Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Выбачай, спадару! — апраўдваецца. — Што я мог, тое зрабіў для цябе, але жыцця на небяспеку выстаўляць не магу. Сяння ноччу маняцца выводзіць хрысціян у цэзаравы агароды. У вязніцы поўна будзе варты й урадаўцаў. Калі б на бяду пазналі цябе, згінуў бы я і мае дзеці.

Вініць сцяміў, што наляганне дарэмнае. Прамільгнула яму, аднак, надзея, што вартаўнікі, якія прапускалі яго даўней, прапусцяць мо й цяпер без меты, як знаёмага, дык, пераапрануўшыся вечарам у зрэбную туніку ды абвязаўшы хусцінаю голаў, пайшоў пад браму вязніцы. Але гэтае ночы правяралі меты больш уважліва, чым заўсёды, а найгорш тое, што сотнік Сцэвінус, суровы й надта адданы цэзару, пазнаў Вініція. Але, відаць, у ягоных, закаваных у жалеза, грудзях тлілася яшчэ нейкая іскрынка літасці на людскую нядолю, бо замест ударыць дзідаю ў панцыр на знак трывогі, адвёў Вініція на бок і сказаў: — Спадару, вярніся дамоў. Я пазнаў цябе, але маўчаціму, не хочучы цябе губіць. Упусціць цябе не магу, вярніся, хай багі сашлюць табе супакаенне.

— Упусціць мяне не можаш, — просіцца Вініць, — але дазволь мне тут пастаяць і бачыць, каго выводзіцімуць.

— Загад мой гэтаму не працівіцца, — згаджаецца Сцэвін.

Вініць стаў перад брамаю і чакаў, пакуль не выводзіцімуць асуджэнцаў.

Урэшце каля поўначы адчыніліся шырока брамы вязніцы, і паказаліся цэлыя чароды вязняў: мужчын, жанчын і дзяцей, абступленых збройнымі аддзеламі прэторыянаў. Ноч была вельмі ясная, так што пад поўняю месяца льго было адрозніць не толькі фігуры, але й твары няшчасных. Ішлі парамі, доўгім пасумным карагодам у цішыні, парушанай толькі брынчаннем ваяцкае зброі. Вялі іх гэтулькі, што здавалася, усе паграбы ўжо ачышчаны. Пры канцы паходу Вініць выразна дагледзеў лекара Глаўка, але ані Лігіі, ані Урсуса не было між ідучымі.

LXII

Ледзь пачало змяркацца, як першыя хвалі народу сталі наплываць у вагароды цэзара. Натоўпы, святочна прыбраныя, у вянкох, ахвочыя, расспяваныя, а па частцы п’яныя йшлі любавацца новым светазарным відовішчам. Вокрыкі: «Сэмаксыі! Сарментыцыі!» разлягаліся на віа Тэкта [86] , на мосце Эмілія ды з другога боку Тыбру, на Трыумфальнай дарозе, каля цырку Нэрона і вунь аж там па Ватыканскае ўзгор’е. Бачылі ўжо і даўней у Рыме людзей, паленых на слупох, але ніколі дагэтуль не бачана такое колькасці асуджаных. Цэзар і Тыгэлін, жадаючы пакончыць з хрысціянамі, а разам і паўстрымаць заразу, якая з вязніц разыходзілася й па горадзе, загадалі апаражніць усе падзямеллі так, што засталося ў іх ледзь колькідзесят асоб, прызначаных на заканчэнне ігрышчаў. Вось жа, грамады народу, пераступіўшы парог агародных брамаў, нямелі ад подзіву. Усе алеі галоўныя й баковыя, што расходзіліся праз гушчару дрэваў наўкруг паплаўцоў, куп’я, сажалак і заквечаных палеткаў, набітыя былі смалёвымі слупамі, да якіх папрывязвана хрысціян. З вышэйшых мейсцаў, дзе далягляду не засланялі дрэвы, можна было аглядаць цэлыя шэрагі слупоў і людскіх фігур, упрыгожаных кветкамі, бярвенцам, міртавым лісцем, якія цягнуліся ўдалечыню па грудох і нізох так далёка, што, калі бліжэйшыя выглядалі, бы мачты мараплаваў, дык найдальшыя прадстаўляліся вачам, бы рознаколерныя тычкі або дзіды. Шматлікасць іхняя перавышала ўсе спадзевы людзей. Можна было падумаць, што які цэлы народ папрывязвана да слупоў дзеля ўцехі Рыму й цэзара. Грамады глядзельнікаў затрымоўваліся перад асобнымі слупамі ў меру зацікаўлення постацямі, векам або плоццю ахвяр, аглядалі твары, вянкі, гірлянды бярвенцу ды йшлі далей, задаючы поўныя подзіву пытанні: «Няўжо магло быць гэтулькі вінаватых? Няўжо маглі Рым падпальваць дзеці, якія ледзь пачынаюць самі хадзіць?» І паволі подзіў пераходзіў у трывогу.

86

Крытая вуліца (лац.).

Прымеж таго, пачало добра змяркацца, на небе замігацелі першыя зоркі. Тады пры кожным асуджэнцы з’явіўся нявольнік з запаленым светачам у руцэ, а як водгалас трубаў разлёгся ў розных пунктах парку на знак распачацця відовішча, усе нявольнікі прыткнулі полымя да споду слупоў.

Схаваная пад кветкамі ды аблітая смалою салома ўміг лынула ясным полымем, якое, магутнеючы з кожнай хвілінай, раскручвала сувоі бярвенцу, шыбала ўгару, абыймаючы ногі ахвяр. Народ анямеў, агароды загулі адным вялікім стогнам ды крыкам болю. Некаторыя ахвяры аднак, падыймаючы аблічча да высокага зорнага неба, пачалі пяяць на гонар Хрыста. Народ слухаў. Але й найцвярдзейшыя сэрцы напоўніліся жахам, калі з меншых слупоў дзіцячыя галаскі началі лемантаваць: «Мама! Мама!», дрыгата праймала ўсіх, нат п’яных наглядчыкаў, аглядаючых тыя галоўкі й нявінныя тварыкі, пераморшчаныя канвульсіямі болю або млеючыя ад дыму. А полымя шыбала штораз вышэй, перапальваючы штораз новыя вянкі ружаў ды зднлёнага павоішча. Распламяніліся алеі галоўныя й бакавыя, заблішчэлі агнём групкі дрэваў і траўнікаў і заквечаныя палеткі, залялеена агнём вада ў сажалках, абліліся румянцам мігатлівыя лісткі на дрэвах, зрабілася відно, як удзень.

Смурод спаленага цела напоўніў агароды, але ў тым жа часе нявольнікі пачалі сыпаць у прыгатаваныя кадзільніцы мырру і алоэ. Спаміж масы прысутных адзываліся там-сям крыкі немаведама ці спачуцця, ці ўпойнае радасці, і ўзмагаліся з кожнай хвілінай разам з агнём, які абыймаў слупы, дабіраўся да грудзей ахвяр, скручваў гаручым подыхам валасы на галовах, кідаючы заслоны на счарнелыя твары, і ў канцы страляў яшчэ вышэй, як бы на пераможны трыумф той сіле, якая загадала яго разняціць.

Яшчэ напачатку відовішча з’явіўся сярод народу цэзар на зграбнай цырковай квадрызе, запрэжанай чатырма белымі ліхачамі, — апрануты быў у краскі партыі Зялёных, да якіх і ён, і ягоны двор належалі. За ім ішлі іншыя вазы, поўныя дваран, святочна выстраеных сенатараў, святароў і нагіх бахантак з вянкамі на галовах і збанкамі ў руках, па частцы п’яных, дзіка разрагатаных. Вобак іх музыканты, паўбіраныя за фаўнаў і сатыраў, гралі на цытрах, формінгах, пішчалках і рагох. На іншых зноў вазох ехалі матроны й дзевы рымскія, таксама п’яныя і напаўнагія. Вобак квадрыгаў танцоры патрасалі прыбранымі ў стужкі тырсамі; іншыя бубнілі ў бубянцы, іншыя сыпалі кветкі. Цэлы той карагод ехаў, дзеручыся: «Эвоэ!», найшырэйшаю дарогаю ў парку сярод дыму й людскіх светачаў. Цэзар, маючы пры сабе Тыгэліна й Хілона, палахлівасцю якога жадаў забаўляцца, сам кіраваў коньмі і, едучы ступою, паглядаў на палаючыя фігуры ды прыслухоўваўся воклікам народу.

Стоячы на высокай залатой квадрызе, акружаны людскою хвалою, якая кланялася яму да ног, у агнявым водбліску, у залатым вянку цырковага пераможніка, перарастаў галавою дваран, натоўп і выдаваўся вялігурам. Грубезныя ягоныя рукі, выцягнутыя разам з напружанымі лейцамі, казаў бы, багаславілі народ. На твары і ў прыморшчаных вачах іграў смех і так яснеў над людзьмі, бы сонца, бы боства якое, страхотнае, але й магутнае ды вялічэзнае.

Хвілінамі затрымоўваўся, каб лепей прыгледзецца ці то якой дзяўчыне, каторае ўлонне пачало сквярсціся ў полымі, ці выкрыўленаму канвульсійна твару дзіцяці, ды зноў ехаў далей, ведучы за сабою шалёны разгуканы карагод. Часамі кланяўся народу, то зноў выгінаўся ўзад, тузаў залатымі лейцамі і гутарыў з Тыгэлінам. У канцы, даехаўшы да вялікага вадаліву на цэнтральным скрыжаванні вуліц, высеў з квадрыгі і, кінуўшы на таварышаў, патануў у натаўпе. Прывіталі яго віватамі й воплескамі. Баханткі, німфы, сенатары, аўгустыяне, святары, фаўны, сатыры ды ваякі абступілі яго ўміг шалёным колам, а ён, маючы з аднаго боку Тыгэліна, а з другога Хілона, абыходзіў фантан, навокал якога гарэла некалькі дзесяткаў паходняў, затрымоўваючыся пры кожнай, робячы заўвагі або строячы кпіны з старога грэка, на твары якога малявалася безбярэжная роспач. У канцы спыніліся пад высокім слупам, упрыгожаным міртамі й акружаным зялёнаю поўсцю. Чырвоныя языкі полымя даходзілі тут ужо каленяў ахвяры, але аблічча ейнага нельга было адразу распазнаць з-за дыму. Праз момант, аднак, лёгкі начны вецер здзьмухнуў дым і адкрыў голаў старца з сівою, спадаючай на грудзі барадою.

Глянуўшы на гэта, Хілон адразу звіўся ў клубок, як ранены гад, а з горла вырваўся яму крык, хутчэй да крумкачага, чым да людскога падобны: — Глаўкас! Глаўкас!..

І праўда, з палаючага слупа пазіраў на яго лекар Глаўк, яшчэ быў жывы.

Збалелым тварам быў пахілены ўніз, як бы апошні раз жадаў прыгледзецца свайму кату, які здрадзіў яго, згубіў жонку, дзяцей, наслаў на яго разбойніка, а калі ўсё гэта дараваў яму ў імя Хрыста, яшчэ раз выдаў яго на пакутніцкі здзек. Ніколі хіба чалавек чалавеку не зрабіў большае й крываўшае крыўды. І вось ахвяра гарэла цяпер на смаловым слупе, а кат стаяў пад стапамі ейнымі. Вочы Глаўкавы не пераставалі глядзець проста ў твар Хілону. Часамі засланяў іх дым, але калі раздзьмухваў яго вецер, грэк бачыў зноў гэныя ўстаўленыя ў яго вочы. Выпраставаўся й хацеў уцякаць, але не ўздужаў. Нагла ўявіў сабе, быццам ногі ягоныя зрабіліся волавам, ды нейкая нябачная рука з нечалавечай сілай яго трымае пры гэным слупе. Скамянеў. Адчуваў толькі, што нешта перапаўняецца ў ім, нешта рвецца, што даволі напіўся пакут і крыві, што прыходзіць канец жыцця, што навокал знікае і цэзар, і світа, і натаўпы, а глытае яго нейкая бяздонная страшэнная чорная атхлань, а ў ёй відаць толькі гэныя вочы, заклікаючыя яго на суд, А той, схіляючы голаў штораз ніжэй, глядзеў бесперастанку. Прысутныя здагадаліся, што між гэнымі людзьмі нешта дзеецца, але смех замёр ім на вуснах, бо ў абліччы Хілона было нешта жахлівае: выкрывіла яго такая трывога й такі боль, як бы тыя языкі полымя жэрлі ягонае собскае цела. Нагла захістаўся і, выцягнуўшы ўгару рукі, заенчыў страшным раздзіраючым голасам: — Глаўк! У імя Хрыста, даруй!!!

Заціхла ўсё наўкола, дрыгата праняла ўсіх, усе вочы мімахоць звярнулія ўгару.

А галава пакутніка зварухнулася злёгку, і пачуўся з верхавіны слупа падобны да енку голас: — Выбачаю!..

Хілон кінуўся, кланяючыся, аж да самай зямлі, выючы, бы падстрэленая звярака, і, набраўшы зямлі ў абедзве шчопці, пасыпаў сабе ёю голаў.

Тым часам полымя стрэліла ўгару, абняло грудзі й твар Глаўка, распляло міртавую карону на галаве ягонай і заняло стужкі наверсе слупа, які заяснеў увесь вялікім ярым святлом.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: