Татаринов Юрий Аркадьевич
Шрифт:
— Цудоўна, — сказаў Шадурскі.— Вось і пазнаёміліся. Пра астатняе ў нас яшчэ хопіць часу пагаманіць. А зараз, панове, некалькі слоў пра нашу праграму на сёння.
— Не забудзьцеся на абяцанае паляванне, — нагадаў Скарлоцы.
— Сапраўды, тата, ты абяцаў,— нечакана горача падтрымала гэтую ідэю панна.
— Не забыўся, — заспакоіў іх Шадурскі.— Спадзяюся, панове, што сёння склеп з яго скарбамі нам не перашкодзіць, — заўважыў ён і рагатнуў.— Дык вось, прашу выслухаць. Першае — паляванне, — абвясціў ён.
Скарлоцы і панна Яніна крыкам ухвалы падтрымалі гэтую задуму.
— Куды скіруемся? — пацікавіўся Скарлоцы.
— У Сар'інскі лес, — адказаў Шадурскі.— Там лоўчыя бачылі цэлы вывадак русакоў… Так, а надалей: вяртанне і полудзень. Як папалуднуем…
— Крыху адпачнём, — уставіў сваё слова Сліва.
— Ну вядома ж, пан Сліва, — пагадзіўся Шадурскі.— Потым будзем плаваць пад ветразем. Калі Бог дасць вецер, то абяцаю, панове, што атрымаеце непараўнаную асалоду.
— А ці можна… адмовіцца ад плавання? — папрасіўся таўсмач. Ён патлумачыў: — Справа ў тым, што мяне, — тут ён скасавурыўся на панну, — як той казаў… загойдвае.
— Хто не жадае, той няхай застаецца на беразе, — адказала за бацьку панна.
— Не-не, я паплыву, — адразу ж памяняў сваё рашэнне таўсмач. — Проста я не прывык да марской гайданкі…
— Ды дзе вы бачылі ў нас мора?! — усклікнула панна. — У нас — возера!
— Я і хацеў сказаць, — прамовіў таўсмач. З незадаволеным выразам на твары ён раптам пачаў скардзіцца: — О, калі б вы ведалі, панна, колькі я вытрымаў пад час маёй вандроўкі ў Берберыю?! Я плыў на караблі! Быў моцны шторм! Хваля змыла нашага капітана!.. — Ён хацеў працягваць. Але тут нейкая думка прыйшла яму ў галаву. Ён абярнуўся да нашага героя і папытаўся: — А ў якім гэта берберыйскім горадзе вы маеце гонар жыць? Я ведаю амаль усе гарады ў вашай вялікай краіне…
Гэтае пытанне выклікала ў размове затрымку. Вядома ж, Бока не ведаў, што адказаць, і прамоўчаў; а яго новыя сябры чакалі ад яго адказу. Выручыў Шадурскі, які сказаў:
— Не зараз, панове, не зараз. Па дарозе ў нас будзе час перамовіцца з панам Вальдэмарам. А тым часам трэба паспяшацца. Пара пераапранацца. Прашу вас. — І ён скрануўся, каб пайсці.
— Адну хвілінку, пан Шадурскі,— спыніў яго Скарлоцы. — Што, гэта і ёсць уся ваша праграма?.. Вы ж абяцалі паказаць сваю чарадзейную яблыню.
— Ну так, — успомніў гаспадар. — Ну вядома ж… Панове, будзе вам і яблыня. Галоўнае, паўтараю, не апынуцца зноў у гэтакім вядомым і прывабным для нас месцы — у склепе.
Гэтая перасцярога выклікала новы ўзрыў смеху. Яна прымусіла сяброў нарэшце разысціся. Панна, адыходзячы, нават падскоквала ад радасці.
— Праз чвэрць гадзіны прашу ўсіх уніз! — затрымаўшыся каля дзвярэй, абвясціў Шадурскі.
Бока зноў застаўся адзін. «Калі гэта не камедыянты, то — хто?» — пытаўся ён сам у сябе. Яго здзіўляла, што гэтыя людзі паводзяць сябе гэтак непадробна ды натуральна. «Не дужа падобныя яны на актораў», — прызнаўся ён у думках.
V
Па параднай лесвіцы Бока спусціўся ў прыхожую, а потым ужо выйшаў на двор.
На шырокім гравійным пляцы перад ганкам панавала ажыўленне. Сюды прывялі цэлы тузін паляўнічых сабак. Выжлы ляталі па двары, гальцалі адзін за адным. Сваёй мітуснёю яны як бы прыспешвалі людзей, заклікалі як хутчэй выпраўляцца ў дарогу. Крыху наводдаль якіясьці барадатыя людзі трымалі за аброці асядланых коней. Боку здзівілі іх апранахі. Людзі былі ў палатняных кашулях, у гэтакіх жа портках. «Калі Шадурскі называе сябе панам, гаспадаром Асвеі, то гэтыя малойцы, мабыць жа, ягоныя падданыя», — падумаў ён і міжволі ўсміхнуўся. Ён усё яшчэ лічыў тое, што адбываецца, розыгрышам.
Бока кінуў пагляд на велічны будынак палаца. Ён уяўляў сабою цэлую сістэму злучаных паміж сабою галерэямі пабудоў і па форме нагадваў птушку з распасцёртымі крыламі. Фасад цэнтральнага будынка ўпрыгожвалі пілястры. На хвілінку Боку падалося, што ён дзесьці ўжо бачыў гэтыя аздобы…
Ён зноў азірнуўся на коней. Прадчуванне таго, што давядзецца праехацца конна, не прыносіла яму прыемных эмоцый. Ніколі раней ездзіць конна ён не спрабаваў.
На ганку адзін за адным пачалі з'яўляцца тыя, з кім нашаму герою толькі што давялося пазнаёміцца. Яны былі ў касцюмах паляўнічых і са стрэльбамі. Лёкаі падвялі коней да ганка. Паны ўзяліся парадкаваць стрэльбы.
— Я загадаю, каб вам прынеслі дубальтоўку, пан Вальдэмар, — прапанаваў Шадурскі Боку.
— Не-не, — паспяшаўся адмовіцца хлопец. — Не трэба. — Ён слушна разважыў, што калі лёс хоча выпрабаваць яго ў сядле, то няхай гэта здарыцца без дадатковых нязручнасцяў.— Я еду проста дзеля кампаніі.
— Як вам захочацца, — адказаў Шадурскі і, уставіўшы нагу ў стрэмя, спрытна ўсеўся ў сядло.
Услед асядлаў каня Скарлоцы. Трохі забавіўся Сліва, — нарэшце яму дапамаглі зрабіць тое ж самае трое лёкаяў.