Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: «Добра дурню: як паслаў, так і выспаўся». Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час гаварылі пра гэтае здарэнне.

Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы. Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як дзікі, уцякаў у лес.

Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў пушчы. Падышоў бліжэй — і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць апазнаць Карпу.

Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на беразе труп закапалі.

Тут падарожны змоўк.

— Скажы ж, — просіць пан Завальня, — а што сталася з Агапкаю?

— Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз Прачыстае Маці.

— Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? — спытаўся пан Завальня. — Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка — скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабілі разам з маёю нябожчыцай.

— Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў мяне перад вачыма і наводзіла смутак. Я блукаў колькі гадоў па Расіі, ля Ноўгарада і Старое Русы, і быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы самую цяжкую работу там, дзе вялі дарогі праз багны і дзікія лясы; капаў глыбокія канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя і вярнуўся дадому з грашыма, і тут мне расказалі пра тое страшнае здарэнне з Карпай і пра смерць нешчаслівае Агапкі.

— А ці жыве Парамон?

— Памёр без споведзі, і магіла яго ў полі без крыжа.

— А што, Янка, ці падабаюцца табе нашы простыя апавяданні? Яны праўдзівыя, і іх лягчэй зразумець, чым гісторыі пра даўніх паганскіх багінь і бажкоў, пра якіх ты мне апавядаў. Такую байку ніхто не запомніць, хіба толькі чалавек вучоны.

— Я люблю падобныя апавяданні. Шмат у гэтай народнай фантазіі Божае праўды.

Калі пан Завальня размаўляў са мною, дык між чэлядзі чуваць былі такія словы: «Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў».

— Ну, будзем жа зараз слухаць, — сказаў Завальня, — што нам раскажа твой таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. страшныя і цікавыя [55] .

Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі

— Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа — і слухаць не хочуць.

55

Гэтае апавяданне пад тытулам «Шляхціц Завальня. Апавяданне першае» друкавалася ў часопісе Ю.І. Крашэўскага «Athenaeum» (1844. T. 1).

— І я памятаю, — сказаў пан Завальня, — лепшыя часы. Колькі паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць панавала ў святыні Божай, кожны меў у руцэ венчык і ксёнжачку, пашана была старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі й прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.

— Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя: і даўней, як і цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.

— О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылі. Не вернуцца даўнія часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, — сказаў ён да падарожнага.

— Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем кіне. Ідуць скардзіцца Антону, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы. Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра [56] , і Васіля таксама паслалі з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласці косы і перакусіць чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі мы пра тое ды пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:

56

Г. зн. пасля 12 ліпеня паводле новага стылю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: