Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

Трэба было неяк падвысіць сябе, і Акліль выпаліў:

— Нічога, мы з Хуары хутка будзем багатыя.

— Разбагацееце, падносячы кошыкі на рынку? — пасмяяўся Рааба. — Ці знойдзеце клад?

Акліль зірнуў падазрона: заманьваюць, каб даведацца пра таямніцу ў руінах?

— Я хутка паступлю на параход і буду механікам. А ў Хуары бацька працуе ў Парыжы.

— Ты марыш стаць механікам? — Добыш зірнуў на хлопчыка з узрослай зацікаўленасцю.

— Я ведаю ўсе маркі машын, я працаваў у электрамеханічнай майстэрні,— пахваліўся Акліль.

— Так ужо і ўсе? Ну-ну. Выходзіць, будзеш маім таварышам, бо я ж таксама механік. Праўда, усіх марак машын яшчэ не ведаю. А вось скажы, твайго сябра Хуары ўжо глядзеў урач?

Акліль здзівіўся: з-за таго, што баліць горла, шукаць урача? Аднак тут сейід у акулярах зірнуў на яго непрыязна.

— Ты пакінуў сябра ў бядзе. А раптам у яго дыфтэрыт? Альбо ты лічыш, што хлопчыкі не паміраюць, калі іх лечаць ад хваробы?

Акліль устрывожыўся. Дыфтэрыт? Гэтае слова ён некалі чуў. У дзіцячым доме. І захварэўшага хлопчыка там адразу павезлі ў шпіталь. У Акліля нават слёзы бліснулі, так раптам стала шкада Хуары.

— Сейід Рааба — урач, так што ты яго слухай, — сказаў савецкі ірум'ен. — Можа, давай папросім, каб ён наведаў твайго сябра?

Акліль пабойваўся дактароў, але цяпер лічыў сябе вінаватым. Сапраўды: раптам Хуары зараз кепска, а ён ляжыць адзін і нават не мае скарынкі хлеба, толькі вада ў бляшанцы з-пад малака.

— Каб у мяне былі грошы, я купіў бы яму рагалікаў і малака.

— Дык паехалі да вас, ці што? — звярнуўся да хлопчыка Добыш.

— Туды цяпер не ходзіць аўтобус, — сумеўся Акліль. — А Хуары, калі ўбачыць вас, яшчэ ўцячэ.

— Дык папярэдзь яго! — прапанаваў Добыш. — А мы возьмем таксі. Тут блізка ёсць стаянка?

Го, калі Хуары ўбачыць яго, Акліля, у таксі, ён перастане лічыць сябе старэйшым і задзіраць нос! Спахмурнелы было твар хлопчыка заззяў.

— Я збегаю па машыну! — прапанаваў ён. — Гэта блізка.

Акліль ірвануў, бы ганчак, які пачуў блізкую здабычу. Яго ногі ў імгненне вока пералічылі ўсе шаснаццаць прыступак ад кавярні і вынеслі на ніжнюю вуліцу.

— Што вы робіце, Юрый! — усклікнуў Рааба, пазіраючы ўслед Аклілю. — Я ж яшчэ не сапраўдны ўрач і дрэнна разбіраюся ў дзіцячых хваробах.

— Нічога, — адгукнуўся Добыш. — Калі хлопчык сапраўды сур'ёзна захварэў, зразумееш. Завязём у шпіталь. Не кідаць жа іх зноў адных.

Таксі спынілася ў трох кроках ад іх, і з прачыненых дзверцаў высунулася калматая галава хлопчыка. Акліль ззяў усмешкай і махаў рукой.

— Ведаеце, а вочы хлопчыка нагадалі мне… ну, так, вочы Марыям, — з нейкім здзіўленнем прамовіў Добыш. — Няўжо і яна таксама з Кабіліі?

Эх, як Акліль шкадаваў, што ўжо вечар! Але ён усё ж спадзяваўся, што хлапчукі, якія выглядвалі з кавярні, усё добра бачылі. І ён сядзеў, узняўшы як мага галаву і звесіўшы з акна руку. І калі таксі рванула наперад, у далонь хлопчыку, бы мячык, тыцнуўся пругкі камяк паветра.

21. ПРАДАДЗЕНЫ «МІЛЬЯНЕР»

Пасля ночы пустыня награваецца спакваля. О першы прамень, як чакае цябе дрыготкае цела! Але холад хутка адступае, праз якую гадзіну здаецца, што яго ніколі тут і быць не магло.

Сонца спачатку толькі сляпіла, затым яго ахутвала пара — пустыня аддавала свае мізэрныя запасы вады паспешліва, бы імкнулася ўлагодзіць уладара нябёсаў. Але сонца было няўмольным. Яно імкліва выкатвалася з-за высокіх пясчаных хваляў і потым доўга вісела над караванам. Цені вярблюдаў шарымі зданямі каціліся па брудна-жоўтых пляскатых узгорках, гусцелі, калі караван спускаўся ў лагчыны, дзе ласкава сінелі кветачкі дроку, і амаль поўнасцю знікалі, калі вярблюды ўзбіраліся на дзюны. Над гарбамі вярблюдаў, прыкрываючы скураныя торбы з дзецьмі, пакалыхваліся, быццам ветразі, вялікія паласатыя парасоны. І так дзень за днём. Селім перастаў іх і лічыць. Ад задушлівай спёкі яму было ўсё роўна, дзе ён і што будзе заўтра. Прывід казачнага султанскага палаца з квітнеючымі садамі, з фантанамі пасярод руж і пахучых кветак бэзу мроіўся ўсё радзей.

Няўжо ён, Селім, мог тады так здурнець, паверыць нейкаму паўжабраку-дагамейцу? Чалавеку, які ўсё жыццё поркаўся ля сваёй начлежкі з яе смярдзючымі старымі цыноўкамі! Праўда, і хаджа Шукры нешта казаў пра эміраў і прынцаў. Нягоднік і злодзей Шукры!

Селім і сам бачыў той палац на вялікай фатаграфіі ў кавярні, дзе хаджа Шукры пра нешта дамаўляўся з гандлярамі атрутным зеллем. Ён і Селіма спакусіў зацягнуцца з прыгожай піпкі, бо гэткі ж кальян кураць шэйхі, казаў ён. І Селіму сапраўды падалося, што ён сам зрабіўся прынцам, уладаром Краіны прыгожых цудаў. Але ж як ванітавала яго праз некалькі гадзін! Як было млосна і гідка! Шукры параіў: трэба зноў пайсці ў тую патаемную кавярню, і дым з кальяна вылечыць галаву і верне радасць. Але Селім адмовіўся, бо сцяміў, чым гэта можа скончыцца. Ён сказаў, што лепш пойдзе спаць. Тады хаджа Шукры — о, няхай знойдзе здрадніка і злодзея чорная немач! — уцёк.

Пра казачныя княствы, што знаходзяцца недзе на радзіме прарока, у блаславёнай Аравіі, трызнілі не толькі курцы гашышу. Па іх уздыхалі ваданосы, мармыталі дэрвішы ля мячэці і спявалі вандроўныя музыкі. Туды, у княжацкія гарэмы, вязуць праз пустыню юных прыгажунь, сабраных з многіх краін Афрыкі.

Яны, гэтыя дзяўчынкі, падобныя на казачных фей, будуць для багатых шэйхаў спяваць і танцаваць, а некаторыя стануць ім жонкамі. А кім там давядзецца быць яму, Селіму? А раптам які-небудзь прынц захоча яго ўсынавіць. Ёсць жа такія, у каго няма ўласных дзяцей або толькі адны дочкі. А ён жа, Селім, такі прыгожы і разумны, што, безумоўна, спадабаецца любому прынцу. Толькі б выбрацца з пустыні і не захварэць! Трэба быць вельмі асцярожным, загадваў ён сабе, лёс любіць асцярожных і мудрых, так гаварыў яшчэ яго дзед. І ўсё ж не ўбярогся…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: