Шрифт:
Прыйшоў у сваю палату. Яна на другім паверсе. Мой сусед пенсіянер нараджэньня 1926 году – Яўгеній Сяргеевіч Пераверзеў, служыў, як кажа, у пракуратуры, якая яго і зрабіла так рана інвалідам. Перанёс некалькі інфарктаў, да таго ж яшчэ мае кілаграмаў 30 лішняе вагі. Аднак цікава: маім суседам па палаце 406 у бальніцы таксама быў пракурор у адстаўцы, не стары, гадоў 60, а не працуе ўжо каля 10 гадоў – меў інфаркты і г. д. Сустрэўся з урачом. Свайго ўражаньня пра яго не памяняў, нават наадварот.
У першы ж дзень сустрэў тут аднаго з суаўтараў майго інфаркту – Марыну Канстанцінаўну Высоцкую. Сустрэча была халоднаю. Яна нешта зьбіралася спытаць пра здароўе, паспачуваць, але я не ўцягнуўся ў яе войканьні. Яна тут без інфаркту (дый ня дай Бог ёй гэтага: яна яшчэ маладая, мае сям’ю і ў прынцыпе з ёю можна было б працаваць, каб на яе ня ціснулі цыркуляры і “адданае” справе начальства.
1 мая 1985 г. Па радыё ледзь-ледзь прабіваецца ў мой пакой “першамай”. У душу не пранікнуў. Тут сітуацыя ранейшая, дзякаваць Богу. Разам з інфарктам не прышчапілі “першамайства”.
З дому перадаюць, што ўсе гэтыя дні багата тэлефонных званкоў, у асноўным ад пісьменьнікаў, цікавяцца здароўем, некаторыя – дакладным адрасам: В. Быкаў, А. Адамовіч, Л. Салавей, М. Мушынскі (сьпецыяльна прышоў да Галі, каб перадаць прывітаньне: “Такіх людзей усе мы павінны аберагаць, клапаціцца пра іх. Гэта сапраўдны дзеяч культуры. Толькі з-за такіх і разьвіваецца культура”.) Таксама В. Каваленка, А. Сабалеўскі, Я. Сіпакоў і інш.
Учора дзень прайшоў без асаблівасьцяў... Ніякіх зігзагаў у лячэньні і паводзінах не было. Хіба што ад тэлеэкрану і газетаў, якіх я праглядзеў, на жаль, забагата, і адразу абурыўся неаб’ектыўнасьцю ў адносінах да саюзьнікаў па вайне (у асноўным жа ўсё запоўніла вайна).
3мая 1985 г.
Witaj majowa juіrzenko,
W naszej polskiej swiec krainie.
My uczcimy cie piosenka.
Ktora nigdy nie zaginie:
Witaj Mai, 3-ci Maj,
Dla Polakow blogi raj!
Вось, што я нават памятаю пра Трэцяе мая! “Пёсэнка! – заслугоўвае крытыкі з боку беларусаў. Але ж тая дата, тая падзея, якой яна прысьвечана, – ні ў якім разе: яна ж залатымі літарамі на векі вечныя ўпісаная на самую сьветлую старонку гісторыі Чалавецтва. Беларусы, як і палякі, глыбока шануюць тую Вялікую Падзею і шчыра смуткуюць, што ёй, на жаль, не наканавана было стаць julrzenka.
Божа мілы! Колькі і беларусы разам з палякамі страцілі ад гвалтоўнай сьмерці той julrzenkі! Калі мы нагонім страчанае?!
У сваім post-інфарктным стане я, аднак, настроены даволі ваяўніча. І я цешуся гэтаму: значыць не зламалі, значыць, гартуюся ў баях. А гэта ўжо баі! Жудасныя баі! Я вытрымаў іх, Радзіма-маці! Абяцаю табе не выпускаць ініцыятывы са сваіх рук, пакуль…
А, можа, мая “ваяўнічасьць” – гэта рэакцыя на тую ваяўнічасьць, якою запоўнены ўсе гэтыя дні эфір, друк?..
4 мая 1985 г. Учора ўсе насельнікі санаторыя былі прадастаўлены самі сабе, за невялікім выключэньнем: працавала сталоўка, як звычайна, можа, яшчэ якая драбяза. Затое вечарам – нейкі прапагандысцкі Даўжэнкаўскі фільм і танцы. Надвор’е кепскае, у лесапарк ня пойдзеш, дождж (туляйся з кутка ў куток у палаце). Крыху чытаў, знаёміўся з тэмпланам свайго выдавецтва на 1986 год. А гэта занятак, калі з толкам рабіць, – не на адзін дзень.
Сёньня...
Мабыць, я хацеў сказаць, што сёньня ў санаторыі звычайны “рабочы” дзень. Даводзіцца бегаць (калі можна так сказаць пра тэмп маёй паскоранай хады) на ўсе працэдуры і “аздараўляльныя” мерапрыемствы. Апрача таго, што ў мяне было, з сёньняшняга дня пачаў хадзіць на масаж, накіравалі на электракардыяграму, можа, і яшчэ што якое, але ня ў гэтым справа..
Тое “Сёньня…” я пакінуў нерасшыфраваным таму, што адначасова з яго нанясеньнем на паперу ў палату зайшлі: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Васіль Вільтоўскі. Апошні, жартуючы, уручыў мне ладны пук невядомай мне дагэтуль расьліны чарамшы:
– Гэта чарамша. Ёю і закусваць можна моцныя напіткі і спажываць у выглядзе салаты, можна з алеем, са сьмятанаю, а то і проста з сольлю. Пакаштуйце, калі ласка.
Я адкусіў вострую “дзюбку” ад прыгожага сваёй незамыславатасьцю ліста, вельмі падобнага на ландышавы, павольна пажаваў і выразна адчуў пах, вастрыню і смак часныку, праўдзівей, яго зялёнай наземнай часткі. Ня ведаючы, што я з гэтай “гароднінаю” буду рабіць, я прыняў яе з Васілёвых рук і паклаў, ня гледзячы, на падаконьнік. Паміж мною і гасьцямі з першай секунды іх зьяўленьня пачалася ажыўленая размова пра ўсе тыя справы, што прывялі мяне сюды.
Васіль Антонавіч хутка разьвітаўся і сказаў, што пойдзе паглядзіць на гаспадарку гэтай “гаспадаркі”. Мы ўтрох засталіся. Паміж намі была поўная згода ў ацэнцы сітуацыі.
Інфаркт міякарда, нанесены Дубянецкаму, гэта не лакальная справа, што замыкаецца на ім жа. Гэта інфаркт атрымала беларуская літаратура. “Строгае” папярэджаньне, адрасаванае ў афіцыйных грозных дакументах М. Дубянецкаму, гэта перш за ўсё папярэджаньне, адрасаванае ўсёй літаратуры. Тыя “грахі”, што інкрымінуюцца кіраўнікам выдавецтва, не яны ж іх самі зрабілі. Яны проста да аўтараў ставіліся самі паблажліва, і з рэдактараў не спускалі шкуру, калі тыя нешта “прапускалі”.