Шрифт:
— Хай табе Хрыстус адплаціць!
— Пабачыш!
Гэная гутарка давяла іх да самага парогу віллы. Высядаюць з лектыкі. У той жа хвіліне нейкая цёмная постаць падыходзіць да іх ды пытае: — Ці гэта вы, шаноўны Вініць?
— Я, — адказвае трыбун. — Чаго хочаш?
— Я Назар, сын Мырыямы, іду з вязніцы і прыношу табе вестку пра Лігію.
Вініць палажыў яму руку на плячуку і пры святле светача глядзеў яму ў вочы, не могучы вымавіць слова, але Назарка адгадаў на ягоных вуснах нямое пытанне й звяшчае: — Жыве дагэтуль. Урсус прысылае мяне да цябе, спадару, сказаць, што яна ў гарачцы моліцца й паўтарае тваё імя.
Вініць адказвае: — Слава Хрысту, які можа мне яе вярнуць!
Пасля ўзяў Назарку з сабою ў бібліятэку. Хутка прыйшоў туды й Пятроні пацікавіцца іхняй гутаркай.
— Хвароба ўратавала яе ад знявагі, бо нелюдзі тыя баяцца заразы, — расказваў малады хлапчук. — Урсус і Глаўк сядзелі пры ёй дзень і ноч.
— Ці вартаўнікі засталіся тыя самыя?
— Так, спадару, і яна ляжыць у іхняй каморы. Тыя вязні, якія былі ў ніжэйшай вязніцы, усе паўміралі ад эпідэміі або падушыліся ад задухі.
— Ты хто такі? — спытаў Пятроні.
— Крывічэсны Вініць мяне ведае. Я сын удавы, у якое жыла Лігія.
— І хрысціянін?
Хлапец зірнуў пытаючымі вачыма на Вініція, але, убачыўшы, што той моліцца, падымае голаў і адказвае: — Так.
— Якім жа спосабам можаш свабодна ўваходзіць у вязніцу?
— Я, спадару, наняўся выносіць мёртвых з вязніцы, бо хочу чым-небудзь дапамагчы сваім братом і прыносіць ім весткі з гораду.
Пятроні прыгледзеўся ўважней прыгожаму абліччу хлапца, ягоным блакітным вачам, буйным валасом, пасля спытаў: — А ты ж адкуль, маладзец, з якога краю?
— Я галілейчык, спадару.
— Ці хацеў бы ты Лігію вызваліць?
Хлапец падняў вочы ўгару: — Хоць бы й за цану собскага жыцця.
Вініць скончыў малітву й звярнуўся: — Скажы старажом, хай уложаць яе ў труну, бы мёртвую. Ты дабяры сабе спадручнікаў ды вынесяце яе ўночы. Недалёка ля гнілых ямаў знойдзеце чакаючую на вас лектыку і аддасцё тым людзям труну. Вартаўніком абяцай ад мяне гэтулькі золата, колькі кожны магчыме падняць, — пры гэтых словах аблічча ягонае ажывілася зноўку, абудзіўся ў ім ваяк, якому надзея вярнула даўнюю энергію. А Назарка аж пачырванеў з радасці і, узняўшы рукі, адазваўся: — Хай Хрыстус аздаровіць яе, бо будзе вольнай.
— Ты перакананы, што варта згодзіцца? — пытае Пятроні.
— Яны? Спадару, каб толькі былі пэўнымі, што не спаткае іх за гэта кара і пакута!
— Так! — пацвердзіў Вініць. — Вартаўнікі хацелі згадзіцца нат, каб уцякла, тым хутчэй згодзяцца вынесці яе быццам мёртвую.
— Ёсць, праўда, чалавек, — кажа Назарка, — які спраўджае распаленым жалезам, ці трупы, якія выносяць, ёсць мёртвыя. Але гэны бярэ нат па некалькі сэстэрцыяў за тое, каб не датыкацца да твару памёршага. За адзін аўрэус даткнецца труны, не да цела.
— Скажы яму, што атрымае цэлы капшук залатнікоў, — кажа Пятроні. — Але патрапіш падабраць пэўных спадручнікаў?
— Патраплю падабраць такіх, якія б за грошы прадалі собскія жоны й дзеці.
— Дзе іх знойдзеш?
— У самай вязніцы або на мейсцы. А варта, раз падкупленая, увядзе, каго захачу.
— Калі так, дык увядзі, як найміта, мяне, — запрапанаваў Вініць.
Але Пятроні пачаў адрайваць рашуча, каб не рабіў гэтага. Прэторыяне маглі б яго пазнаць, нат пераапранутага, і ўсё магло б спракудзіцца. «Ані ў вязніцы, ані пры Гнілых Ямах! — казаў. — Трэба, каб усе — і цэзар, і Тыгэлін — былі перакананыя, што яна памерла, бо інакш у тым жа моманце выслалі б за ёю посціг. Падазрэнне магчымем знячуліць толькі такім чынам, што, калі яе вывезуць у Альбанскія горы або далей, на Сіцылію, мы застанемся ў Рыме. Праз тыдзень, напрыклад, або аж праз два ты хварэцімеш і заклічаш Нэронавага лекара, які загадае табе выехаць у горы. Тады злучыцеся, а пасля…»
Тут на хвілінку задумаўся ды, махнуўшы рукою, дадаў: — Пасля мо прыйдуць іншыя часы.
— Хай Хрыстус будзе ёй міласцівы, — кажа Вініць, — бо ты згадваеш пра Сіцылію, а яна ж хворая і можа памерці… — Уладзім яе тым часам бліжэй. Яе аздаровіць самое паветра, абы адно ўдалося яе вырваць з турмы. Няўжо ты не маеш дзе ў гарах якога арандатара, якому мог бы даверыць?
— Чаму не? Маю, так! — адказаў хутка Вініць. — Ёсць ля Карыёлі ў гарах адзін чалавек, які на руках мяне насіў, як я быў малы, і які не перастаў мяне любіць дагэтуль.
Пятроні падаў яму таблічкі.
— Напішы яму, каб падскочыў сюды ўзаўтра. Пасланца вышлю ўміг.
Гэта сказаўшы, заклікаў загадчыка атрыюма і выдаў яму адпаведныя даручэнні. Цераз некалькі хвілін конны нявольнік рушыў нанач да Карыёлі… — Я хачу, каб Урсус быў пры ёй у дарозе… — кажа Вініць. — Было б больш надзейна… — Спадару, — гавора Назарка, — гэта чалавек надлюдское сілы, ён выламіць краты й пойдзе за ёю. Ёсць адно вакно ў высокай сцяне, ля якога няма варты. Прынясу Урсусу вяроўку, а астатняе ён сам даканае.