Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Ой! — паўтарыла маці.

Я хацеў бегчы ў хату па дубальтоўку, ды Пятрусь тыцнуў пальцам, паказваючы на кабуру ад веласіпеда.

— Бачыш? Кабура расшпілена.

— Не падыходзь! — заверашчэла цётка Ганна. — Там змяя! У кабуры гняздо звіла.

— Любяць на веласіпедзе катацца, — са смехам сказаў Пятрусь.

Цётка Ганна, мусіць, зусім перапалохалася, бо падхапіла:

— Яшчэ як любяць! Адна вылезла, папаўзла, а там яшчэ сядзяць.

— Цётка Ганна ў мяне веласіпед папрасіла. Хацела ў Клімавічы да сваякоў з'ездзіць. Хацела сядло апусціць. Расшпіліла кабуру, каб ключ узяць, а там змяя, — растлумачыла маці.

Да сваякоў… На нашым веласіпедзе… Як на грэх. Наламалі дроў.

Пятрусь узяўся за кабуру. А цётка Ганна не пускае яго.

— Не лезь! За руку ўджаліць.

— Не ўджаліць, — усміхнуўся Пятрусь. — Там вуж сядзеў.

Цётка Ганна глянула на яго як мыла з'еўшы.

— Вуж? Ты ведаеш?

— Ведаю, калі кажу.

Цётка Ганна апусцілася на калодку, на якой звычайна колем дровы. Добра, што калодка стаяла якраз тут. Інакш проста на траву села б.

— Ой, не магу! Паміраю-у!..

Да яе падбегла мая маці, абхапіла за плечы.

— Што з табою, Ганначка?

— Вады! У грудзях пячэ, распірае. Маці азірнулася.

— Ігнат, вады!..

Я на адной назе ў хату. Схапіў са стала конаўку, зачэрпаў з вядра вады і назад бягом.

— Бярыце, — працягнуў цётцы Ганне. — Гэта не змяя. У кабуры вуж сядзеў. Праўду кажам.

Цётка Ганна ўзяла конаўку, паднесла да рота.

— Там… Там вужы гняздо звілі?

— Не. Мы з Петрусём вужа ў кабуру пасадзілі.

Лепей я не прызнаваўся б. Забыўся, што часта праўда бокам вылазіць.

Цётка Ганна як пачула, дык зноў загаласіла:

— Ой, людцы!..

— Ігнат!.. — паклікала мяне маці.

— Што? — заморгаў я вачыма.

— Арыштант!

— Мы не хацелі,— стаў апраўдвацца я.

— Нясі папружку.

Бач, якая хітрая. Хоча, каб на сваю спіну прынёс.

— Пятрусь, уцякайма! — крыкнуў я.

Мы з Петрусём, як мышы, за хлеў. А маці наўздагон гукнула:

— Арыштант! Вярніся-а!.. Я прыпусціўся мацней.

Чаму?

Мы з Петрусём сядзелі на беразе возера. Над намі ляталі кнігаўкі, выводзячы сваё «кігі-і-кігі-і…». Крык сумны, трывожны. Гэтак жа сумна, трывожна і на душы. Хоць плач.

Чаму ж мне так не шанцуе? З учарашняга дня пачалося. Здавалася, знайшлі спосаб, як абараніцца, і на табе! Усё з ног на галаву перавярнулася. Прыспічыла ж цётцы Ганне цяпер ехаць да сваякоў. Няхай раней паехала б, хоць на паўгадзіны раней. Па-іншаму склалася б. Не хаваліся б у кустах. Хто б мог падумаць, што прынясе яе ліха? Чаму так? Чаму?

— Ігнат, чаго нос павесіў? — падаў голас Пятрусь.

— Па-твойму, танцаваць трэба? — агрызнуўся я.

А Пятрусь, не зважаючы, распавёў:

— «Што хутчэй за ўсё на свеце?» — пытаецца настаўніца. «Ваша самапіска, Ніна Рыгораўна», — кажа вучань. «Чаму?» — здзівілася настаўніца. Вучань ёй у адказ: «Вельмі ж хутка двойкі яна выводзіць».

Я зірнуў на Петруся.

— Гэта што?

— Смяшынка. Паслухай яшчэ адну. Бацька звяртаецца да сына: «Ты чаму цалюткі дзень сабак ганяеш?» — «Ды не ганяю я іх. Яны за мною бегаюць», — абурыўся сын.

Я ўсміхнуўся. Цікавая смяшынка. Можна сказаць, узятая з самога жыцця.

А Пятрусь хлопец што трэба. Нездарма расказвае смяшынкі. Разумее, што ў мяне на душы. Што я сёння рабіў бы, калі б не ён? Нудзіўся б у адзіноце? Ад страху тросся б?

— Яшчэ паслухай, — падміргнуў мне Пятрусь. — «Чаму ты гісторыю не вучыш?» — пытаецца настаўнік. Вучань у адказ: «Дык яна ж старажытная, а я вырашыў па-новаму жыць».

— Ха-ха-ха… — не стрымаўся я. — Такому за дасціпнасць можна пяцёрку паставіць. Умее выкруціцца.

У Петруся, што называецца, язык развязаўся. Ён кіўнуў галавою і сказаў:

— «Дзіма, які зімовы дзень табе найбольш даспадобы: сонечны ці марозны?» — пытаецца настаўнік. Дзіма, не задумваючыся, адказаў: «Марозны». Настаўнік колькі хвілін глядзіць на яго, а пасля зноў пытаецца: «Чаму менавіта марозны? Растлумач». Дзіма ўсміхнуўся: «Бацька тады кажа: «Сядзі дома, бо ў дарозе вушы адмарозіш».

Я пырснуў смехам:

— Гэта па-нашаму.

У мяне як гара з плеч звалілася. Горкасць, крыўда засталіся дзесьці ззаду. Нават здалося, што кнігаўкі крычаць не самотна, а насуперак усяму, з выклікам. Вось што можа звычайная маленькая смяшынка. А мо не смяшынка? Мо сябар так можа?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: