Шрифт:
Праўда, светачы рабіліся штораз выразнейшыя. Праз момант відаць было нат ужо й полымя. Нігер пачаў жагнацца й маліцца. Прымеж таго, пасумны карагод прысунуўся бліжэй і ўрэшце, зраўняўшыся з святыняй Лібітыны, затрымаўся. Пятроні, Вініць і Нігер прылеглі маўкліва да капца, не цямячы, што гэта абазначае. Але тамтыя спыніліся толькі дзеля таго, каб паабвязваць сабе твар і вусны ды забяспечыцца гэтак ад смуроду, які пры самых путыкулах быў невыносны, пасля паднялі ношы й пайшлі далей. Адна толькі труна затрымалася насупраць святынькі. Вініць прыскочыў да яе, а за ім Пятроні, Нігер і двух брытанскіх нявольнікаў з лектыкай. Але не паспелі дабегчы, як з цемры даляцеў да іх балючы голас Назара: — Спадару! Перанеслі яе разам з Урсусам у Эсквілінскую вязніцу… Мы нясем нябожчыка! А яе схапілі перад поўначай!
Пятроні, вярнуўшыся дамоў, быў захмураны, моў бура, і не спрабаваў нат пацяшаць Вініція. Бо разумеў, што пра выбаўленне Лігіі з Эсквілінскага падзямелля няма чаго й лятуцець. Здагадваўся, што праўдападобна дзеля таго перанеслі яе, каб не памерла ад эпідэміі, ды каб не размінулася з прызначаным ёй амфітэатрам. Але гэта якраз быў доказ, што пільнуюць яе больш рупна, чым іншых. Пятронію шкада было да глыбіні душы і яе, і Вініція, але апрача таго маркоціла яго і тая думка, што ўрэшце ў жыцці спаткала яго няўдача, што першы раз быў пераможаны ў барацьбе.
— Фартуна быццам кпіць з мяне, — гадаў сабе, — але багі памыляюцца, калі думаюць, што я згаджуся на такое, напрыклад, жыццё, як ягонае.
І ўставіў вочы ў Вініція, які таксама глядзеў на яго, вытрашчыўшыся.
— Што з табою? Ты маеш гарачку? — пытае Пятроні.
А той адказвае нейкім дзіўным, прыгнобленым і павольным, голасам, бы хворае дзіця: — А я веру, што Ён можа мне яе вярнуць.
Над горадам каналі апошнія раскаты грому.
LVIII
Трохдзённы дождж — выключная з’ява ў Рыме падчас лета, ды яшчэ часта перападаючы, насуперак прыроднаму парадку, не толькі днём і вечарам, але і ўначы, град… Усё гэта змусіла перарваць відовішчы.
Прадвяшчалі няўраджай на вінаград, а калі аднаго папаўдня пярун растапіў на Капітолі бронзавую статую Цэрэры, загадана ахвяры ў святыні Ёвіша Сальватора [81] . Святары Цэрэры распусцілі весткі, быццам гнеў багоў абрушыўся на горад з прычыны нядбайлівага выканання караў на хрысціян, дык натоўпы пачалі дамагацца, каб хутчэй выкарыстана пагоду ды прыспешана ігрышчы, і радасць агарнула ўвесь Рым, калі ўрэшце абвешчана, што пасля трохдзённае пярэрвы ludus зноў распачнецца.
81
Ёвіша (Юпітэра) Збаўцы (лац.).
Тым часам усталявалася і добрае надвор’е. Амфітэатр ад світу да ночы быў повен людзей, а цэзар прыбыў раз таксама раней з вясталкамі й дваранамі. Відовішча мела распачацца барацьбою хрысціян міжсобку, якіх пераапраналі за гладыятараў ды давалі ўсялякую зброю, ужываную фаховымі барацьбітамі да зачэпнага й абароннага бою. Але тут быў промах: хрысціяне пакідалі на пясок сеткі, вілы, дзіды й мячы, а замест бойкі пачалі ўзаемна абнімацца і заахвочвацца да ператрывання ўсіх пакутаў і смерці. Глыбокая абраза і абурэнне апанавала народ. Адны абвінавачвалі іх за маладушнасць і трусасць, другія цвердзілі, што быццам не хочуць біцца наўмысна праз нянавісць да народу ды дзеля таго, каб не даць яму задавальнення з свае мужнасці. Урэшце на загад цэзара выпусцілі на іх сапраўдных гладыятараў, якія кленчучых і безабаронных высеклі ўміг.
Пасля ачышчэння сцэны ад трупаў відовішча перайнакшылася з баявога крывавага ў міфалагічнае паводле помыслу самога цэзара. Паказвалі, напрыклад, Геркулеса ў жывым полымі на гары Эта. Вініць здрыгануўся ад страху, бо думаў, на Геркулеса мо прызначылі Урсуса, але, відаць, не прыйшла чарга яшчэ на вернага слугу Лігіі, бо на кастры згарэў нейкі іншы, незнаёмы Вініцію хрысціянін. Затое ў наступнай з’яве Хілон, якога цэзар не хацеў звольніць ад прысутнічання на прадстаўленні, угледзеў знаёмых сабе людзей. Прадстаўляна смерць Дэдала й Ікара [82] . У ролі Дэдала выступаў Эўрыцый, той самы стары, які ў сваім часе даў Хілону знак рыбы, а ў ролі Ікара — ягоны сын Квартус. Абодвух паднялі пры помачы адмысловае машынэрыі ўгару, а пасля раптоўна спусцілі з велізарнай вышыні на арэну, прычым малады Кварт упаў так блізка ля цэзаравага подыюма, што апырскаў крывёю не толькі вонкавую арнаментыку, але й засланае пурпураю поручча. Хілон не бачыў падзення, бо заплюшчыў вочы, чуў толькі глухі ўдар цела, а як угледзеў тут жа вобак сябе кроў, амаль не абамлеў другі раз. З’явы змяняліся хутка. Пакуты дзявіц, бессаромна зганьбаваных перад смерцю праз гладыятараў, паўбіраных за звяроў, разрадавалі глядзельнікаў. Выступалі святаркі Кібелы й Цэрэры, выступалі Данаіды, выступалі Дырцэ й Пасыфэ, выступалі ўрэшце недарослыя дзяўчаткі, разрываныя дзікімі коньмі. Народ абдараў воплескамі кожны помысел цэзара, які амбіцыёзна ганарыўся імі, не адрываючы цяперака ні на хвіліну шмарагду ад вока, радасна прыглядаўся беламу целу, разрыванаму жалезам, любаваўся канвульсійнаю смяротнаю сутаргай ахвяр. Пасля дзявіц выступіў Муцыюс Сцэвола, рука якога, прымацаваная да трыножніка з агнём, напаўняла смуродам спаленага мяса амфітэатр, які аднак, як сапраўдны Сцэвола, стаяў без енку, з вачыма, узнесенымі ўгару, шэпчучы счарнелымі вуснамі малітву. Дабілі яго і вывалаклі цела да сполярыюма. Наступіў абыдзенны пасляпалудзенны перапынак. Цэзар поспал з вясталкамі і аўгустыянамі аддаліўся ў прыладжаную для яго адмысловую шкарлатную палатку, дзе прыгатаваны быў для яго і гасцей ягоных смакавіты прандыюм. Натаўп па большай частцы пайшоў яго слядамі і, высыпаючыся навонкі ваміторыямі, раскладаўся маляўнічымі грамадкамі вобак палаткі, каб крыху выцягнуцца пасля даўгога седжання ды спажыць стравы, якія з ласкі цэзара разносілі нявольнікі. Толькі найцікаўнейшыя сыходзілі на самую арэну і, датыкаючыся пальцамі да ліпкага ад крыві пяску, жыва гутарылі, як знаўцы й смакуны, пра тое, што адбылося ды адбывацімецца. Але і яны хутка паразыходзіліся, каб не спазніцца на пачостку; засталося толькі некалькі чалавек, якіх затрымала тут не цікаўнасць, але спачуццё для наступных ахвяр.
82
Дэдал, які згодна з быліцамі здолеў заляцець з Цыпру на Сіцылію, у рымскіх амфітэатрах гінуў такою самаю смерцю, як Ікар (заўвага аўтара).
Тыя схаваліся ў праходах або ў ніжэйшых куткох. А тым часам зраўнавана арэну. Пачалі капаць на ёй ямы, адна пры другой, у рады праз усё круговішча ад берагу да берагу так, што апошні іхні рад падыходзіў на колькінаццаць крокаў ад цэзарскага подыюма. Звонку даносіўся гоман публікі, крыкі й воплескі, а тут кіпела гарачкавая падрыхтоўка да нейкіх новых пакутаў. Нараз адчыніліся кунікулы і з усіх атворышчаў, выходзячых на арэну, пачалі выганяць грамадкі хрысціян, нагіх і нясучых на плячох крыжы. Зараіўся імі ўвесь амфітэатр. Беглі старцы, сагнутыя пад цяжарам крыжавых бярвенняў, побач мужчыны сярэдняга веку, жанчыны з распушчанымі валасамі, пад якімі стараліся схаваць сваю нагату, недарослыя хлапчаняты ды малыя дзеці. Крыжы па большай частцы, як і ахвяры, увенчаныя былі кветкамі. Цырковая прыслуга, сцёбаючы небаракаў бізунамі, падганяла іх, каб настаўлялі крыжы ў гатовыя ямы ды самі станавіліся пры іх чарадою. Такім чынам меліся дакончыць тых, якіх першага дня ігрышчаў не паспелі выпхнуць на зжыранне дзікаму звяр’ю.
Цяпер хапалі іх чорныя нявольнікі і, кладучы ахвяры плячыма на дрэве, прыбівалі ім рукі да папярочак старанна й хутка, так, каб публіка, вярнуўшыся з пачосткі, застала ўсе крыжы стаячымі і ўкапанымі. Па ўсім амфітэатры разлягаўся гук малатоў, а рэха ягонае разыходзілася па ўсіх шэрагах і выходзіла аж навонкі, на пляц ды пад палатку цэзара, дзе ён частаваў вясталкі і аўгустыянскае таварыства. Там пілі віно, жартавалі з Хілона і нашэптвалі рознае балаўство святаркам Весты, а на арэне кіпела праца, кастылі занураліся ў цела рук і ног хрысціян, брынчэлі рыдлёўкі, закопваючыя крыжы.