Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Але між ахвярамі, чакаючымі на сваю чаргу, быў Крысп.

Львы не мелі часу яго задраць, дык прызначылі яму крыж, а ён, заўсёды гатовы на смерць, радаваўся ў думках, што прыбліжаецца ягоная часіна.

Выглядаў сяння інакш, бо высахшае цела ягонае было зусім голае, толькі перапаска з бярвенцу акрывала яму клубы, а на галаве меў ружовы вянок.

Уваччу, як заўсёды, іскрылася тая ж самая непераможная энергія, ды тое самае суровае аблічча выглядала з-пад вянка. Не змянілася таксама і ягонае сэрца, бо як калісь з кубікулюма пагражаў гневам Божым паабшываным у скуры субратом, так і сяння граміў іх, замест пацяшаць.

— Дзякуйце Збаўцу, — мовіў, — што дазваляе вам паміраць такою смерцю, як Сам памёр. Можа, частка віны вашае будзе вам за гэта адпушчана, а ўсё ж такі дрыжэце, бо справядлівасць свайго вымагае, і не можа быць аднолькавае адплаты для злых і добрых.

А словам ягоным акампаніяваў водгалас малатоў, якімі прыбівалі рукі й ногі бедных ахвяр. Штораз больш крыжоў станавілася на арэне, а ён, звяртаючыся да грамадкі тых, што стаялі шчэ кожны пад сваім крыжам, мовіў далей: — Бачу адкрытае неба, але бачу й адкрытую адхлань… Я і сам не ведаю, як здам справаздачу Госпаду з майго жыцця, хоць верыў моцна ды ненавідзеў зла, і не смерці баюся, але ўваскрэсення, не пакуты, але суду, бо настае дзень гневу… Нараз з найбліжэйшых лавак адзываецца нейкі голас, спакойны і паважна-радасны: — Не дзень гневу, але дзень міласэрнасці, дзень і шчаслівасці, бо заручаю вам: Хрыстус прыгорне вас, пацешыць і пасадзіць праваруч Сябе. Узмацняйце надзею, бо вось адкрываецца неба над вамі.

Вочы ўсіх пабеглі да лавак; нат тыя, што ўжо віселі на крыжох, паднялі блядыя, збялелыя галовы і паглядзелі ў бок мовячага мужа. А ён падыйшоў аж да бар’еры, акружаючае арэну, і пачаў іх жагнаць знакам крыжа. Крысп выцягнуў да яго руку, казаў бы для прыгрозы, але, убачыўшы ягонае аблічча, апусціў руку, упаў на калені і вышаптаў: — Апостал Павал!..

На дзіва ўсім цырковым прыслужнікам, пакленчылі ўсе, каторых не паспелі дагэтуль прыбіць да крыжа, а Павал з Тарсу звярнуўся да Крыспа й кажа: — Крысп, не пагражай ім, бо сяння яшчэ будуць з табою ў раі. Ты думаеш пра іхнюю вечную згубу. Ды хто ж іх асудзіць на загубу? Няўжо Бог, які аддаў за іх Сына свайго? Няўжо Хрыстус, які памёр дзеля іхняга збаўлення, як і яны паміраюць дзеля Ягонага імені? Як жа можа загубіць навекі той, што мілуе? Хто возьмецца абвінавачваць выбраных Божых? Хто назаве гэную кроў: праклятая?!

— Настаўніку, я ненавіджу зла, — прабачаецца стары духоўнік.

— Хрыстус загадаў больш любіць людзей, чым ненавідзець зла, бо ягоная навука ёсць любоўю, не нянавісцю… — Зграшыў я перад смерцю, — каецца Крысп.

І пачаў біцца ў грудзі. Тады падыходзіць да Апостала загадчык лавак і пытае: — Ты хто такі, што асмельваешся пацяшаць вінаватых?

— Рымскі грамадзянін, — адказвае спакойна Павал.

І, звярнуўшыся да Крыспа, сказаў: — Май надзею, бо гэта дзень ласкі, ды памірай спакойна, слуга Божы.

Два негры падыйшлі ў тым моманце да Крыспа, каб палажыць яго на дрэва, але ён паглядзеў раз яшчэ навокал і адазваўся: — Браты мае, малецеся за мяне, грэшнага!

І аблічча ягонае зрахманела, каменныя суровыя рысы абласкавелі, сталіся спакойнымі, сам расцягнуў рукі на папярочку крыжа, каб пахутчыць работу, і, гледзячы проста у неба, пачаў горача маліцца. Выглядаў як бы нячулы на боль, бо калі кастылі заглыбляліся ў ягоныя рукі, найменшы подрыг не з’явіўся на целе, найменшая зморшчынка болю; маліўся, як прабівалі яму ногі, маліўся, як паднялі крыж і абсыпалі яго зямлёю. Ажно калі натаўп з смехам і вераскам хлынуў у амфітэатр, бровы старца крышачку зморшчыліся, як бы гневаўся, нашто паганская ціжба парушае цішыню яму ды салодкую спакойную смерць.

Падрыхтоўка скончана. На арэне стаіць лес крыжоў з вісячымі на дрэвах людзьмі. Рукі й галовы ўкрыжаваных пакутнікаў песціла касулямі сонейка, а на арэну падалі грубыя цені ад крыжоў, малюючы, казаў бы, чорную паблытаную крату, сярод якое прасвечваўся жоўты пясок. Самым цымусам такога відовішча для тамтэйшае публікі было павольнае кананне.

Але дагэтуль ніколі шчэ не было на арэне такое гушчары крыжоў. Арэна была набіта імі так шчыльна, што служба ледзь магла між імі праціснуцца.

З берагу віселі пераважна жанчыны, а Крысп, як праваднік, вісеў тут жа пры цэзарскім подыюме, на вялізным крыжы, абвітым у сподзе зелянавеццем. Ніхто з ахвяр яшчэ не сканаў, але не прасіў літасці. Адны віселі з галовамі, апушчанымі на плячукі або на грудзі, як бы заварожаныя сном; другія — як бы ў задуме, а іншыя, гледзячы ў неба, ціха варушылі вуснамі. У гэнай гушчары крыжоў, у гэных параспінаных маўклівых ахвярах было, аднак, штосьці злавеснае. Насычаны і развяселены народ ішоў, разгамонены, у цырк, але замаўкаў адразу, гледзячы на арэну, бо не ведаў, на чым перш затрымаць вочы і што думаць. Нагата выпраставаных постацяў жанчын не ятрыла нічыіх похацяў. Не было нат звычайных закладаў на тое, хто, напрыклад, першы сканае, якія абыдна рабілі пры меншым ліку ахвяр. Выглядала, што і цэзар сам нудзіўся, бо, адкінуўшы голаў, ляніва папраўляў нашыйнік, соннасць і немарасць маляваліся на ягоным твары.

Нараз вісячы перад ім Крысп, які нядаўна меў заплюшчаныя, як бы абамлелыя або канаючыя вочы, адкрыў іх і пранізаў імі цэзара. Аблічча ягонае загарэлася зноў такою гразою, а вочы заіскрыліся такім агнём, што аўгустыяне пачалі шаптацца між сабою, а ў канцы і сам цэзар звярнуў на яго ўвагу, гамезліва прыкладаючы да вока шмарагд.

Настала мёртвая цішыня. Вочы глядзельнікаў былі ўстаўленыя ў Крыспа, які спрабаваў паварушыць праваю рукою, моў маніўся адарваць яе ад крыжа. Цераз момант напружыліся яму грудзі, рэбры выступілі наверх, і загрымеў на ўвесь амфітэатр: — Маткабойца!.. Гора табе!

Аўгустыянам, пачуўшым смяротную абразу валадара свету ў прысутнасці тысячнае грамады, заняло дыханне ў грудзёх. Хілон атрупеў.

Цэзар здрыгануўся і выпусціў з рук шмарагд.

Народ таксама не чуў сэрца й дыхання ў грудзях. Голас Крыспа разлягаўся штораз магутней па ўсім амфітэатры: — Гора табе, забойца жонкі й брата, гора табе, антыхрысце! Атхлань адчыняецца пад табою, смерць працягвае па цябе кастлявыя пазуры, і труна чорная цябе чакае! Гора табе, жывы трупе! Бо памрэш у страшэнным жаху і згінеш навекі!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: