Вход/Регистрация
Нераток
вернуться

Неизвестно

Шрифт:

Ішоў час, мяняліся князі, каралі, цары, генсекі, прэзідэнты, аб’яўляючы Закуццю сваю ўладу над ім. А Закуцце не мянялася. Ну не так, каб ужо зусім. Раз’язджаліся па гарадах і менш глухіх вёсках дзеці, а потым прывозілі на канікулы ўнукаў. Адукаваныя, трэба сказаць, і прывозіць стараліся як мага радзей: балотнае паветра не шкодзіла толькі карэнным жыхарам. А ва ўнуках закуцянская кроў часцей за ўсё была перамяшана з іншаю крывёю, таму яны не заўсёды мелі імунітэт. Быў у вёсцы і свой бізнесмен: Галька, Фядотава дачка, прыватная прадпрымальніца, прывозіла ўсякага-усялякага ад дзежынскіх аптавікоў - іголкі, тканіны, крупы, цукар... А потым калупалася, як усе, на агародзе, хадзіла ў журавіны і гандлявала патроху. І не тое, каб дзеля прыбытку вялікага, а па традыцыі - дзед некалі лабаз у Рудні меў. Былі ў Галькі і цукеркі, і кансервы, і жуйкі, і казённае віно, і цыгарэты. Старыя збольшага самі тытунь вырошчвалі і ў самакруткі круцілі. А мужчыны сярэдняга ўзросту, якія па свеце пабадзяліся, ды так нідзе і не прыжыліся, а да таго ж паспіваліся, - тыя аддавалі перавагу смярдзючай “прыміне”. Жыў у Закуцці і брыгадзір Саша. Адгрукаў сабе цагляны дом - цэглу давялося з Рудні на трактары цягнуць, сцежкі на падворку асфальтам закатаў. Жонку з Дзежына ўзяў. Жонка, аднак, доўга не вытрымала, збегла з дачкой. А Саша мужчынскі гонар не страціў - услед не рвануўся. І з жаночым полам пытанне вырашыў: заляцаўся да Галькі, мужык якой пятнаццаць гадоў па новабудоўлях валэндаўся. А было, што і яна Сашу наведае - быццам бы па справе нейкай. Загамоняцца і начуюць разам.

У гэтую вёсачку і дабіраўся сталічны карэспандэнт Кірыл Градоўскі - “залатое пяро” газеты “Сенсацыя і будзённасць”. Суправаджаў яго рудзенскі беспрацоўны валацуга Мішка, які прапанаваў свае паслугі непасрэдна на аўтавакзале і авансам адразу ж раскруціў карэспандэнта на пляшку піва. Ішоў Градоўскі па заснежанай дарозе, стараючыся трапляць у касалапыя і пятлістыя сляды Мішкі, закрываўся каўняром дублёнкі ад пранізлівага сіверу.

Праваднік стрэльнуў ужо трэцюю цыгарэту, пагардліва адарваў зубамі і адплюнуў фільтр. Цяпер ён пыхкаў і з непрытоенай фанабэрыстасцю расказваў Кірылу, як абламалі дзежынскую мянтуру закуцянскія самагоншчыкі.

– І што цікава, гоняць усе, а прадае толькі цётка Соня. Часам на казе крывой не падруліш - і грошай тваіх не трэба... А Паўлючыха твая - вядзьмарка, вось табе святы крыж! Каб я на гэтым месцы стаў!

Мішка перахрысціўся, як чэсць аддаў, і павярнуўся да карэспандэнта, правяраючы рэакцыю на свае словы.

– Бывае, нарасказваеш усялякай трасцы, то пакуль дабяруцца

– са страху вылечваюцца. А сам чаго ідзеш?
– на выгляд здаровы, здаецца. Ці пашукаць каго па фотакартцы хочаш? Толькі не спрабуй круціць ці брахаць перад гэтай каргой - ні з чым вернешся, хоць і слабая яна ўжо. А дабярэшся назад ці не - невядома. Гэта як яна сама захоча.

– Карэспандэнт я. Газета “Сенсацыя і будзённасць”. Можа, чуў?

– Газет не чытаем, - з годнасцю адказаў Мішка. І паблажліва растлумачыў: - На лухту грошы марнаваць... Вы там у сябе атрымаеце па пяць вышэйшых адукацый і прыдумляеце, чым заняцца і як людзям галаву тлуміць. А людзям трэба толькі тое, што заўсёды патрэбным было і будзе: апрануцца цёпла, пад’есці смачна, выпіць, цыгарку высмаліць, ну і з бабамі... Згодзен?

Мішка зноў павярнуўся.

– Тытунь увогуле ў Еўропе пазней за друкаванае слова з’явіўся,

– спакойна ўдакладніў Кірыл.

– У Еўропе, у ж.е, - выказаў веданне асноў паэзіі Мішка.
– Тут табе не Еўропа. Мы самі па сабе. Дай яшчэ цыгарэтку, нейкія слабыя яны ў цябе, цывільныя...

Карэспандэнт працягнуў пачак.

– Далёка яшчэ?

– Дойдзем!
– упэўнена адказаў Мішка і хрыплавата рагатнуў: - Са мной не прападзеш... Але гора цяпнеш!

З лесу выйшлі прыцемкамі. Канец вёскі быў ужо відзён, але Паўлючыха жыла ў другім канцы. Пакуль праходзілі па вёсцы, Мішка- праваднік несупынна здароўкаўся з мясцовымі, да некаторых лез абдымацца. Ён і сам нарадзіўся ў Закуцці, пасля арміі пераехаў у Рудню і ўладкаваўся на металабазу. Звольніўся за п’янку - і пачаў бічаваць, дзе лілося, і бамжаваць, адкуль не гналі. А правадніцтва лічыў сваёй работай. Ведаў, што з гэтага не разбагацееш, але жыць будзеш: калі-нікалі і пад’ясі, і вып’еш, і тыіуню нюхнеш.

У хату і нават на падворак Мішка заходзіць не рызыкнуў. Відаць, баяўся па старой звычцы. Т аму і гаварыў паўшэптам:

– Я яшчэ ў кароткіх штоніках бегаў, а яна ўжо старой была. Так можа зірнуць, што ляснешся на месцы! І не глядзіць, а ўсё ведае: што зрабіў і што надумаў. П’яніц страшэнна не любіць! Сакалішын мужык неяк каля яе плота замерз. Вось тут прама, - Мішка тыцнуў пальцам.
– Прыкавала, далей не пусціла! І свайго мужыка, Паўлюка, атруціла, кажуць. Запіваў ён пасля фронту. А нап’ецца - сядзіць і сам сабе плача. Рахманы быў... Толькі адзіны разок на яе нешта гыркнуў. Каб баба месца сваё ведала, ці што. Вось яна яго і атруціла. Праз чортавы вароты не ідзі - не пашанцуе.

Падгнілыя дэшкі франтона цяжарам замеценай снегам чарацяной страхі ўжо зламалі праржавелыя цвікі - і аконны праём гарышча перакасіўся да зігзагападобнага паралелаграма.

Градоўскі адкалупнуў заледзянелую анучу, што была накінута на шэры кол веснічак і шулку, і накіраваўся па хрусткім некранутым снезе да нізенькіх дзвярэй. На ўсялякі выпадак далікатна пастукаўся і ўвайшоў у цёмныя халодныя сенцы. З сумежнага з сенцамі хлява пачулася ўстрывожанае кудахтанне. Сослепу Кірыл наскочыў на вядро, якое з бразгатам перакацілася па нахіленай падлозе ў куток.

Сцягнуў пальчатку і пашнарыў па дзвярах, шукаючы клямку. Знайшоў, зноўку пастукаўся, пераступіў цераз высокі, ледзь не па калена, парог і, прыгнуўшыся, увайшоў.

У хаце было ціха і выстуджана. Толькі выразнае гадзіннікавае “цік-так” парушала цішыню. У змроку бялелі вокны ды аднекуль з кутка паблісквалі зялёныя кашэчыя вочы. Кірыл ужо намерыўся гучна і паважліва вымавіць: “Добрага здароўя, Марфа Цімафееўна!”, як з цемры пачуўся скрыпучы ўладарны голас:

– Святло запалі, унучак. Выключальнік побач з дзвярыма.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: