Шрифт:
Прыбыў нарэшце і прэфект гораду ў акружэнні вігілаў, а за ім бесперапыннай чарадою пачалі ўжо змяняцца лектыкі сенатараў і палатных, прэторыянскіх старшын, патрыцыяў і элеганцкіх дам. Некаторыя лектыкі папераджала ганаровая эскорта ліктораў, нясучых сякеры ў пучку розаг, а некаторыя — групы нявольнікаў. Мігацела на сонцы пазалота лектыкаў, белыя і рознакаляровыя сукні, перыны, завушніцы, каштоўнасці, сталь сякераў. З цырку даходзілі прывітальныя вокрыкі важных дастойнікаў. Час ад часу прымаршыроўвалі яшчэ невялікія аддзелы прэторыянаў.
Святары з розных святыняў прыбывалі крыху пазней, а за імі неслі святых дзявіц Весты, папераджаных лікторамі. Відовішча чакала толькі шчэ на цэзара, які, не хочучы змушаць народ да доўгага чакання ды прагнучы яго сабе паспешлівасцю здабыць, прыбыў незабаўна ў таварыстве аўгусты і аўгустыян.
Між аўгустыянамі прыбыў і Пятроні, маючы ў сваёй лектыцы й Вініція. Вініць ведаў, што Лігія хворая й беспрытомная, але ў апошніх днях доступ да вязніцы быў строга забаронены, ранейшую варту змянілі новаю, якой не дазволена было гутарыць нават з наглядчыкамі вязніцы, як і даваць найменшых вестак тым, хто пытаў пра вязняў, дык не быў пэўны, ці няма яе між ахвярамі, прызначанымі на першы дзень відовішча. Для львоў маглі выслаць і хворую, хоць бы й непрытомную. Але меліся быць абшытымі ў звярыныя скуры і высылацца цэлымі грамадамі на арэну, дзеля таго ніхто з глядзельнікаў не мог спраўдзіць колькасці ды распазнаць каго. Вартаўнікі і ўся служба амфітэатру была падкуплена, а з бестыярыямі была дамова, што схаваюць Лігію ў якімнебудзь цёмным кутку амфітэатру, а ноччу выдадуць яе Вініціеваму арандатару, які вывезе яе ў Альбанскія горы. Пятроні, дапушчаны да тайніцы, раіў Вініцію, каб адкрыта з ім ішоў у амфітэатр і пры ўваходзе лоўка адлучыўся падчас суталокі й праціснуўся ў падзямелле, дзе асабіста меў паказаць варце Лігію.
Вартаўнікі ўпусцілі яго малымі дзвярыма, кудою самі ўваходзілі. Адзін з іх, Сырус, воміг павёў яго да хрысціян. Ідучы, кажа ён: — Не ведаю, спадару, ці знойдзеш, каго шукаеш. Бо мы дапытваліся пра малодухну імем Лігія, і ніхто нам не даў адказу, але, можа, гэта дзеля таго, што нам не давяраюць.
— А многа ж іх ёсць? — пытае Вініць.
— Многія з іх, спадару, застануцца на заўтра.
— Ці ёсць між імі хворыя?
— Такіх, што не могуць стаяць на нагах, няма.
Гэта кажучы, Сырус адчыніў дзверы, і ўвайшлі як бы ў абшырную камору, нізкую й цёмную, бо святло ледзь прадзіралася праз закратаванае атворышча, выходзячае на арэну. Вініць спачатку не мог нічога дагледзець, чуў толькі шум і крыкі народу, даходзячыя з амфітэатру. Але хутка вочы ягоныя прызвычаіліся да цемры, і ўбачыў цэлыя грамады дзівосных істотаў, падобных да ваўкоў і мядзведзяў. Адны з іх стаялі, другія кленчылі й маліліся. Тут і там па доўгіх валасох, ападаючых на скуры, можна было згадаць, што ахвяра ёсць жанчынай. Маткі, падобныя да ваўчыцаў, насілі на руках таксама касмаццём абшытыя дзеці, але з-пад скураў выхіляліся ясныя абліччы, іскрыліся радасцю й гарачкаю вочы.
Было відавочным, што большую частку тых людзей апанавала адна думка, апрычоная й надземная, якая знячуліла іх на ўсё, што навокал іх магло дзеіцца, ды што магло спаткаць. Некаторыя з іх, запытаныя праз Вініція пра Лігію, глядзелі на яго, бы спрасоння, не адказваючы на допыт; іншыя ўсміхаліся да яго, кладучы на вуснах палец або паказваючы жалезныя краты, праз якія ўкрадаліся ясныя касулі святла. Толькі дзе-нідзе плакалі дзеці, перапалоханыя рыкам звяр’я, выццём сабак, вераскам народу ды падобным да звярат выглядам собскіх бацькоў. Вініць, праходзячы вобак Сыруса, заглядаў у твары, шукаў, распытваў, часамі спатыкаўся аб няшчасную поталач людскую і праціскаўся далей у цёмную глыбіню каморы, якая выдавалася так абшырнай, як сам амфітэатр.
Нараз затрымаўся, бо здалося яму, быццам чуе ля краты нейчы знаёмы голас. Прыслухаўшыся лепш, вярнуўся і, праціснуўшыся праз натаўп, падыйшоў бліжэй. Касулі святла падалі на голаў мовячага, і ў бляску іх Вініць пад скурай пазнаў кашчавае і суровае аблічча Крыспа.
— Кайцеся за грахі вашыя, — гаварыў Крысп, — бо збліжаецца вось вашая часіна. Каму здаецца, што самаю смерцю акупіць віны, той нанава грэшыць, і глыне таго вечны агонь. Кожным грахом вашым, якім у жыцці грашылі, аднаўлялі вы пакуту Хрыстовую, дык як жа смееце спадзявацца, каб гэтая, што вас чакае, магла акупіць тамтую? Аднолькаваю смерцю памруць сяння справядлівыя й грэшныя, але Госпад сваіх пазнае. Гора вам, бо клыкі львоў раздзяруць цела вашае, ды не раздзяруць віны вашае, ні вашага разрахунку з Богам! Бог аказаў даволі міласэрнасці, дазваляючы прыбіць сябе да крыжа, але ад гэных пор будзе толькі суддзёю, які аніводнае віны без кары не пакіне.
Дык тыя, што думалі пакутаю згладзіць грахі, блюзняць супраць справядлівасці Божае, і тым глыбейшая загуба вашая. Скончылася міласэрнасць, прыйшла пара гневу Божага. За хвіліну вось станеце перад страшным судом, перад якім і святы ледзь астоіцца. Кайцеся за грахі, бо процьма пякельная пад намі адчынена! Гора вам, мужы й жоны! Гора бацьком і дзецям!
І, выцягнуўшы кашчавыя рукі над пахілымі галавамі, трос імі, безбаязны, але няўмольны ў вобліку смерці, якая чакала незадоўга ўсіх тых небаракаў.
Пасля ягоных слоў азваліся галасы: «Каймася за грахі нашыя!», і — нямое маўчанне, сям-там чутно толькі паплакванне дзяцей ды гопанне кулакоў у грудзі. Вініцію замерла кроў у жылах. Ён, каторы ўсю надзею паклаў на міласэрнасць Хрыста, пачуў цяперака, што настаў дзень гневу, і што міласэрнасці Божае не выслужыць нат смерць за веру. Праз голаў, праўда, прабегла яму думка ясная й хуткая, бы маланка, што Апостал Пётр інакш бы адазваўся да гэных ідучых на смерць ахвяр, аднак сваім парадкам грозныя й поўныя фанатызму словы Крыспа ды гэная цёмная закратаваная камора, за якою відаць было поле пакутаў, а таксама блізкасць ахвяр, прыбраных ужо на смерць, перапоўнілі ягоную душу дрыготным жахам. Усё гэта разам выдавалася яму ў сто разоў страшнейшым і агіднейшым, чым найкрываўшыя бітвы, у якіх удзельнічаў. Затха і гарачыня пачалі яго душыць. Халодны пот выступаў на лбе. Спалохаўся, што абамлее, як тыя, аб якіх спатыкаўся, ідучы; а як падумаў шчэ, што хутка адчыняць краты, пачаў клікаць на ўвесь голас Лігіі і Урсуса, спадзеючыся, калі не яны, дык мо хоць знаёмы хто адгукнецца.
На кліч гэны нейкі чалавек, пераапрануты за мядзведзя, пацягнуў яго за тогу і адазваўся: — Яны засталіся ў вязніцы, спадару. Мяне вывелі апошняга, і я бачыў, што яна ляжыць хворая.
— А ты хто? — спытаў Вініць.
— Фосар, у хаце якога цябе Апостал ахрысціў, спадару. Узялі мяне перад трыма днямі, а сяння памру.
Вініцію дух адкаціўся. Уваходзячы сюды, хацеў знайсці Лігію, а цяпер гатовы быў дзякаваць Хрысту, што яе тут няма, і гатовы ў гэным бачыць знак Ягонай міласэрнасці. Прымеж таго, фосар пацягнуў яго за тогу яшчэ раз і сказаў: — Памятаеш, спадару, як я цябе завёў у Карнэліевую вінніцу, дзе ў павеці навучаў Апостал?