Шрифт:
Ён яшчэ не мог вымавіць слова, а толькі песліва прыціскаў яе да грудзей.
Тады яна гавора далей: — Я не раз бачыла цябе праз вакно ў Туліянуме і ведала, што хочаш прыйсці. А цяпер Збаўца даў мне хвіліну прытомнасці, каб маглі мы развітацца. Я ўжо йду да Яго, Марк, але кахаю цябе і заўсёды кахаціму.
Вініць перамогся, здушыў у сабе боль і адазваўся паўголасам, стараючыся быць спакойным: — Не, дарагая, ты не памрэш. Апостал мне нагадаў верыць і абяцаў маліцца за цябе, а ён жа Хрыстуса ведаў, Хрыстус любіў яго, дык просьбы ягонай не ўдарэмніць… Каб ты мелася памерці, Пётр бы не казаў мне спадзявацца, а ён мне так гаварыў: «Май надзею!» Не, Лігійка! Хрыстус змілуецца нада мною… Ён не хоча твае смерці, Ён яе не дапусціць… Прысягаю табе на імя Збаўцы, што Пётр за цябе моліцца!
Цішыня. Апошні святлічок над дзвярыма патух, затое святло месяца лунала праз усё атворышча. У кутку насупраць запішчала дзіцятка ды заціхла.
Звонку толькі даходзіў гоман прэторыянаў, якія, адбыўшы чародную варту, гулялі пад сцяною ў scriptae duodecim.
— Ох, Маранька, — адазвалася Лігія. — Хрыстус сам маліўся Айцу: «Аддалі ад мяне гэны келіх горычы», адыж яе выпіў. Хрыстус сам памёр на крыжы, а цяперака гінуць за Яго тысячы, дык чаму ж мяне адну меў бы ашчадзіць? Хто ж я такая, Марк?
Я чула, як Пётр казаў не раз, што і ён будзе замучаны, што ж я значу перад ім? Як прыйшлі па мяне прэторыяне, я баялася смерці й пакуты, але цяпер ужо не баюся.
Глянь, якая страшная гэтая вязніца, а я йду да неба. Падумай, тут цэзар, а там добры й міласэрны Збаўца. Дый няма смерці. Ты мяне кахаеш, дык зразумей, якой я буду шчаслівай. О, Маранка дарагі, падумай, то ж і ты туды прыйдзеш да мяне.
І замоўкла, каб крыху адсапціся хворымі грудзьмі, пасля прылажыла да вуснаў ягоную руку: — Марк… — Чаго, любая?
— Не плач па мне і памятай, што ты туды прыйдзеш да мяне. Не доўга я жыла, але Бог даў мне тваю душу. Дык скажу Хрысту: хоць я памерла, хоць ты застаўся з жалем, аднак не блюзніў супраць волі Ягонай і любіш Яго заўсёды. А ты будзеш Яго любіць і перажывеш цярпліва маю смерць?.. Бо тагды Ён нас злучыць, а я кахаю цябе і хачу быць з табою… Тут не хапіла ёй духу, і ледзь дачувальным голасам дакончыла: — Прырачы мне гэта, Марк!..
Вініць абняў яе дрыжачымі рукамі і сказаў: — На тваю святую галованьку!.. Прыракаю!..
Тады ў бледным святле месяца распрамянілася ейнае аблічча. Яшчэ раз прылажыла да вуснаў ягоную руку й шапнула: — Я твая сужэнка!..
За сцяною прэторыяне, гуляючыя ў scriptae duodecim, паднялі гучную спрэчку, але яны забыліся пра вязніцу, пра варту, пра ўвесь свет і, адчуваючы ўзаемна ў сабе анёльскія душы, пачалі маліцца.
LXI
Праз тры дні, а дакладней, тры ночы нічога не муціла ім супакою.
Скончыўшы абыдна свае заняткі выносінаў мёртвых і цяжка хворых, калі зняможаная варта паклалася спаць на калідорах, Вініць уваходзіў у падзямелле, дзе была Лігія, і сядзеў там, аж пакуль не пачынаў заглядаць праз ваконныя краты золак. Яна галубілася галованькай да грудзей ягоных, і гутарылі ціхенька пра каханне ды пра смерць. Абое мімахоць у думках і гутарках, нат у жаданнях і надзеях, штораз болей аддаляліся ад жыцця і гублялі адчуванне яго. Абое выглядалі на людзей, якія, адплыўшы ад берагу, не бачаць ужо яго і паволі занураюцца ў бясконцасць. Абое паступова перайнакшваліся ў духаў сумных, раскаханых у сабе саміх ды ў Хрыстусе, гатовых адляцець. Часам толькі ў ягоным сэрцы зрываўся шчэ боль, часамі бліснула, моў маланка, надзея, зроджаная каханнем і верай у міласэрнасць Укрыжаванага Бога, але і ён штодзень адрываўся ад зямлі й паддаваўся смерці. Калі раненька выходзіў з вязніцы, глядзеў ужо на свет, на горад, на знаёмых ды жыццёвыя турботы, бы праз сон. Усё выдавалася яму ачужэлым, далёкім, пустым і нікчэмным. Перастала яго праймаць жахам нат і пагроза пакутаў, бо меў пачуццё, што іх можна перацярпець як бы ў задуме, з вачыма, скіраванымі ў нешта іншае. Абаім здавалася, што пачынае ўжо імі завалодваць вечнасць. Гутарылі пра каханне, пра тое, як кахацімуцца ды разам будуць жыць на тым свеце, і калі часамі думка іхняя звярталася шчэ да зямлі, дык толькі як людзей, што рыхтуюцца ў далёкае падарожжа. Ахінула іх такая цішыня, якая атуляе дзве пустынныя калюмны, забытыя людзьмі. Расходзілася ім ужо толькі пра тое, каб Хрыстус іх не разлучаў; а калі кожная хвіліна ўмацоўвала ў іх тую пэўнасць, раскахаліся ў Ім, як сваім злучыцелю, як у несканчальным шчасці й супакоі. Былі яшчэ на зямлі, а ўжо ападаў з іх пыл зямны. Іхнія душы сталіся чыстымі, бы слязінкі. Пад пагрозай смерці, сярод бяздолля і цярпення, на вязнічным бярлагу пачалося для іх неба, бо яна брала яго за руку і вяла, як святая, да вечнае крыніцы жыцця.
А Пятроні з’умяваўся, бачачы ў абліччы Вініція штораз большы супакой ды нейкі дзіўны бляск, якіх не бачыў даўней. Іншы раз радзілася ў ягонай думцы здагадка, што Вініць няйначай знайшоў нейкую дарогу ратунку, і рабілася яму прыкра, чаму з гэтым перад ім тоіцца. Урэшце, не могучы вытрымаць, зачапляе яго: — Цяпер ты выглядаеш нейк інакш, не таіся перада мною, хачу і магчыму табе дапамагчы: ці ўпланаваў што?
— Упланаваў, — адказвае Вініць, — але ты не магчымеш ужо мне быць помачным. Па ейнай смерці прызнаюся, што я хрысціянін, і пайду за ёю.
— Дык не маеш надзеі?
— Чаму не? Маю. Хрыстус мне аддасць яе, і не расстануся ўжо з ёю ніколі.
Пятроні пачаў хадзіць па атрыюме з мінай зняверанай ды нецярплівай, у канцы кажа: — На гэта не трэба вашага Хрыстуса, бо тую самую паслугу можа табе даць наш Танатос [85] .
А Вініць, сумна ўсміхнуўшыся, гавора: — Не, дарагі, але не хочаш зразумець.
— Не хачу ды не магу, — адказвае Пятроні. — Не пара цяпер на разважанні, але ці памятаеш, што ты казаў, як нам не ўдалося вырваць яе з Туліянума? Я развітаўся з усялякай надзеяй, а ты сказаў, як прыйшлі мы дамоў: «А я веру, што Хрыстус можа мне яе вярнуць». Дык няхай жа табе яе верне. Калі я кіну каштоўную чару ў мора, не патрапіць мне аддаць яе ніхто з нашых багоў, але калі і ваш не лепшы, дык не ведаю, за што Яму маю аддаваць пашану большую, чым даўным.
85
Геній смерці (заўвага аўтара).
— Дык ён мне яе й аддасць, — адказвае Вініць.
Пятроні паціснуў плячыма.
— Ці ведаеш, — пытае, — што хрысціянамі асвячацімуцца ўзаўтра цэзаравы агароды?
— Узаўтра? — наставіўся Вініць.
У абліччы дзікае страшэннае рэчаіснасці, сэрца, аднак заскакала ў ім балюча, жахліва. Падумаў, гэта мо ўжо апошняя ноч, якую магчыме правесці з Лігіяй, дык, развітаўшыся з Пятроніем, пайшоў борзда да загадчыка путыкулаў па сваю тэсару. Але тут спаткала яго няўдача, бо загадчык не хацеў яму даць пропуску.