Вход/Регистрация
Нераток
вернуться

Неизвестно

Шрифт:

Градоўскі кіпяціў у “цугунку’ гарбату з траў, калі Цімафееўна запатрабавала ўвагі да сябе:

– І не затым ты сюды ехаў, каб трызненне маё слухаць. А колькі табе трэба - даць не магу, болей атрымліваецца. І машынка твая ўжо не працуе. Таму слухай, а што не захавае памяць твая, тое і не варта, каб помніць...

“Бач ты, і дыктафон заўважыла...”

– Не трэба думаць пра гэта... З мітусні ўзнік, у мітусню вернешся. А са мною чалавекам пабудзь. Смалі сваю папяросу, калі ўжо карціць. Мне дым тытунёвы не шкодзіць. Дым - агню след, каваля Жыжаля работа.

Раптам думкі Паўлючыхі зноў некуды адхіліліся, і пайшоў аповед пра нейкую прапрамаці:

– За нішто яе знішчылі... Усёй вёсцы дапамагала, нават птушак лясных умела слухаць. Я дык толькі свойскую жывёліну - парася, кароўку, сабачку... І зняславілі перад смерцю. Нельга, кажуць, каб вера ваша была - цяпер іншая вера. А як жа “іншая”, калі “вера”?! Як можна не верыць у тое, што існуе? Вы ўжо каторы раз і цэрквы перабудоўваеце, і абразы перавешваеце, а сонейка як грэла, так і грэць будзе, месік як свяціў, так і свяціць будзе, вятрыска як дзьмуў - то і да скону вякоў, агонь як гарэў, так і будзе - то там, то тут.

Нечакана старая захрыпела.

Кірыл кінуўся да яе, але Марфа Цімафееўна адмоўна варухнула

рукой:

– Сядзі. Нервеннае гэта ў мяне, супакоюся зараз.

І працягвала цішэй і спакайней:

– Ты, Кірыла Ягоравіч, зранку ў каморку зазірні, там за куфэркам на паліцы кніжка прыхавана. Усё ў ёй, што трэба, і знойдзеш. Потым сабе яе забяры, глядзі толькі, каб не бадзялася абы- дзе. А раптам самому непатрэбная стане, захоўвай, пакуль не перадасі таму, каму спатрэбіцца. А калі нікому не спатрэбіцца - аддасі таму, хто перад сконам да цябе з’явіцца. І не глядзі: стары- малады, дурны-разумны, свой-чужы, хворы-здаровы. Гэтай кнізе больш гадоў, чым роду чалавечаму. Т олькі літарамі напісалі яе пазней. І перажыве яна род чалавечы.

Т ам, у каморцы, і яечкі асеннія ляжаць, і мука, і здор, і мяса салёнае - на трызну па мне. Курэй рэжце - дзеля таго яны і жывуць. Чубатку не рэжце - няхай Сакаліха сабе возьме, усё роўна ў яе неслася. Толькі самагонкі няма. Дык выцягні з-пад куфэрка манетку - сабе пакінеш. Пойдзеш да Соні і купіш самагонкі - грошай тваіх хопіць. І казённага віна ў Галькі купі - маладыя любяць. Манетка па цяперашнім часе дарагая - і матацыкал набыць можна.

Паўлючыха прыціхла і застагнала.

– Што, бабуля? Чым дапамагчы? Што зрабіць?

Старая павольна прыўзняла левае павека, затым - правае.

– Марна ўсё, Кірылка. Смертухна мая, Нава, побач з ложкам стаіць, Лядашчык прывёў. Здаецца, пра дзяцей маіх спытаць хочаш? Ёсцека, як не быць, калі бабай урадзілася! Дачка на хімзаводзе на Берасцейшчыне, у капераціве жыве. Бачу, што пагуляць хацеў бы, выпіць, можа. Але няма ў мяне, не трымала ніколі

– толькі галаву Пераплут туманіць. Ты пасядзі ўжо са мной, каб не адной паміраць. Чаю папіў - лезь на печ. І не палохайся, калі нежывую мяне раніцай убачыш - жуда пасля скону майго настане. І няма ў тым маёй віны - злуюцца багі, калі ім веры няма.

– Бабуля, можа, я лепш у каморцы кнігу пашукаю? Пачытаў бы.

– Рабі, што кажу. Памру - пачытаеш. А цяпер не зможаш ты, не адолееш. Уключы радзіва, паслухай. Мне не перашкодзіць: балбоча - і хай сабе. А я за цябе слоўца скажу. Гірку на гадзінніку падцягні.

– Падцягнуў ужо .

– Вазьмі качаргу. Вугелле ў печцы параскідай.

Градоўскаму і насамрэч карцела збегчы з пахілай панурай хаты, прайсціся па вёсцы, пагутарыць з кім яшчэ. У прынцыпе ўсё, што тут можна было вывудзіць, - вывудзіў, а самае галоўнае - ён, здаецца, пранікнуў унутр, “адчуў атмасферу’. Загаловак кшталту “Апошняя споведзь вядзьмаркі” даваў раздольнае поле для фантазіі і дарыў надзею на вялікую колькасць чытачоў, якія на яго клюнуць. Нядрэнна было б ухапіць тое-оёе са знешніх дэталяў. Але была палова дзесятай: пазнавата для праменадаў, ранавата для сну. Да таго ж карэспандэнт не адважваўся не выканаць жаданне знахаркі. Тым больш на вуліцы сыпаў ліпкі снег.

Чамусьці адразу паверылася, што старая і сапраўды памрэ да таго, як ён выберацца з Закуцця.

Кірыл уключыў радыё. Бадзёры голас паведаміў пра паспяховую падрыхтоўку да вясенняй паводкі, пра запраграмаваны ўздым у прамысловасці і будаўніцтве. Калі пайшла статыстычная страляніна, якая не давала дакладнага ўяўлення пра працэс, а была разлічана на магію вялікай колькасці нулёў, у мэтах захавання “нервеннай” сістэмы “радзіва” давялося выключыць.

Градоўскі ўдакладніў час на ходзіках - падвёў вялікую стрэлку на мядзведзіцу. Выкурыў яшчэ адну “папяросу’, раскідаў качаргой “вугелле” ў печцы, перакрыў комін і пачаў уладкоўвацца на ноч.

Паўлючыха вяла аповеды пра сваё жыццё: то трывожна- пакутнае, то кіпуча-бадзёрае. Яе памяць лёгка, як кніжкі з паліцы, выцягвала падзеі ўласнага дзяцінства, учарашняга дня і ніколі не чытанай ёю далёкай гісторыі сваіх продкаў і сваёй зямлі. Паміж справай Кірыл даведаўся, што ў маладосці была Марфа Цімафееўна нейкі час у камбедзе, у вайну ў рудзенскай нямецкай камендатуры працавала прыбіральшчыцай, а на калгасныя палі хадзіла “хіба толькі ношку сена скрасці”. Бацька Паўлюка быў белагвардзейцам, а дачка - не ў яе пайшла, а невядома ў каго, і да грошай задужа ласая.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: