Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

— Кемлівыя, — сказаў пра іх начальнік буравога атрада Карнееў.— Мы, калі сюды рушылі, хацелі пакінуць іх на базе. А яны ў слёзы! Прывыклі. І нам весялей. Як нашы дзеці. Хлопцы добрыя, увішныя, толькі вельмі ўзрыўчаткай цікавяцца. Юсуфзадэ, бурыльшчык наш, вокам міргнуць не паспеў, як гэты вось жэўжык, Акліль, пакет аманалу са скрыні выхапіў.

— А хто з нас у іх узросце не цікавіўся выбухамі? — пасмяяўся Добыш. — Пакуль жа паразумнееш. Бывала, каторы простымі запалкамі ўмудраецца сабе вочы выпаліць.

— Праўда што, — згадзіўся Карнееў.— У мяне вось брат старэйшы… Праўда, тое адразу пасля вайны было. Падшыванцы, разумееш, паклалі ў вогнішча нямецкую міну. Брата потым у школе мінёрам дражнілі. Увесь твар асколкамі пасекла, і на правай руцэ толькі палова пальца засталася, кручок… А хлопцы няхай у нас лета папрактыкуюцца. Увосень уладкуем у тэхнічнае вучылішча. Акліля, ва ўсякім разе. На маторы ў яго проста талент. Ну, Хуары, можа, і далей кухарам захоча. Мулуд яго хваліць.

Выпіўшы шклянку халоднага чаю з лімонам, Добыш вырашыў пайсці зірнуць на работу новага электраматора.

— Толькі не баўся, — папярэдзіў яго Карнееў.— Праз гадзіну-другую павінны прыехаць нашы суседзі, французы. З будоўлі Транссахарскай аўтамагістралі. Дапаможаш перакладчыку. Наш жа студэнт з інстытута замежных моў сам ведаеш — тэхнічную тэрміналогію засвоіў яшчэ недасканала, а размова ж пойдзе інжынерная.

Акліль падахвоціўся правесці Добыша на буравую пляцоўку.

Пасля некалькіх дзесяткаў хвілін ля кандыцыянера Добышу падалося — спёка крыху апала. Але праз колькі часу адчуў, што так ніколі і не прызвычаіцца да сахарскага пекла. А кажуць, што хутка стане яшчэ горш. Сіноптыкі папярэджвалі па радыё — можа наляцець самум, гарачая завіруха.

З машыны-ўсюдыхода, на якой Добыш прыехаў з Туггурта, рабочыя выгружалі трубы і мяшкі з цэментам. Разам з усімі працаваў і Карнееў.

— Можа, пачакалі б да вечара, — сказаў яму Добыш, — хоць трохі сонца пацішэе.

Начальнік буравога атрада паківаў галавой:

— А раптам самум? Ты калі-небудзь бачыў, што гэта такое? У нас жа кожная хвіліна на ўліку. Сам урад рэспублікі цікавіцца, калі мы тут дамо ваду.

Добыш агледзеў пустынны гарызонт. Буравая вышка здавалася забытай сярод пяску дзіцячай цацкай.

— Ды тут жа вада — гэта жыццё. — Карнееў працёр хусцінкай вочы. — Здабыць яе для гэтых мясцін важней, чым нафту.

— З нафтай усё ж нічога не можа ў нашы дні параўнацца, — не паверыў Добыш.

— Гэта як на чый погляд, — усміхнуўся Карнееў. — Ну нічога, папрацуеш тут — зразумееш. Чуў, нашы хлопцы непадалёк ад Біскры знайшлі гаючую мінеральную ваду? Вось яна для гэтага краю — багацце дык багацце. Качэўнікі гадамі не маглі пазбавіцца балячак на целе. А тут некалькі разоў памыліся ў той мінералцы — і праз тры дні балячак як і не было. Так што калі-небудзь у Біскры, пасярод пустыні, узнікне курорт сусветнага значэння. Людзі за тысячы кіламетраў з розных краін паедуць туды, каб не на вярблюдаў паглядзець, а пакупацца ў гаючым басейне… А наогул, — закончыў сваю думку Карнееў,— пад гэтымі пяскамі, адчуваецца, вады нямала. Але ж здабываць, сам бачыш, не ямкі на пляжы далонькамі капаць.

— Што табе гаварыў сейід Карнееў? — пацікавіўся Акліль, калі яны крыху адышліся ад машыны-ўсюдыхода.

Добыш зірнуў на буравую вышку, якая адзінока стаяла пасярод шотта — месца, дзе колісь было салёнае возера, якое праглынула пустэльня, — і адказаў па-французску:

— Казаў, тут зарыты клад, і мы яго павінны хутка знайсці.

Акліль насцярожыўся. Ён успомніў словы Сідкі і падумаў, што і сапраўды саветы працуюць тут не з-за адной вады. Бо яна знаходзіцца ў другім месцы. Але ж клад — гэта нават цікавей, чым здабываць ваду. Акліль, падскокваючы ад радаснага хвалявання, пачаў расказваць пра навіны. З аазіса ўзялі новага рабочага, Амаму. Ён сын беззямельнага здолынчыка-фінікавода, а будзе матарыстам. Ад аазіса да лагера бурыльшчыкаў дзве тысячы крокаў сейіда Сідкі. Прадукты прывозяць цяпер раз у тыдзень, і сейід повар патрабуе, каб яму паставілі другі халадзільнік. Потым Акліль пахваліўся: таварыш Карнееў даў яму грошай і хутка можна будзе разлічыцца з усімі даўгамі.

— Дык ты многа каму павінен? — падзівіўся Добыш.

— О, і Хуары, і Селіму.

Акліль тут жа растлумачыў, хто такі Селім.

— Малы, а ўжо капіталіст-эксплуататар! — усклікнуў Добыш.

— Цяпер ён паехаў у святы горад Мекку, — з павагай паведаміў Акліль. — Там ён пацалуе святы камень Кааба, а калі вернецца, будзе хаджы і накруціць на галаву зялёную чалму.

— Выходзіць, ён хоча падацца ў мячэць, стаць мулой?

— Не, відаць, зноў будзе бізнесменам, — сказаў Акліль.

— А ты хочаш быць такім, як Селім? — пацікавіўся Добыш. — Ці ўсё ж механікам?

— Механікам.

— А твой сябар Хуары?

— Калі ён вырасце, то купіць духан і будзе там гатаваць такія стравы, што да яго будуць прыходзіць усе мужчыны Казбы.

— Купіць? Але ж гэта грошай колькі трэба.

— Будуць грошы! — запэўніў Акліль.

Добыш усміхнуўся: для яго гэткія хлапечыя мары былі нязвыклыя.

А Аклілю, які заўважыў усмешку недаверу на твары савета Юрыя, вельмі хацелася расказаць, адкуль у Хуары будзе многа грошай. Ён вымушаны быў некалькі разоў праглынуць сліну, каб не дазволіць тайне вырвацца з грудзей. Давёўшы Добыша да пульта буравога майстра Юсуф-задэ, які ўжо са словамі прывітання спускаўся на дол па жалезнай лесвіцы, Акліль крутнуўся на адной назе і памчаў да лагера.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: