Татаринов Юрий Аркадьевич
Шрифт:
— А дзе ён жыве?
— Тут побач. Пройдзеце дзве хаты пасля маёй, а трэцяя — будзе яго.
— Ну дык дзякую, — сказаў Бока. Ён павярнуўся, каб пайсці.
— Пачакайце, — спыніла яго жанчына. Яна паспела падняць некалькі яблыкаў, прапанавала іх «госцю». — Вось, вазьміце на дарогу.
Узяўшы яблыкі, Бока параспіхаў іх па кішэнях.
— Яшчэ раз дзякую, — сказаў ён. — Пайду. А то ўжо позна.
— Будзьце здаровыя, — адказала гаспадыня і паспяшалася да дзвярэй, каб адчыніць іх перад «госцем». — Дабранач.
— Вам таксама, — азваўся хлопец і нарэшце выйшаў.
III
Ужо змерклася. У вокнах гарэла святло. Згаданы дом Бока знайшоў хутка. Расчыненыя веснічкі быццам самі запрашалі на двор; да ганкаў вяла дарожка з бетонных плітаў. Падняўшыся па прыступках, Бока ўвайшоў У дом.
Яркае святло залівала сенцы. Колькі хвілін Бока стаяў, прыплюшчыўшы вочы, прывыкаў да святла. У доме выразна гучалі два галасы: гэта працавалі трансляцыйны прыёмнік і тэлевізар. Галасы перамешваліся: «Народная акадэмія выяўленчага мастацтва…» — прамаўляў голас з сенцаў. «З'яўляецца псіхічным захворваннем…» — дадаваў другі — з пакоя. «Навучанне завочнае…» — працягвалася мешаніна. «Яго прычынаю з'яўляецца поўная адсутнасць умоў для асабістай гігіены…»
Бока мінуў сенцы, увайшоў у пакой — туды, дзе працаваў тэлевізар. Ён убачыў чалавека, які сядзеў у крэсле. Той утаропіўся на экран. Першае, што кінулася ў вочы хлопцу, гэта прычоска: чорная шавялюра гаспадара нагадвала завіты парык часоў імператрыцы Кацярыны Вялікай. «Такія шыкоўныя валасы могуць належаць чалавеку з выключным здароўем», — чамусьці падумалася Боку. Ён з хвілінку разглядваў прыгажуна, потым, жадаючы выдаць сваю прысутнасць, падышоў да тэлевізара. Уладальнік цудоўнай шавялюры ўтаропіўся на яго блакітнымі вачамі.
Гаспадару было гадоў сорак. У яго паглядзе можна было прачытаць здзіўленне і… насмешку. Гэта быў пагляд веселуна, аматара жартаў і розыгрышаў. Да таго ж яго шырокая, як бы падзеленая напалам сківіца падказвала, што ён чалавек страсці і характару. Гэта быў герой і жартаўнік у адной асобе. Ягоная ўсмешка міжволі прымушала ўсміхацца і таго, хто яе бачыў. Здавалася, што гаспадар зараз падымецца і скажа што-небудзь прыветнае і ўзнёслае: «Ну, вось дык нечаканасць! Як я рады бачыць вас!» — ды яшчэ паклоніцца, бы той блазан.
Але нічога падобнага не адбылося. Ён проста ўстаў з крэсла і пачаў казаць на мігі. Бока не зразумеў яго. Здагадаўшыся, той паўтарыў усё яшчэ раз. І тады хлопец вырашыў, што будзе прасцей, калі ён сам паспрабуе растлумачыць прычыну свайго з'яўлення ў гэтым доме. Ён паказаў на сябе, паказаў, што ехаў і вось зараз завітаў прасіць начлегу (пры гэтым заплюшчыў вочы і паклаў галаву на далонь). Глуханямы адразу здагадаўся, пра што ідзе гаворка, і ўслед паўтарыў «госцю» ўсё, што той паведаў яму.
— Так-так! — зачараваны кемлівасцю няшчаснага, усклікнуў Бока. — Усяго адну ноч! — І паказаў адзін палец. — А заўтра паеду. — Ён махнуў рукою кудысьці ўбок.
Гаспадар узрадаваўся гэтаму візіту, здаецца, мацней, чым «госць» таму, што яго зразумелі. Ён павёў хлопца ў пакой — туды, дзе гучна гаварыла радыё, — і паказаў, што той можа месціцца на канапе (ён, як і нядаўна Бока, схіліў галаву сабе на далонь). Потым ён паказаў кухню і прыбіральню. І не пераставаў тым часам зазіраць хлопцу ў вочы, нібы чытаў па іх, ці разумее той яго. І калі бачыў разуменне, то ўсміхаўся і ўхвальна гуў, як бы жадаючы прамовіць: «Я рады, я рады…»
Потым ён прывёў Боку назад у свой пакой і паказаў на ложак. Пры гэтым ён тыцнуў сябе пальцам у грудзіну і нават прапішчаў:
— Я!.. Я!..
Пасля агляду дома ён распачаў доўгі аповед, сэнсу якога хлопец аніяк не мог спасцігнуць. Гаворка ішла, здавалася, пра паляванне і нейкую там выпіўку. Гаспадар старанна жэстыкуляваў перад носам у хлопца. А той утаропіўся на яго вочы і чакаў, калі ж ён уціхамірыцца. Глуханямы дужа стамляў яго. Боку хацелася хоць прысесці. Ён разуўся і прылёг на канапу, папярэдне падклаўшы сваю сумку пад галаву. Толькі пасля гэтага гаспадар падаўся ў свой пакой.
Застаўшыся адзін, Бока адразу ж выключыў радыётранслятар. Потым адшукаў у сумцы зубную шчотку і пашыбаваў да ўмывальніка.
Калі ён вярнуўся, тэлевізар ужо маўчаў, з пакоя чутно было пасопванне гаспадара, які рассцілаў ложак. Гэта заспакоіла хлопца. Ён патушыў святло і пачаў распранацца. Зняўшы куртку, ён раптам агледзеў у яе кішэнях яблыкі. Бока выклаў іх на стол і, выбраўшы адзін, самы буйны, пачаў есці. Яблык на смак быў такі ж, як і той, што каштаваў ён нядаўна ў парку. Жуючы, хлопец згадаў саву, а найперш тое, як яна спрытна выхапіла ў яго пачастунак, а ўслед перакуліла талерку. Згадаў ён, як яму падалося тады, нібыта птушка папярэджвае пра нешта. Даеўшы яблык, Бока зноў накінуў куртку. Яму захацелася выйсці на двор — пацікаваць на зіхоткі маладзічок, што вісеў проста над дахамі.