Мавр Янка
Шрифт:
Манг жа, наадварот, быў вясёлы, энергічны. Ен стараўся дагаджаць ёй, як умеў, абнадзейваў яе, што яны хутка паедуць.
Але куды паедуць? Гэтага яны не маглі растлумачыць адзін аднаму і нават самім сабе. Дзяўчыне здавалася, што калі толькі яны ад'едуць ад гэтага праклятага вострава, дык сустрэнуць які-небудзь карабель. А Манг і сам сабе не ўяўляў, што ён будзе рабіць з ёй. Ведаў толькі, што трэба вярнуцца дадому, адпомсціць Нгару ды адабраць кану, бо тая, якую ён робіць, будзе значна горшая. А потым ужо зноў можна будзе думаць, як даехаць да белых, асабліва, калі ён павязе да іх гэтую дзяўчыну.
Але справа была вельмі марудная. Сяк-так звязаць жэрдкі ён паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. А гэта была зусім іншая праца. Тоўстых дрэў не было, трэба было сшываць толькі маленькія кавалачкі кары, а яны былі тонкія, нямоцныя, разрываліся. Прыходзілася складваць у некалькі столак, латаць дзіркі, а потым латаць латы і гэтак далей.
Дзяўчына ўжо ўразумела, якім чынам Манг хоча зрабіць човен, але, прыгледзеўшыся да яго працы, яна зусім страціла надзею, што з гэтага што-небудзь выйдзе.
Манг жа не сумаваў, а ўсё ляпіў ды ляпіў кавалачкі. Тады і паненка пажадала дапамагчы. Манг быў вельмі задаволены.
— Добра, добра! Цяпер будзе хутка. Белая Птушка — добрая дзяўчына, — казаў ён.
Але зарана Манг парадаваўся: у Белай Птушкі справа не ладзілася.
Аднак яна добра ведала, што ад гэтага таксама залежала і яе жыццё, і, сцяўшы зубы, працавала далей. Праз некаторы час выявілася, што ў такой справе нават паненчыны рукі могуць прынесці карысць.
Некалькі разоў ёй здавалася, што ўся гэтая праца дарэмная, што нічога не выйдзе, але кожны раз упэўнены выгляд Манга надаваў надзею.
Так цягнулася цэлых тры тыдні. Некалькі разоў змянялася надвор'е. Зноў давялося перажыць і вецер, і дождж, і буру. Светлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся (пасля чаго Манг убачыў, што гэта быў не колер скуры). Але здароўе яе захавалася, хоць яна і перайшла з панскага на дзікунскае жыццё.
Вызначыліся і адносіны іх між сабой. Паненка даўно ўжо забылася, што яна знаходзіцца «ў лапах людаеда». Для яе гэта быў звычайны жаўтаскуры слуга, якіх нямала ёсць і ў іх, у Лондане. Яе ўжо ніколькі не дзівіла, што ён прыслугоўвае ёй, даглядае, ахоўвае. Як жа іначай можа быць? І яна распараджалася ім як слугой. Нават некалькі разоў ужо злавала на яго, крычала, сварылася за тое, што ён ці нязграбны, ці дурны.
Манг нічога гэтага не разумеў, нават знаходзіў цікавым. Ен так яе паважаў, што яму ніколі і ў думку не прыходзіла раўняцца з ёй. Ён быў задаволены ўжо адным тым, што вядзе блізкае знаёмства з такой асобай, якіх яго аднапляменнікі, дый і то не ўсе, маглі бачыць толькі здалёк.
Нарэшце прыйшоў час, калі лодка была спушчана на ваду. Праўда, яна была ненадзейная, нязграбная, але Манг ззяў ад шчасця, гледзячы на сваю працу.
Недаверліва ўвайшла ў човен паненка. Быў момант, калі яна гатова была лепш застацца тут і чакаць ратунку, чымся рызыкаваць ехаць на гэтай няшчаснай прыладзе. Але ніякага іншага выхаду не было.
Нацярпелася яна страху, пакуль выехалі з рыфаў. Кожны момант ёй здавалася, што вось-вось човен перакуліцца або распаўзецца. Супакоілася толькі тады, калі выехалі ў спакойныя каналы між высокіх скал.
Першую ноч пераначавалі ў чоўне пад высокай скалой. Для дзяўчыны гэта было вялікай пакутай.
Назаўтра паехалі далей. Апаўдні неспадзявана пачуўся… звон! Сапраўдны звон, якім адзначаецца час («склянкі») на караблях. Пачуўся ён па-за скалою направа. Значыцца, там ішоў карабель!..
Замітусілася паненка, захвалявалася.
— Туды! Туды! — пачала яна крычаць і паказваць рукою.
Манг і сам гэта ведаў і накіраваў лодку ў абход. Але адразу было відаць, што нічога з гэтага не выйдзе. Лодка паўзла надта павольна, а скала, як на злосць, была даўгая.
Дзяўчына ўскаквала, рызыкуючы перавярнуць човен, ламала рукі, плакала, крычала па-свойму: «Хутчэй! Хутчэй!»
Калі аб'ехалі скалу, дык убачылі далёка-далёка чорную кропку і дымок…
Тады дзяўчына з жаласным стогнам павалілася на спод чоўна…
Але няма ліха без дабра. Паваліўшыся на спод, яна трапіла ў халодную ваду і адразу апамяталася.
На жаль, на гэтым дабро і скончылася. Прыйшла новая бяда, нават большая за тую, што параход прайшоў міма.
Аказваецца, калі Манг спяшаўся да карабля, ён так напружваўся, так упінаўся ў лодку, што яна не вытрымала і распаўзлася. Манг кінуўся затыкаць дзірку, але ад гэтага шчыліна яшчэ болей пачала разыходзіцца.
Настаў крытычны момант. Але Манг не збянтэжыўся.
Зірнуўшы на сцяну, ён убачыў у ёй невялікую прыступку і зараз жа накіраваўся туды. Пад'ехаў ужо з поўным чоўнам вады. Манг выскачыў на скалу і выцягнуў дзяўчыну, якая была па пояс ужо ў вадзе. Ен нават не забыўся затрымаць човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе.