Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

Караван якраз мінуў спапялёную пляскатую роўнядзь — гамаду — і падыходзіў да чарады невысокіх узвышшаў. Заржалі коні — яны здалёк пачулі ваду. І сапраўды — у лагчыне туліўся калодзеж. Вакол стаяла некалькі выдзеўбаных з каменю карыт. Караваншчыкі, ажыўлена перагаворваючыся, паклалі вярблюдаў і хуценька даставалі з уюкаў скураныя вёдры.

Спярша папоўнілі запас вады для піцця. Яна захоўвалася ў бурдзюках, якія звісалі паміж гарбамі белага вярблюда. Да белага вярблюда караваншчыкі адносіліся наогул з асаблівай пашанай, бо, па старадаўняму павер'ю бедуінаў, яго прысутнасць берагла караван ад злых духаў, прыносіла ўдачу ў падарожжы. Потым пачалі паіць коней, на якіх ехалі караваншчыкі. Дзеці сядзелі пад паласатымі шатрамі з падвойным верхам і здалёк з прагнасцю назіралі за карытамі, дзе пляскалася вада і з якіх гучна смакталі коні.

Бы зачараваны, глядзеў на бляск вады і Селім. Потым выбраўся з-пад шатра і з летуценнай усмешкай блазна пакрочыў да калодзежа. Яму хацелася зараз аднаго — апусціць рукі ў ваду, схаваць іх туды да плеч. Адпіхнуўшы гарбаносую губастую галаву белага «вярблюда шчасця», які смактаў ваду разам з коньмі, Селім укленчыў перад карытам. Цела, з'едзенае потам і блохамі, аж смылела. Селім набраў вады ў прыгаршчы і пляснуў сабе на твар, на грудзі, адчуваючы, як гаючая вільгаць расцякаецца па жываце. Гэта была такая асалода, якой ніколі раней ён не адчуваў, хоць, бывала, у спякотныя дні гадзінамі пялёскаўся ў ласкавых марскіх хвалях.

Нехта адпіхнуў хлопчыка пад ногі «вярблюда шчасця». Караваншчык, тыцнуўшы пугаўём у лужыну, якую наліў ля карыта Селім, сцебануў яго плёткай па плячах. Селім тузануўся ад болю, ускочыў на ногі і, ашчэрыўшыся, засіпеў гадзюкай. Караваншчык замахнуўся зноў, і Селім, які не прывык, каб яго білі, з крыкам нянавісці і адчаю скочыў да крыўдзіцеля, упіўся зубамі яму ў руку. Караваншчык ад нечаканасці войкнуў. У наступны момант ад удару цяжкага пугаўя па твары Селім зваліўся на дол, абліваючыся крывёю. Плётка свіснула раз, другі, трэці — ажно ашалела шарахнуліся ад карыта дзікаватыя коні.

Караванбашы нарэшце вырваў у раззлаванага бедуіна бізун і, адпіхнуўшы яго, за шкірку паставіў на ногі Селіма. Сваімі жалезнымі пальцамі ён схапіў хлопчыка за ніжнюю губу і прымусіў разявіць рот. Агледзеўшы Селіма, караванбашы вылаяўся і сцебануў памочніка плёткай.

— Ты ж выбіў яму пярэднія зубы, сын свінні! — злосна крыкнуў ён. — І на мордзе ў хлопца цяпер будзе шрам… Ведаеш, колькі я за яго аддаў? А хто цяпер купіць у мяне крываротага? Возьмеш яго сабе, а я ў цябе забяру тры вярблюды, малпа ты дурная. А можаш яго застрэліць, каб не цягнуць праз пустыню лішнюю вантробу.

Караванбашы зноў ухапіў Селіма за ніжнюю губу, бы якога вярблюда, і агледзеў рану. Потым выцер запэцканую крывёю руку аб крысо бурнуса і развязаў падвешаную да пояса скураную торбачку. Селім закрыў вочы, бо думаў — зараз яго зарэжуць. Але караванбашы, аказваецца, дастаў нейкую бутэлечку і капнуў з яе сабе на палец. Селім адчуў, як запахла серай і апякло нечым рану.

— Шрам перакрывіць малому твар, — прамовіў ён і, шпурнуўшы бізун пад ногі бедуіну, моўчкі пайшоў да свайго каня.

Да караваншчыка падышоў яго таварыш, агледзеў Селіма і пацокаў языком.

— Бай, якая страта! — прамовіў ён. — Яшчэ добра, што за гэтае шчаня ты страціў толькі трох вярблюдаў. Нічога, можа, яшчэ каму спіхнеш яго за пару авечак.

— Прэч адсюль, смярдзючая яшчарка! — бедуін секануў Селіма бізуном, як нікчэмнае быдла.

Накульгваючы, з ціхім скавытаннем, якое ён ніяк не мог суняць, хлопчык пабег да дзяцей. Зашыўшыся пад полаг, Селім абмацаў свой твар. Ірваная рана ішла ад вока Да верхняй губы. Не хацелася верыць, што яго знявечылі назаўсёды. Каб гэта дома, то, можа, дапамаглі б урачы. І як смыліць!

Хлопчык-йаруба, якому нядаўна ад Селіма даставалася грымакоў за непаседлівасць, падпоўз і, уздыхаючы, паклаў яму на плячо руку. Селім засіпеў, ашчэрыўся. Не трэба яму нічыё спачуванне!

«Выходзіць, мяне прадалі! — думаў Селім з горыччу. — І зараз везлі перапрадаваць». Ён каштаваў тры вярблюды. А думаў, дурны, што тоўсты гаспадар начлежкі ў Ніямеі проста паспачуваў яму, уладкаваў у караван, які накіроўваўся ў казачна багатыя аравійскія княствы — у жывую казку Шахразады. І як жа гэта ён, Селім, не сцяміў, чаго караванбашы, да якога прывёў яго ніямеец, так прагна аглядаў яго, бы шчаня! Загадаў скінуць вопратку, абмацваў, торгаў за валасы, прымушаў паказваць зубы. Селім цярпеў гэта, бо чуў, што прынцы жадалі, каб вакол іх знаходзіліся толькі прыгожыя людзі. Гэта так зразумела. Прыгожых асабліва паважаюць у землях арабаў. А прынцы плацяць сваім служкам добрыя грошы і нават даюць кожны тыдзень уікенд — адпачынак. І Селім, каб спадабацца, увесь час белазуба ўсміхаўся караванбашы, хаця вельмі змарнеў за час бадзянняў па Ніямеі.

Што за месца той горад басаногіх!.. Ніяк не ўдавалася прыстасавацца. Толькі аднойчы ўладкаваўся на работу — загоншчыкам жывёлы на бойні, але мясцовыя хлопцы хутка высачылі яго і двойчы пабілі ля ўвахода…

Мужчынскія цяжкія крокі пачуліся зусім побач. Адхінуўся полаг, па вачах разанула сонечнае святло. Селім скурчыўся, чакаючы ўдару. Але яго толькі таўханулі ў бок нагой.

— Ну-ка, ідзі сюды, — скамандаваў яму караваншчык жорстка, бы нікчэмнай погані.— Хутка!

Заўважыўшы, што Селім шчыльней прытуліўся да зямлі, караваншчык даў яму грымака і выцягнуў з шатра за каршэнь. Селім закрыў вочы. Хай будзе, што будзе. Але караваншчык толькі абхапіў яго бязлітаснымі пальцамі за шыю і ткнуў да губ біклагу з вадой. Вада… Было вельмі балюча, але Селім піў і піў. Потым расплюшчыў вочы. Зусім блізка вузкі, бы засохлы твар бедуіна. У рэдкай кучаравай бародцы набілася жоўтага пылу, ад цела патыхае часнаком і авечым салам. Дык вось каму ён, Селім, зараз належыць!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: