Шрифт:
Але Хілон па хвіліне ўстаў з тварам так змененым, што аўгустыянам выдавалася, бачаць перад сабою іншага чалавека. Ягоныя вочы гарэлі незвычайным бляскам, на зморшчаным чале маляваўся духовы ўздым: недалужны перад хвілінаю грэк выглядаў цяпер, бы які духоўнік, натхнёны боствам, які маніцца выявіць невядомую праўду.
— Што яму сталася? Ашалеў? — азвалася некалькі галасоў.
А ён адвярнуўся да натаўпу і, выцягнуўшы ў гару правую руку, пачаў крычаць так, каб не толькі аўгустыяне, але й масы народныя маглі яго пачуць: — Народзе рымскі! Прысягаю на маю смерць, што вось гінуць людзі нявінныя, а падпальвачом — вось хто!!!.. І паказаў пальцам на Нэрона.
Настала мёртвая цішыня. Дваране атрупелі. Хілон усцяж стаяў з выцягнутаю дрыжачаю рукою ды пальцам, паказваючым на цэзара. Раптам зрабілася сумятня. Народ нападобу хвалі, збуджанае нечаканым віхрам, кінуўся да старца, каб лепш яму прыгледзецца. Тут і там адазваліся крыкі: «Трымай яго!», «Гора нам!» У натаўпе разлягаюцца свіст і вераск: «Агенабарбус! Маткабойца!
Падпальвач!» Сумятня магутнела з кожнай хвілінай. Баханткі, лямантуючы на ўвесь свет, пачалі хавацца на вазы. Раптам некалькі перагарэлых слупоў павалілася, рассыпаючы навокал іскры і пабольшваючы сумяціцу. Сляпая стоўчаная хваля народу падхапіла Хілона й панесла яго ў сярэдзіну агароду.
Усюды слупы пачалі таксама перагарваць і падаць упоперак вуліц, напаўняючы алеі дымам, іскрамі, смуродам смаліны і людскога цела. Гаслі светачы далейшыя й бліжэйшыя. У вагародах пацямнела. Вестка пра тое, што сталася, пераходзіла з вуснаў у вусны, змененая й пабольшаная. Адны расказвалі, што цэзар самлеў, іншыя — быццам сам ён прызнаўся, што падпаліў Рым, трэція — што цяжка занямог, іншыя ўрэшце — што вынеслі яго, як мёртвага, на возе. Сям-там адзываліся галасы спачуцця для хрысціян: «Не яны спалілі Рым, дык нашто было гэтулькі крыві, пакутаў і несправядлівасці? Ці ж гэта багі не будуць мсціцца за нявінных, і якія ж піякулы здолеюць зноў іх перапрасіць?» Словы «innoxia corpora» паўтараліся штораз часцей. Жанчыны голасна літаваліся над дзецьмі, якіх гэтулькі кінута дзікім звяром, папрыбівана да крыжоў або спалена ў гэных праклятых агародах. Аж у канцы спачуццё ахвярам змянілася ў ліхадумства цэзару й Тыгэліну. Але былі й такія, каторыя, раптам затрымоўваючыся, задавалі сабе або іншым пытанні: «Што гэта за боства, якое дае такую сілу ў пакутах і смерці?!» І вярталіся дамоў задуманыя… Хілон блукаўся шчэ па агародах, не ведаючы, куды кінуцца. Цяпер пачуваўся зноў нядужым і хворым старцам. Часамі спатыкаўся, зачапіўшыся за недагарэлае цела, за галавешку, выбухаючую іскрамі, часамі садзіўся, паглядаючы навокал беспрытомным вокам. У вагародах зрабілася ўжо прыцемна; белы месяц толькі выхіляўся з-за дрэваў, рассвятляючы слабым святлом алеі, счарнелыя слупы ды змененыя ў бясформныя масы недагаркі ахвяр. Старому грэку здалося, быццам на месяцы бачыць аблічча Глаўка, вочы якога глядзяць на яго ўсцяж, дык хаваўся ад святла. Урэшце, аднак, выйшаў з ценю і мімахоць, як бы папіханы нейкаю няведамаю сілаю, пайшоў да фантана, дзе аддаў духа Глаўкас.
Нараз нейкая рука дакранулася да ягонага пляча. Старац адвярнуўся і, бачачы перад сабою незнаёмую постаць, жахліва спытаў: — Хто там? Хто ты?
— Апостал Павал з Тарсу.
— Я пракляты!.. Чаго хочаш?
А Апостал адказвае: — Хачу збавіць цябе.
Хілон прыпёрся да дрэва. Ногі хісталіся пад ім, і рукі абвіслі.
— Няма ўжо для мяне збаўлення! — адказаў пасумна.
— Няўжо ты не чуў, як Бог дараваў вісячаму на крыжы разбойніку? — пытае Павал.
— Ці ж ты ведаеш, што я натварыў?
— Я бачыў боль твой і слухаў, як даваў ты сведчанне праўдзе.
— О Збавіцелю!..
— І калі Хрыстовы слуга дараваў табе перад пакутніцкаю смерцю, дык ці ж не даруе табе Хрыстус?
А Хілон хапіўся рукамі за голаў, моў абязглузджаны: — Прабачэнне! Для мяне прабачэнне?
— Наш Бог — гэта Бог міласэрнасці, — адказаў Апостал.
— Для мяне? — паўтарыў Хілон.
І пачаў енчаць, як бы не могучы апанаваць болю й пакуты. А Павал не адступае ад яго: — Абапрыся на мяне ды хадзем са мною!
І, узяўшы яго, ішоў з ім на скрыжаванне алеяў, дзе шумеў вадаліў, бы слёзы льючы сярод цішы начное над усімі замардаванымі.
— Наш Бог — гэта Бог міласэрнасці, — паўтарыў Апостал. — Калі б стаў ты над морам ды кідаў у яго каменні, ці мог бы закідаць імі марскую глыбіню? А я табе кажу, міласэрнасць Хрыстова ёсць як мора, і грахі й правіны людскія патонуць у ім, моў каменні ў бяздонні. Ёсць яна бы неба, накрываючае горы, сушу й акіяны, бо ёсць усюды, і няма ёй граніц ні канца. Ты цярпеў пры слупе Глаўка, і Хрыстус бачыў тваё цярпенне. Ты сказаў, не баючыся, што цябе можа спаткаць: «Во падпальвач!» — і Хрыстус адцеміў твае словы. Бо твая злосць і махлярства мінулі, а застаўся толькі бязмерны жаль… Хадзі са мною і слухай, што кажу табе: я ж таксама калісь ненавідзеў Яго й пераследваў Ягоных выбраных. І я не хацеў Яго ды не верыў у Яго, пакуль не з’явіўся і не паклікаў мяне. Ад тае пары Ён — любасцю маёй. А цяпер вось навясціў цябе згрызотаю, трывогай і болем, каб паклікаць цябе да Сябе. Ты Яго ненавідзеў, а Ён шкадаваў цябе. Ты выдаваў на пакуты Ягоных вызнавальнікаў, а Ён хоча дараваць табе гэта і збавіць цябе.
Грудзі злыдня-пакутніка ўздрыгаліся ад плачу, раздзіраючага душу да дна, а Павал агартаў яго, апаноўваў і вёў, як ваяр палоннага. Праз хвіліну адзываецца зноў: — Хадзі за мною, а я цябе завяду да Яго. Дзеля якое ж другое патрэбы я прыходзіў бы да цябе? Адыж Ён загадаў мне збіраць душы людскія ў імя любові, дык спаўняю службу Яму. Думаеш, што зненавіджаны, а я заручаю табе, што Ён цябе мілуе. Глянь на мяне! Пакуль не меў Яго ў сэрцы, я нічога не меў, акрамя злосці, што жыла ў маім нутры, а цяпер Ягоная любоў мне даражэй айца й маці, даражэй багацця й панавання. У Яго аднаго прытулішча, Ён адзін прыйме твой жаль, узгляне на тваё бяздолле, здыме трывогу з цябе і прытуліць да Сябе.
Так талкуючы, прывёў яго да фантану, срэбны струмень якога палыскаваў здалёк у месячным святле. Наўкола панавала пустка й цішыня, бо нявольніцкая служба апратала ўжо тут абвугленыя слупы і трупы пакутнікаў.
Хілон кінуўся з стогнам на калені і, закрыўшы твар далонямі, стаяў як скамянелы, а Павал падняў аблічча да зораў і пачаў маліцца.
— Божа, узглянь на гэтага небараку, на жаль ягоны, на слёзы й пакуты!
Божа міласэрны, які кроў праліў за нашыя віны, праз пакуту Тваю, праз смерць і ўваскрэсенне, адпусці яму!