Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Ходзяць сюды людзі,— сказаў Якаў.— І твая маці ходзіць.

«Дык вось які ты, лясны бог», — думаў Мірошка, асцярожна падыходзячы да галоўнага ідала, узіраючыся ў цёмныя, груба высечаныя з дрэва рысы загадкавага суровага твару. У ідала не было ні ног, ні рук — толькі галава на тоўстым дубовым камлі. «Тут моліцца мая маці, суседка Праскоўя. Сюды пад покрывам цемры, каб ніхто не заўважыў, прыходзяць, пракрадваюцца людзі з усіх вакольных абшчын. Чым ты вабіш іх, лясны бог? Што даеш? Цябе б даўно пасеклі на дробненькія кавалкі і спалілі князь з папом, каб толькі знайшлі. Скажы, лясны бог, як жыве на тым свеце мой бацька Рацібор? Ці добра яму там? Ці ўспамінае ён мяне?»

Якаў, відно па ўсяму, таксама быў усхваляваны нечаканай сустрэчай з лясным богам. Зняў шапку, стаяў, маўчаў, глядзеў на цемнатварага дубовага ідала.

Раптам прамень сонца, прабіўшы снегавыя хмары, упаў на твар ідалу. І адбыўся цуд — ярка і весела заззялі, засвяціліся, як у жывога чалавека, вочы ў ідала. Мірошка з Якавам так і здранцвелі, застылі, не дыхаючы.

Яны маглі паклясціся на крыжы, што за імгненне да гэтага ў ідала не было ніякіх вачэй, твар быў цёмны, плоскі, мёртвы, сляпы. І раптам — гэтыя вочы! Сонечныя промні, як залатыя ніткі, затрапяталіся на шчоках у ідала. Здавалася, ён адначасова і смяецца, і плача.

Схавалася за хмары сонца, патух прамень, ідал зноў зрабіўся ідалам — нерухомым цёмным мёртвым кавалкам дрэва.

— Што гэта было? — беручы Якава за руку, спалохана прашаптаў Мірошка.

— Вочы… Вочы глядзелі на нас, — ціхім голасам адказаў Якаў.

— А дзе яны зараз?

— Бог іх заплюшчыў. Ён убачыў нас, прывітаў і зноў заплюшчыў вочы. Ён не хоча дужа доўга глядзець на людзей, бо людзі здрадзілі яму, памянялі яго на грэчаскага бога, якога салодкім дымам з кадзільняў абкурваюць папы. Пойдзем адсюль, Мірошка.

Яны асцярожна па адной са сцяжынак, каб не пакідаць лішніх слядоў, пайшлі па зімовым лесе, і Мірошка ўсё бачыў перад сабой таямнічыя яркія вочы. Яны глядзелі на яго са снегу, з цёмна-зялёных яловых галінак, з неба, нават са спіны Якава, што ішоў паперадзе.

«Што гэта было? — думаў, пакутаваў Мірошка. — Чаму маўчыць Якаў? Ён жа так любіць пра ўсё расказваць, усё растлумачыць, павучыць, дзе трэба і не трэба».

Якаў і праўда ведаў, што гэта было такое. На месцы вачэй у ідала былі ўвабіты два маленькія каштоўныя каменьчыкі. Іх прывезлі дужа здалёку, з цёплага мора, да якога хіба толькі птушкі далётваюць. Ажно лашт 48 мёду і воску аддалі за іх купцам людзі з берагоў Свіслачы і Бярэзіны. Якаў ведаў пра гэта, ды чамусьці не захацеў расказваць Мірошку — хай помняцца хлопцу не камяні, а вочы, жывыя, нясцерпна-бліскучыя.

48

Лашт — тона.

А зіма ўсё болей выхалоджвала зямлю і пушчу. Потым паваліў снег, ды такі густы, такі спорны, што за некалькі дзён Свіслач замяло па самыя берагі. Гарэлая Весь згубілася пад снегам, толькі нячастыя дымы, як звярыныя хвасты, павольна калыхаліся ў сталым небе.

Ямы, у якіх хаваюць зерне, замуравала, да іх цяжка, амаль немагчыма было прабіцца, і голад рэзаў жываты. Звяры і птушкі некуды зніклі — ці то пахаваліся ад лютай зімы, ці то перабеглі і пераляцелі ў больш бяспечнае месца. Паляўнічыя вярталіся з ціхай пушчы з туламі, поўнымі стрэл, з рогвіцамі, якія так ні разу і не ўпіліся ў цёплы звярыны бок. У сілкі, у пасткі, у звярыныя ямы траплялі толькі снег і леташняе мёрзлае лісце.

У асабліва лютую марозную ноч на небе ўспыхнуў вялікі срабрыста-белы крыж. Ён пагрозліва ззяў над зямлёй. Усе прачнуліся ў Гарэлай Весі — старыя і малыя. Усе са страхам глядзелі ў ледзяную вышыню, чакалі канца свету.

Назаўтра чорная нітачка людзей пацягнулася з Гарэлай Весі ў Княжае сяльцо. Ішлі з уздыханнем і плачам, пакорліва. Слёзы на вачах у жанчын камянелі, ператвараліся ў бліскучыя халодныя гарошыны.

Рагвалод Свіслацкі сустрэў змарнелых смердаў мірам і ласкавым словам, як бацька сустракае сваіх блудных дзяцей.

— Князь-хрысталюбец, князь-міласэрнік, дай хлеба, — зняў шапкі, бухнуўся ў шорсткі снег натоўп. — У вачах цёмна… Дзеці пухнуць… Хоць на конскім хвасце вешайся…

— А вы парэжце сваіх коней і ешце іх, — сыта зарагатаў з вала старшы канюшы Канопліч, які не забыўся, як гэтыя ціхмяныя авечкі нядаўна па валасіне выдзіралі яму бараду.

— Не тое кажаш, раб, — сярдзіта глянуў на Канопліча Рагвалод Свіслацкі.— Што смерд без каня? Хмара без неба. Дзьмухне вецер — і няма хмары. — І зноў павярнуўся да натоўпу, што безгалоса стаяў на каленях. — Сасновую кару ясцё?

— Ядзім, княжа. І мох ядзім…

— Дрэнна. Хрысціяне павінны есці божы хлеб, а не траву падножную. Я дам вам хлеба. Адчыню жытніцу. Сказана ў «Слове пра багатага і беднага Лазара»: «Ты ж, калі ўвойдзеш у палаты, калі ляжаш на ложа і паставяць перад табой вялікую і поўную трапезу, тады ўспомні таго беднага, што блукае, як пёс, па вуліцах у змроку і брудзе і адтуль ідзе не на ложа, не да жонкі, а на саломе, быццам пёс, усю ноч вые».

— Дзякуй табе ў ногі, князь-заступнік, — квола, бо не было сіл, загаманіў натоўп.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: