Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Першы лёкай.

— Мне сніўся дзіўны сон: бачыў старога пана нябожчыка, быццам з ім пераходзіў нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі пану дарогу, нібыта хацелі ўтнуць. Ён, журботны, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішоў сярод нейкіх скалаў. Потым бачыў я мясцовасць, зусім не падобную да нашых ваколіц, і нейкія руіны. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес. Я ўбачыў недалёка ад дарогі жахлівых звяроў і закрычаў: «Пане, давайце вернемся дахаты. Нас напаткае цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». — «О, доўгая і страшная будзе ноч, — адказаў ён мне, плачучы. — Не хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца, гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзься ад мяне». Тут пачвары кінуліся на нас. Я перапалохаўся і страціў прытомнасць, а цяпер вось абудзіўся і яшчэ дрыжу ад страху.

Другі лёкай.

— А мне здавалася, што я хадзіў ля каламутнае рэчкі, а на берагах з аднаго і другога боку тырчалі камяні, і яны былі падобныя да нейкіх сядзячых людзей у доўгіх брудных апранахах. Потым мне сустрэўся волат, тоўсты, шыракаплечы, вочы страшныя. Хацеў ад яго ўцячы, але ногі мае былі нібы закутыя ў кайданы, з месца зрушыцца не мог. Ён падышоў да мяне і выцяў так моцна, што я заляцеў амаль на самую сярэдзіну рэчкі. Калі мяне несла вада, я крычаў, просячы дапамогі, ды на мой крык толькі камяні адказвалі дзікім смехам, і гул ад іх здзекаў лунаў над берагамі. Пасля я ўбачыў: здалёк мой бацька падымаў да неба рукі і маці млела, бо мне не маглі дапамагчы. Затым зноў нечаканая перамена: я стаяў над нейкаю прорваю і там мяне зноў спаткаў той страшны чалавек. Ён папхнуў мяне ў прорву — і я імгненна прачнуўся ў вялікім страху.

Трэці лёкай.

— Мне снілася бура. Яна зрывала дахі з дамоў, а вецер нёс нейкага шатана і скінуў яго перад самым ганкам…

— Годзе, годзе ўжо слухаць гэтае глупства; шум ветру і вільготнае паветра наслалі на вас цяжар і санлівасць, а гарачая кроў абудзіла ў галовах мудрагелістыя мроі. Ідзіце да сябе і кладзіцеся спаць.

Скамароха зноў у адзіноце неспакойна хадзіў па пакоі. Дзіўныя думкі снаваліся ў ягонай галаве, жахлівая здань увесь час стаяла перад ім. Уздрыгваў, прыгадваючы яе агідную постаць, але золата любіў так, што хацеў мець яго як мага болей, няхай сабе і з шатанавых рук, і прыгажосць Белае Сарокі вабіла яго. Хацеў пабачыць яе як найхутчэй і быць у ліку яе прыяцеляў.

Ён то парывіста хадзіў па пакоі, то задумаўшыся, стаяў як слуп. Браў кніжку і адразу кідаў яе ды гладзіў свайго сабаку. Спадзяваўся, што стомленыя думкі супакоіць сном, але імгненна ўскокваў з ложка, запальваў святло і думаў усё пра адно. Толькі перад узыходам сонца крыху задрамаў, ды і ў тым неспакойным сне мроіўся яму пасланец Белае Сарокі.

Ціхі ранак. Ужо сонца было высока. На пагорках пасвіліся чароды, аратыя працавалі ў полі. Пан Скамароха на ложку разважаў пра дзіўны ўчарашні выпадак і прарочыя сны. Нарэшце свіснуў. Прыбег лёкай і стаў чакаць загаду.

— Паспяшайце, каб сёння ўсе пакоі былі як найлепей прыбраныя. Вымыць падлогу, сцены і столь добра агледзець, каб не было пылу і павуціны. Таксама адпаліраваць мэблю і бронзу; люстры, каб адбівалі найяснейшае святло; абразы і шыбы старанна пачысціць, каб былі як новыя. Скажы аканому, каб паўсюль вакол маёнтка таксама быў парадак.

— Пан сёння чакае нейкіх знакамітых гасцей? — спытаўся здзіўлены лёкай.

— Не твой клопат ведаць, каго чакаю, выконвай, што чуў. Ідзі і гэты мой загад перадай іншым.

Сказаўшы гэта, пан Скамароха выйшаў у парк, доўга хадзіў у задуменні пад шатамі ліп, свіснуў, паклікаў сабаку да сябе і пайшоў у поле. Блукаючы паўсюль, нецярпліва чакаў вечара.

Тым часам лёкаі, гаворачы між сабою, дзівіліся нечаканай перамене пана, апавядалі адзін аднаму страшныя сны, якія бачылі ў час учарашняе буры. А між тым праца ў пакоях ішла спорна, і перад захадам сонца адпаліраваная мэбля, бронза і люстры былі як новыя.

Вось ужо і вечарэе. Скамароха загадаў лёкаям вывесці сабаку і каб ніводзін з іх не заходзіў да яго, пакуль не пакліча. Самотна ходзячы па пакоі, паліў люльку.

Пасля адчыніў вакно: усюды панавала цішыня і ўжо колькі зорак свяцілася на небе. Запаліў свечку, паставіў на стале — і тут убачыў у куце ўчарашняга госця. На тонкіх нагах, вочы, як дзве іскрынкі, кідалі святло, і дзікая ўсмешка прабягала па яго брыдкім твары. Перапалоханы Скамароха адскочыў на некалькі крокаў і сказаў:

— Не магу глядзець на цябе без агіды, твой твар мне страшны.

— Слабыя нервы маеш. Калі пазнаёмімся бліжэй, дык на ўсё будзеш глядзець без прыкрасці ды страху і лепш уладкуешся на свеце. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць.

Толькі сказаў гэта — залятае ў вакно сарока, большая і зграбнейшая за іншых сарок, пёры на ёй белыя, як снег, вочы чорныя. Апусцілася на стол. Здзіўлены гаспадар паглядае на жвавыя і імклівыя рухі прыгожае птушкі. Яна зляцела на падлогу — і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні. Скамароха аслупянеў, слова вымавіць не асмельваецца. Яна ж такімі словамі перапыніла маўчанне:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: