйдзе неўзабаве замуж. Адчайваецца дзяўчына, калі чуе, што госця ўпрошваюць яшчэ пасядзець. І зусім жудасна, калі гавораць у хаце пра дошкі, свечкі і папа — смерць, як ні круціся, падкосіць.

Але ў гэты вечар нічога не пачулі Дабранега з Кулінаю. Вецер свістаў, лес шумеў, сэрцы ад хвалявання моцна тахкалі.

Сумная вярталася Дабранега ў церам. Ішла паволі, у глыбокім одуме, нават забылася, што трэба дзядоў баяцца. Ды хто сказаў, што трэба баяцца дзядоў? Дзед Судзіслаў, як памятае Дабранега, такі добры, такі ласкавы быў з ёй, унучкаю. Аднойчы зайчыка ў лесе злавіў, прынёс у паходным шаломе.

— Ідзі спаць, — строга сказала Дабранега Куліне.

Чалядзіна пакланілася князёўне, бясшумна знікла. Гэтае смердава племя жыве непрыкметна і бясшумна, як мышы, як ніцая трава пры дарозе. «Няўжо яна гэтаксама, як я, можа кахаць, чакаць, хвалявацца?» — падумала пра Куліну Дабранега.

Раптам у цемры забрахаў сабака. Колькі іх брэша заўсёды! Цэлая гайня сабак носіцца па сядзібе. Але ж сёння быў асаблівы дзень, асаблівая ноч, зараз гэты брэх быў святым знакам, сігналам — рыхтуйся, дзявочая душа, наступае твой запаветны міг.

Дабранега напачатку падумала, што ёй падалося. Але зноў азваўся сабака. Брахаў, мяркуючы па тонкім вісклявым голасе, зусім маленькі сабачка, шчанюк.

Дабранега адчула, як усё цела, ад кончыкаў пальцаў ног да вачэй і вушэй, затапляе трывожная і ў той жа час шчымліва-салодкая хваля. Такога з ёю яшчэ не было. Князёўна зняможана прыхілілася, прыпала да марозлівай дубовай сцяны церама і ўсё глядзела, глядзела ў той бок, адкуль павінен быў прыйсці яе лёс.

Цішыня павісла над Княжым сяльцом, над усім светам. Здавалася, зверху, з неба, чулася трымценне зорак. Палахлівая мыш востранькімі зубамі асцярожна, як спрабуючы, тачыла дрэва. Цішыня была глыбокая, як калодзеж, як дзявочы сум.

Няўжо не было ніякага сабачкі? Няўжо зноў цэлы сонцаварот чакаць, таемна плакаць? Няўжо не будзе белага вэлюму, а будзе чорны клабук 38 манашкі?

Тупат пачуўся з цемры. Зафыркалі коні. Зазвінелі цуглі. Нехта сказаў ціха і радасна, з палёгкаю:

38

Клабук — галаўны ўбор манахаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: