Шрифт:
З мяне было досыць таго, што я здабыў. Праўда, дзеля поўнага “шчасьця” вынаходцы мне ўсё-такі трэба дазнацца ўсё пра таго мясьніка і яго сям’ю, пра іх лёс, што-небудзь аб працягу мясьніковай дзейнасьці яго “пераемнікаў”, а можа, і пра іхніх сёньняшніх нашчадкаў.
У Івянцы ў нас было паўгадзіны вольных. Усе разышліся па сваіх справах. Я пайшоў у кнігарню. Тут яна на другім паверсе “прамтаварнай крамы” райспажыўкааперацыі. Купіў некалькі патрэбных мне публікацыяў. Па-першае, альбом “Пластыка Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў”. Укладальнік Н. Ф. Высоцкая. Яго выдавецтва “Беларусь” выпусьціла з год таму. Але неяк здарылася так, што я дагэтуль яго не набыў. Альбом выкананы добра, надрукаваны на замежнай паліграфічнай базе, якую сарамліва савецкія “выдаўцы” у выходных зьвестках не паказалі. Гэта ж таксама своеасаблівае пірацтва, як тое, што практыкавалася да 23 мая 1973 году – да падпісаньня Савецкім Саюзам Жэнеўскай канвенцыі па аўтарскіх правах.
Па-другое, узяў адзін з апошніх тамоў БНТ – “Жарты, анекдоты, гумарэскі”. Добра, што выдалі такое, але вельмі вузкая геаграфія ахопу – недзе каля 50 раёнаў!
Апрача гэтага, купіў твор Чарльза Дыкенса “Таямніца Эдвіна Друда”. Купіў абы купіць: папера вельмі дрэнная, шрыфт дробненькі, нават не 9-ты кегль, так званы прамежкавы, а 8-ы, петыт(!). Тыраж гэтага антывыданьня 300 000 экземпляраў!
Убачыў там добры набор з 24-х “паштовак”: “Беларускі сцэнічны касцюм”. Нехта А. Бялова назвала сябе аўтарам. Вядома, гэта можна прыняць толькі ўмоўна, калі наогул можна пагаджацца з гэтым.
Прыцягнуў, вядома, ілюстраваную чорна-белую брашуру пра гэты музей. Няхай будзе, як экспанат у маім “музеі” дзівосаў.
Пасьля абеду, я зьбіраўся на прагулку якраз, у палату весела укаціліся неяк вельмі сімпатычныя мне хлопцы Толя Кудравец, Алесь Жук, Жэня Прыгодзіч. Прыемная была гамонка – дзе трэба спачуваньне ці нешта накшталт таго, дзе трэба жарт, анекдот.
Хлопцы зьбіраліся спакусіць мяне на адзін “зігзаг” у маім рэжыме. “Зігзагу” не было, быў намёк. Правёўшы іх на шашу, я пайшоў на вячэрні замер ціску. Вынік: 120х80. Такога здаецца даўно ў мяне не было. Трэба паведаміць гэтым хлопцам, каб часьцей прыязджалі са сваімі лячэбнымі жартамі.
7 мая 1985 г. Ідэальна выконваю рэкамендацыі ўрача наконт хады. Сёньня ён мне ўжо давёў яе да двух кіламетраў два разы ў дзень у рытме 90 крокаў у хвіліну. “Пішчалку” ня браў. Устанавіў сабе гэты рытм з дапамогаю свайго гадзіньніка. Адчуваю сябе нармальна.
Заадно пахадзіў па “лесапарку”, што перад фасадам санітарных корпусаў. Лес жыве ўжо сваім вясеньнім жыцьцём: поўна птушак, зазелянеў “ніз”. Кветак поўна, белыя, блакітныя і жоўтыя. Белыя вытыркаюцца з дробных лісьцікаў – вакол адной кветкі пры складаных “комплексных” лісточках. Кожны з іх складаецца з трох рознафігурных лісточкаў – з двух падвойных, лісточкам меншанькім і большанькім і з аднаго цэнтральнага “трызубца”. Аддалена цэлы лісток нагадвае кляновы, праўда, вельмі аддалена.
У “сініх” якія-небудзь лісточкі знайсьці цяжкавата. Часта можна памылкова прыняць любыя, што растуць вакол іх. Справа ў тым, што яны быццам бы непасрэдна прарастаюць з зямлі. Прынамсі, так на першы погляд здаецца. Але ж яны маюць свае лісты – гэта адзінкава растучыя, не групуючыся ў галінкі ці кусты, грубаватыя, амаль мясістыя, велікаватыя цёмна-зялёныя лісты.
І белыя, і сінія кветкі маюць часта па 8 пялёсткаў, часам па 6 (чаго баяцца ўсе савецкія «інтэрнацыяналісты”). Гэтыя кветкі лічаць падсьнежнікамі ці пралескамі. Я думаю, што ня варта “прыніжаць” сапраўдныя падсьнежнікі. Які і дзе цяпер у нас сьнег?
Бліжэй да пралесак стаіць сон-трава – велікаватыя сьветла-ружова-блакітнаватыя шасьціпялёсткавыя кветкі. Яны занесеныя ўжо ў нас у “Чырвоную кнігу”. Мне яны сёньня ня трапіліся, а ў адной сястры нашага аддзяленьня стаіць цудоўны букет іх – “з вёскі, кажа, прынесьлі мне”.
Жоўтыя, гэта, кажуць, “маці-мачыха”. Іх лёгка можна зблытаць з дзьмухаўцамі. Поўна і гэтых. Яшчэ пакуль цьвітуць.
У той самай сятры, побач з сон-травой стаіць добры букет іншых кветак, якіх я раней ня бачыў – нейкія цікавыя фіялетавымі гронкамі і іншыя.
Багацейшы ў параўнаньні з кветкамі травяны покрыў. Траў і розных дробных зялёных расьлінак, “адзінкавых лісьцікаў” – безьліч. Ды якіх толькі формаў тут ня знойдзецца – і а-ля морква ці маркоўнік, і а-ля папараць, як і сама папараць буяе, і дубавідная, і клёнавідная…
Аднак хопіць пра гэта. Ёсьць справы значна важнейшыя. Вечарам пазваніў Мікола Шэляговіч. Расказаў пра абмеркаваньне яго вершаў на бюро секцыі паэзіі Саюзу пісьменьнікаў. Там назьбіралася сёньня 6 пытаньняў. Міколава пусьцілі апошнім. Прытым пусьцілі ня проста, а з Барадулінскімі выкрунтасамі.
Барадулін заявіў:
– Тут Шэляговіч назьбіраў людзей, хоць мы яго пытаньне і ня ставілі на абмеркаваньне.
– Як ня ставілі? – пытае Мікола. – Мяне папярэдзіў загадзя Яўген Васільевіч Міклашэўскі, каб я быў гатовы і даручыў мне запрасіць усіх, хто тут і прысутнічае.
Барадулін разгубіўся, ня ведаючы, што рабіць, непрыязна паглядзеў на Яўгена Міклашэўскага і, зьвяртаючыся да Міколы, сказаў:
– Ну, тады чытай свае вершы.
Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што бюро секцыі ня выставіла сваіх дакладчыкаў, хоць у адпаведнасьці з даручэньнем Максіма Танка павінны былі падрыхтаваць грунтоўны разбор пададзеных вершаў.