Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
Халадок з Грыкшам, надзеўшы баявыя даспехі, таксама сталі на вал. Дзьмуў парывісты вецер. Снежны лес тапырыўся зледзянелымі галінамі. Хмары варон, прадчуваючы крывавую сечу, з вэрхалам кіраваліся ў бок Княжага сяльца. Рагвалод Свіслацкі паглядзеў на неспакойных крыклівых варон, сказаў баярам:
— Замарач напала на смердаў. Ну, пачакайце, сыраядцы, — мёрзлай зямлёю накармлю.
Вялізны шумны натоўп выліўся чорнай ракой на шырокую заснежаную лугавіну перад Княжым сяльцом. Смерды ішлі з дубінамі, віламі-трайчаткамі, косамі. Але большасць мела толькі голыя кулакі. Шмат было жанчын і дзяцей.
Натоўп набліжаўся. Тады княжацкія дружыннікі пачалі біць смердаў з лукаў. Стрэлы ляцелі з тонкім свістам, упіваліся ў чорную людскую сцяну. Некалькі чалавек упала. Натоўп, нібы спатыкнуўшыся, прыпыніўся.
— Што вам трэба, людзі ратайныя? — крыкнуў з вала сам князь Рагвалод Свіслацкі.
Ён стаяў, закрыўшыся ад барады да пят вялізным чырвоным шчытом.
— Жытніцы адчыні! Жытніцы адчыні! — пагрозліва залямантаваў натоўп.
Камяні паляцелі ў князя. Адзін цяжка грукнуўся ў шчыт, і князь пахіснуўся.
— Адчыні жытніцы! — грымела па ўсёй лугавіне. Тады князь узвёў лук, які падаў яму дружыннік, нацягнуў цеціву і пусціў стралу, мецячы ў пустэльніка. Ды пустэльнік увільнуўся ад стралы, закрычаў, засмяяўся:
— Мяне жалезы не бяруць!
Смерды зноў пайшлі на прыступ, хаваючыся за шчытамі, зробленымі з дошак, але, страціўшы не адзін дзесятак людзей, адкаціліся ад вала. Прарэзліва енчылі параненыя. Галасілі жанчыны. У князя забіла аднаго воя — камень пацэліў у скронь.
І тут Рагвалод Свіслацкі схітраваў. Самыя галасістыя воі пачалі крычаць смердам з вала, што жытніцы будуць адчынены, толькі трэба для гэтага спачатку правесці перамовы. З Княжага сяльца на перамовы выйшлі Халадок з чатырма дружыннікамі. Ішлі бяззбройныя, але Халадок схаваў пад карзно шастапёр — невялікую жалезную булаву з вострымі шыпамі. Смерды для перамоваў вылучылі таксама пяць чалавек, і паміж іх быў пустэльнік.
Сустрэліся за пяцьдзесят сажняў ад вала. Пустэльнік паклаў у снег сваю каменную сякеру, пускаючы з рота іскры, смела падышоў да Халадка.
— Ты хто? — запытаўся ў яго Халадок.
— Вяшчун. Сын Перуна, — не міргнуўшы вокам, адказаў пустэльнік.
— Чаму агонь у роце носіш?
— Як малы быў, кавалак сонца з'еў. Сонца ўва мне гарыць.
— А ці праўду кажуць, што ты адгадваеш, бачыш будучае?
— Праўду.
— Што ж з табою будзе заўтра?
— Заўтра я буду насіць залатыя порты 43 князя Рагвалода Свіслацкага.
43
Порты — адзенне.
— А што з табой будзе зараз?
— Зараз я саб'ю замок з княжацкай жытніцы І дам ім, — пустэльнік паказаў бледнай худой рукою на смердаў,— хлеб.
Тут Халадок выхапіў з-пад карзна шастапёр і з усяго маху ўдарыў пустэльніка па галаве. Пырснула цёплая кроў. Пустэльнік упаў, адразу адляцела душа.
Смерды анямелі ад нечаканасці і жаху. Той, каго яны лічылі ледзь не богам, хто выхваляўся сваёй несмяротнасцю, бездапаможна і квола ляжаў на снезе, як дохлая кошка. З рота ў пустэльніка выкаціўся вялікі арэх з прасвідраванымі адтулінамі. Замест ядра ў арэху быў чырвоны вугольчык з вогнішча. Халадок наступіў на вугольчык, расціснуў.
Убачыўшы, што пустэльніка больш няма, дружына князя Рагвалода Свіслацкага адчыніла вароты і з радасным ярасным крыкам урэзалася ў натоўп смердаў. Смерды пабеглі хто куды, і мячы дружыннікаў зачырванеліся ад іхняй крыві. Знузнікі 44 некалькі попрышчаў гналіся за смердамі, калолі іх доўгімі дзідамі, тапталі коньмі. Вялікі стогн стаяў над Свіслаччу і Бярэзінак.
Адзін са смердаў, ратуючыся ад знузніка, пачаў тачыцца, лезці ў старую барсуковую нару. Ды яго выцягнулі за ногі. Ён абліваўся халодным потам, круглымі спалоханымі вачамі глядзеў на занесеную над сабою дзіду, але маўчаў, не прасіўся. Дзіда ўдарыла ў абсівераную худую выю, і смерд упаў у снег, захлынуўшыся крывёю. Гэта быў бацька Мірошкі Рацібор.
44
Знузнікі — коннікі.
III
Стрый Якаў на маленькіх саначках прывёз мёртвага Рацібора ў Гарэлую Весь. Правая рука, задубелая ад смерці і марозу, валачылася па зямлі, успорвала снег, нібы дубовае рала, якім аруць вясною. Настасся з галашэннем узяла гэтую руку, хацела пакласці яе мужу на грудзі, але рука цяжка баўтанулася, зноў упала ў снег.
Мірошка, маленькі Дамажыр і Тэкля стаялі каля саначак, на якіх ляжаў бацька.
— Чаму ён не ўстае? — шэптам спыталася Тэкля. — Холадна ж ляжаць…
— Ён не ўстане, дочачка, — загаласіла Настасся. — Памёр бацька наш.
Разам з ёю заплакалі Тэкля і Дамажыр. Мірошка пакуль што трываў, але нешта вельмі сумнае, вельмі халоднае распроствала крылы ўнутры яго, там, дзе б'ецца сэрца. Зрабілася цяжка дыхаць. Ногі падкошваліся. «Гэта дзікая віра ўзяла бацьку, — думаў Мірошка. — Яна хацела схапіць мяне, ды я ўцёк — у мяне ногі маладзейшыя. Няўжо ніколі больш не будзе бацькі?»
Тут слёзы ручаём пакаціліся ў яго з вачэй. Ён плакаў і ўспамінаў, як аднойчы, даўным-даўно, грымела жудасная навальніца. Пярун страляў з вогненнага лука, дрэвы над чорнай успененай Свіслаччу трашчалі, пераломваліся ў камлях; дробнае птаства, падхопленае бурай, каменем падала ўніз, разбівалася аб дрэвы, аб зямлю. Тады бацька з Мірошкам схаваліся ў вялікую яму, выкапаную на стромым беразе ракі. Жоўты вільготны пясок цёк з краёў ямы, пакрысе засыпаў ногі, і калі скончылася нарэшце грукатанне грому і аціх дождж, ногі ў іх былі па калена ў пяску. Бацька, моцна прытуліўшы да грудзей, нёс тады Мірошку дадому, і Мірошка чуў, як тахкае, б'ецца бацькава сэрца. «Так-так-так…» — далятала з бацькавых грудзей.