Мавр Янка
Шрифт:
Такім чынам нашы падарожнікі апынуліся яшчэ на горшым востраве, як раней. Яны стаялі на вузкім выступе скалы, дзе нават сесці было цяжка, а за спіной уздымалася сцяна.
Навокал жа было так прыгожа і спакойна. Мора яскравілася пад паўднёвым сонцам, ніводная хваля не трывожыла яго. Чорныя скалы, нібы нейкі натоўп, стаялі сур'ёзна і спакойна. Толькі птушкі мітусіліся і спрачаліся там, наверсе.
Дзяўчына стаяла нерухомая і глядзела наперад так, нібы ёй было ўсё роўна, чым бы гэта ні скончылася.
Затое Манг напружана думаў. Спачатку ен агледзеў скалы, каб знайсці пакуль што лепшае месца.
Але нічога лепшага не заўважыў. Потым ён уважліва пачаў углядацца наперад.
Там, кіламетраў за восем, быў іхні дом. Ен нават бачыў уваход у затоку. Там яго радня, там кану. Так мала заставалася ехаць, і вось гэтае няшчасце! Няўжо ж прыйдзецца загінуць пад бокам у сваіх? Нават выцягнуць кану няма куды, каб хоць абы-як паправіць яе.
Застаецца толькі адно — плысці туды самому.
І ён пачаў тлумачыць дзяўчыне, што хоча плысці ў той бок. Ён паказаў рукой на човен, працягнуўшы руку к далёкаму берагу, стараўся растлумачыць, што там ёсць лодка. Потым паказаў, нібы ён сам плыве туды, і, урэшце, вельмі шчыра і выразна стаў паказваць, што ён вернецца і возьме яе.
Дзяўчына ўразумела, але выдумка гэтая ніколечкі не парадавала яе. Адкуль і якую лодку ён знойдзе? А калі ёсць, ці даплыве туды ён? Лепш ужо загінуць разам. Усё ж такі побач, хоць і дзікун, але жывы чалавек.
Манг тым часам зняў свой мундзір і падперазаўся поясам з кінжалам. Потым бадзёра засмяяўся ёй, кінуўся ў ваду і хутка паплыў.
Крок за крокам, павольна, але безупынна ён пасоўваўся ўсё далей і далей. Вось толькі ледзь чарнеецца галава, вось і яна знікла ў бліскучай прасторы. А дзяўчына стаяла, сачыла і ўсё яшчэ не магла ўразумець, ці гэта к лепшаму, ці к горшаму…
Пацягнуліся для яе смяротныя гадзіны, бясконцыя, безнадзейныя. І сапраўды, якую надзею яна магла мець? Яна не ведала, куды ён паплыў, што ён мае на ўвазе. Не ведала, колькі часу можа прайсці, пакуль ён вернецца, калі наогул вернецца. А надзеі на гэта вельмі мала: па-першае — ён сам можа загінуць, па-другое — можа не знайсці ніякага чоўна, па-трэцяе — можа знайсці праз некалькі дзён, па-чацвёртае — можа і зусім не вярнуцца. Ці можна спадзявацца на дзікуна?
Значыцца, трэба рыхтавацца да смерці. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад ёй прайшло ўсё яе жыццё. Бацька яе быў багаты англійскі капіталіст. Паміж іншым, ён меў у Чылі вялікае прадпрыемства па здабыванню медзі. Жылі яны ў Лондане, але апошні год бацька быў прымушаны жыць у Чылі па справах прадпрыемства. К гэтаму часу міс Грэт, — так звалася дзяўчына, — скончыла сваю адукацыю і захацела праехацца да бацькі, каб паглядзець свету.
І вось замест гэтага яна стаіць адна на голай скале і чакае смерці…
Так прайшоў дзень, надышоў вечар. Ужо некалькі разоў казала яна сама сабе, што трэба скончыць пакуту і самой кінуцца ў ваду, але ўсё адцягвала. Хоць у думцы яна не спадзявалася ні на што, але недзе глыбока ў сэрцы ўсё ж такі трымалася надзея.
«А можа?.. Пачакаю яшчэ крыху, пакуль яшчэ можна».
Вось ужо і ноч. Аніводнага гуку навокал. Напружанае вуха прыслухоўвалася, лавіла нібы плёскат. Можа, ён едзе? Не, нічога не было…
Доўга плыў Манг. Зморыцца, адпачне на спіне і зноў плыве. Добра яшчэ, што мора ціхае. Вось ужо і ўваход. Адзін заварот, другі — і перад ім жаданы куток, іх часовы дом.
Крыкнуў ён, каб даць знаць сваім. Рэха пакацілася між ціхіх стромкіх скал, але іншага адказу не было. Зноў крыкнуў — таксама нічога. Манг адразу адчуў, што ён пахаладзеў і не можа рухацца.
Напружыў апошнія сілы, увайшоў у сярэдзіну, азірнуўся — нікога няма! Нават «гаспадаркі» на беразе няма: значыцца, выехалі не часова, а назаўсёды.
Ледзь жывы выбраўся ён на знаёмую пляцоўку і паваліўся на зямлю…
VII
Дома. — «Чорт!» — Па ахвяру. — Альпага. — Барацьба з птушыным царом. — Спуск на «парашуце». — Урачыстае ахвяраванне. — Чорт ашукаў!..
Жыццё абедзвюх сем'яў пасля ад'езду Манга не змянілася. Жылі яны спакойна і шчасліва, мелі ўсё, чаго толькі маглі жадаць такія людзі. З цікавасцю чакалі звароту Манга.
— Можа, ён прывязе ад іх што-небудзь карыснае для нас? — казаў Тайдо.
— Хоць бы сам вярнуўся, і гэтага досыць было б, — адказвала маці.
Дабрадушны Кос супакойваў.
— А што з ім можа здарыцца? Манг — хлопец спрытны. Кану добра зроблена.
Аднойчы Мгу з дачкой Тайдо «збіралі плады з дрэва». Як заўсёды, седзячы ў чоўне, прыпаднялі галіну. Дзяўчынка падтрымлівала яе, а Мгу здымала ўраджай. Унізе адкрылася чыстае свабоднае месца, дзе відаць было дно ды гулялі рыбкі.
Дзяўчынка наглядала за імі, цешылася. Раптам яна адхіснулася і з жахам закрычала: