Ялугин Эрнест Васильевич
Шрифт:
— Можна ўжываць.
Ваду каштавалі, як быццам то быў эліксір жыцця. Далі Амаме.
— Твой бацька не выплесне яе вон?
— Гэта сапраўдная вада, — пацвердзіў малады хамес, і ўсе зразумелі тое, пра што ён не сказаў.
— А зараз патрэбен штурм, — гаварыў Юсуф-задэ Аклілю, які не адыходзіў ад бурыльнага майстра ні на крок. — Іначай ад солі не ўцячы. А ўстаноўка наша ведаеш на колькі яшчэ здольна заглыбіцца? Метраў на сем ці восем. Так вось, задзіг.
Тампанажны раствор Юсуф-задэ вырашыў рыхтаваць іначай, чым было запланавана. Да цэменту загадаў дадаць не хлорысты кальцый, а вадкае шкло. «Мёртвую ваду» з верхняга пласта трэба было адасобіць так, каб яна ніколі не магла прасачыцца ніжэй.
Нарэшце магазін для бурыльных труб нязвычна апусцеў. Юсуф-задэ з памочнікамі ўстанавілі праверачнае долата, каб апрацаваць ім увесь ствол нанава, перш чым апускаць абсадныя калоны. Для абсадкі вырашылі прымяніць не сталёвыя трубы, як звычайна раней, а азбеста-цэментавыя. Яны былі не толькі значна танней, але, галоўнае, не баяліся карозіі. Толькі апускаць іх трэба было вельмі акуратна: каб раптам калона не захрасла. Трубы нельга было ні паварочваць, ні цягнуць назад, каб потым выкарыстаць сілу свабоднага падзення і прабіць вузкае месца, як гэта звычайна рабілася бурыльшчыкамі. Бо маглі выкрышыцца тарцы.
— Але ж ты хочаш з землякопаў перарабіць нас на ювеліраў,— бурчаў памочнік, стаміўшыся ад папярэдніх трэніровак.
Спалучалі трубы гладкімі металічнымі муфтамі з укручвальнікамі — па самаму новаму спосабу. Ён быў апрабаваны пакуль у двух месцах — у Беларусі і ў Венгрыі. Канцы труб не трэба было рыхтаваць для стыкоўкі недзе ў цэнтральных майстэрнях. Там свідравалі толькі адтуліны ў муфтах.
Нарэшце, параіўшыся з Карнеевым і лабарантам, Юсуф-задэ вырашыў перад абсадкай трубамі ўзарваць у самым нізе ствала «тарпеду».
— Неабходна, каб там утварыўся добры рэзервуар і вада адразу ж шуганула ўверх як мага мацней, — растлумачыў ён свой намер.
Будзе выбух? Не тое што Хуары, нават асцярожны і нелюдзімы з-за папсаванага рваным шрамам твару Селім прыйшоў на буравую.
Бурыльшчыкі доўга вырашалі, якога памеру трэба апусціць «тарпеду». Юсуф-задэ хацеў, каб яна была магутнай. Таму прапанаваў зрабіць яе ў два метры даўжыні. Але Карнееў баяўся, што гэткай бомбай можна папсаваць сценкі ствала.
— Нічога — кашу маслам не папсуеш, — запярэчыў Юсуф-задэ. — Потым праверачным долатам пачысцім ствол.
— Узрыўчатка — гэта табе не масла, — пярэчыў асцярожлівы Вахрашчын, які таксама прымаў на савеце актыўны ўдзел, бо ведаў узрыўную справу.
Вырашылі, што тарпеда будзе метровай даўжыні. Дзве скрынкі з толам прывезлі да буравой! Хлопцы так увішна круціліся каля ўзрыўнікоў, што Карнееў загадаў усіх трох пасадзіць у машыну і адвезці ў лагер пад нагляд повара Мулуда.
Але неўзабаве хлопцы зноў прымчаліся да буравой. Паспелі якраз. Усе бурыльшчыкі адышлі падалей, прылеглі. Юсуф-задэ нахіліўся да жалезнай скрыначкі і крутнуў ручку. Глуха грымнула, страсянулася зямля. Хлопцы былі расчараваны, асабліва Акліль, які не забыў, як ірваліся ў лагеры бежанцаў французскія бомбы.
— Ну, наперад! — загадаў Юсуф-задэ. Пачалася напружаная работа. Хаця ў Юсуф-задэ цяпер быў зменшчык — вясёлы масквіч Сізоў, бурыльны майстар і не падумаў ісці адпачываць, застаўся на другую змену. Ён стаў кіраваць элеватарам, спрытна ўтрымліваючы калону дакладна над вусцем свідравіны, пакуль другім элеватарам узнімалі наступную трубу і ўкручвалі яе ніжнім канцом у муфту папярэдняй. Нарэшце поўнасцю падрыхтаваная калона шэрай змяёй пачала ўпаўзаць у свідравіну. Акліль сачыў не столькі за маніпуляцыяй буравога майстра, колькі за выразам твару Юсуф-задэ, мімаволі яго паўтараючы.
Калона апускалася вельмі павольна. Але раптам рух амаль спыніўся. Акліль прыкусіў перасохлыя губы і стаіў дыханне. Тое ж самае зрабіў Юсуф-задэ.
— Прамыўку дайце мацнейшую! — крыкнуў буравы майстар.
Калона зноў павольна пасунулася ўніз. Знікла першае звяно труб, другое…
Юсуф-задэ з самага пачатку прызнаўся, што не вельмі давярае азбеста-цэментавым трубам. Разам з ім цяпер і Акліль вельмі баяўся, што абсадку дзе-небудзь вось-вось зацісне набрынялай ад вады пародай.
— Нечага баяцца, — заўважыў Сізоў,— у нас жа мінімум сорак міліметраў затрубнай прасторы. Праскочым.
Але і аптыміст Сізоў машынальна ўзяў цэпавы ключ, забыўшы, што ён не дапаможа — гэта ж не сталёвыя трубы, азбеста-цэментавыя ў выпадку чаго не пачнеш асаджваць вярчэннем уручную. Сапраўды — салома. Тут поспеху можа садзейнічаць толькі адно — папярэдні дакладны разлік і ювелірная работа таго, хто знаходзіцца за пультам кіравання элеватарам. І калі калона, пагражальна зарыпеўшы, зноў рэзка замарудзіла ход і Акліль убачыў, як твар Юсуф-задэ раптоўна стаў шэрым, ён зашаптаў: «О алах, ну дапамажы! Ну што табе абыходзіць прапіхнуць гэтыя трубачкі ўніз, о алах!»