Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Я зірнуў на яго. Чаму кашляе? Хіба прастудзіўся? Вачыма на дзверы паказвае. Нават міргнуў непрыкметна. Зразумела чаму. Знак падае. Маўляў, дзверы адчыненыя, можна выскачыць.
Я прыўстаў. Ды дзверы, як па камандзе, зачыніліся. Куды ні глянь, белыя сцены, на якіх чорныя гадзіннікі.
Як жа ўцячы? Недзе ёсць кнопка. Нездарма дзверы зачыніліся як па камандзе. Вось каб знайсці яе!
— Хлопчыкі, страшна вам? — запытаў Мірон Казіміравіч.
Здалося, што каля самага вуха варона каркнула. Я ўціснуўся ў крэсла.
— Страшна, — зноў сказаў Мірон Казіміравіч. — Моцна я вас напалохаў. Што ж, па-іншаму не выходзіла.
— Яны абалванелі,— прахрыпеў Ландыш. Бач, што кажа! Сам анямеў бы, каб прывалаклі гэтак, як нас. Смяшыначкі расказвае. Калісьці на школьнай дошцы пісаў слова «Айчына». Дый цяпер напіша, калі якому-небудзь начальніку будзе даспадобы. І верш пра родную мову раскажа.
— Што вы з намі зробіце? — прамовіў Пятрусь.
— Хочаш, каб шакаладнымі цукеркамі накармілі і адпусцілі? — усхапіўся Ландыш.
— Каб было можна, то я вас цэлы год аднымі шакаладнымі цукеркамі карміў бы. Шакаладныя цукеркі на першае, на другое і на трэцяе, — не сцярпеў Пятрусь.
Ландыш зыркнуў на яго вачыма.
— Яшчэ агрызаецца.
— Ну, ну! Не сварыцеся, — прагаварыў Мірон Казіміравіч.
— Што вы з намі зробіце? — паўтарыў Пятрусь.
— У казку адпраўлю.
Зноў кажа, што ў казку. Супакойвае. Баіцца, што крыку наробім. Ландышу чужы крык што маслам па сэрцы. А яму, як відаць, не даспадобы. Бандыты таксама бываюць розныя.
— Дзядзьку Ландыша ў казку адпраўце, — прамовіў Пятрусь.
Ландыш вылупіў вочы.
— Што-о?..
— Няхай Мірон Казіміравіч вас у казку адправіць.
— Што-о?..
— Будзеце ў казцы смяшыначкі расказваць.
— Не магу! Задыхаюся! — Ландыш ірвануў каўнер кашулі.
Праняло. Заштокаў штокала. Вось каб штаны зняць ды крапівой-жыгучкай высцябаць. Вішчаў бы.
А Пятрусь знарок паўтарыў:
— Мірон Казіміравіч, пасадзіце яго ў каляску і адпраўце ў казку.
— Хлопчык, не нервіруй, — прахрыпеў Ландыш.
— Не хвалюйся. Ты мне тут патрэбен, — супакоіў яго Мірон Казіміравіч. — Хлопчыкаў адпраўлю ў казку. Яны вельмі падыходзяць для майго эксперыменту.
— Чаму мы? — запытаў Пятрусь.
— Ведаеш, што такое гіпноз? Пятрусь кіўнуў галавою.
— Ведаю. Гіпнатызёр з чалавекам зробіць усё, што захоча.
— Не кожны зробіць і не з кожным. Ёсць людзі, якія цяжка паддаюцца гіпнозу. І для майго эксперыменту не кожны падыходзіць. Трэба, каб усім сэрцам любіў казкі, родную мову, свой народ. Цяпер такіх нямнога. А вы, бачу, любіце.
Напамінае пра гіпноз. Што, калі ён гіпнатызёр? Што, калі захацеў правесці сеанс гіпнозу? Няхай праводзіць. Людзі самі выходзяць на сцэну, калі папросіць гіпнатызёр. Нядаўна ў нашым раённым горадзе разам з бацькамі глядзелі, як гіпнатызёр адну цётку прымусіў, каб скакала. А пасля яна пачала плакаць. Усе аж заходзіліся ад смеху. Тая цётка не пабаялася выйсці на сцэну. Чаго ж нам баяцца? Няхай гіпнатызуе. Можна і ў казцы пабыць. Пад гіпнозам.
— Мірон Казіміравіч, вы… — пачаў я. Ландыш перапыніў мяне:
— Яны любяць. Любяць і казкі, і мову, і свой народ. А я не. Я сам сябе люблю.
— Мірон Казіміравіч, вы гіпнатызёр? — запытаў я.
— Такім глупствам не займаюся. Я сур'ёзна да ўсяго стаўлюся. Я вучоны.
«Бум-бум-бум…» — забумкалі гадзіннікі, адлічваючы час.
Мірон Казіміравіч тыцнуў пальцам, паказваючы на дзве вялізныя бутлі.
— Прыйдзецца вам у гэтыя бутлі залезці. Яны якраз па вашым росце. Як на заказ.
— Адтуль у казачку паедзеце. Хі-хі-хі…— захіхікаў Ландыш.
Мірон Казіміравіч хоча, каб мы ў бутлі залезлі. Закансервуе там. Альбо голадам заморыць. У шкляных бутлях горш, чым у турме.
— Не палезу, — праз сілу праказаў я.
— Не палезу, — паўтарыў за мною Пятрусь.
— Не палезеш? — ашчэрыўся Ландыш. — Зараз пакачу і стану казытаць. Папакруцішся.
— Я козыту не баюся, — адказаў Пятрусь.
— У мяне пабаішся. Мірон Казіміравіч, дазвольце паказытаць. Уволю наказычуся. Адвяду душу.
— Не. Ведаю цябе. Заказычаш.
— Што ж рабіць? Не палезуць яны. Упартыя. Добрае слова да іх не даходзіць.