Шрифт:
У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны — на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы [101] ; другія — каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя — каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.
Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:
101
Лаёла Ігнацы (1491–1556), дробны іспанскі шляхціц, заснаваў у 1534 г. для барацьбы з Рэфармацыяй ордэн езуітаў. У 1541 г. быў выбраны пажыццёва генералам ордэна.
— Domіnі emule a quo іncіpіemus?
— A sіgno Sanctі Crucіs?
— Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
— Est munіmentum corporіs et anіmae.
— Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
— Facіamus [102] .
Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў [103] .
Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:
102
— Божа, з чаго ж мы пачнём?
— Са знаку святога крыжа.
— Што ёсць знак святога крыжа?
— Ёсць абарона цела і душы.
— Дык зробім знак святога крыжа!
— Дык зробім! (лац.)
103
У гэты самы час у канвікце выхаванцы таксама ставiлi камедыi па-французску, а сяды-тады i на лацiне — з твораў ксяндза Порэ. (Заўвага выдаўца).
Канвікт — пансіён пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе выхоўваліся дзеці заможных бацькоў. Плата складала 600 рублёў срэбрам у год. Высокі ўзровень адукацыі, якую давалі езуіты, заахвоціў і расійскіх саноўнікаў аддаваць сваіх дзяцей у гэты канвікт.
Выдаўцом першых трох томікаў «Шляхціца Завальні» быў Ян (Іван Фёдаравіч) Эйнерлінг — літаратар, педагог, выдавец. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі ў канвікце. У 30-я гг. ХІХ ст. напісаў і выдаў шэраг падручнікаў па францускай мове і геаграфіі. У 1842–1843 гг. «по высочайшему повелению» выдаў у трох кнігах дванаццацітомную «Историю государства Российского» М. М. Карамзіна, ахвяруючы свой уласны капітал (больш за 100 тыс. руб.). Пэўна, за свой кошт выдаваў і «Шляхціца Завальню».
104
Строфы з верша Я. Баршчэўскага «Да Юлі», цалкам змешчанага ў альманаху «Niezabudka» на 1840 г.
«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!» [105]
105
Заўвага выдаўца.
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Прыказка беларускага люду
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
— Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
— Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
— О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок [106] , то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі [107] ; і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
106
Нырок — вадаплаўная птушка з сямейства качыных.
107
Крачкі — сямейства птушак атрада сеўцападобных.
— Надта смелы, а ці не зазнаў калі няшчасця?
— Сам ніколі не паспытаў бяды, а неспрактыкаваных у гэтым рамястве яшчэ і ратаваў, калі гінулі ў буру. Пра яго такія цуды апавядаюць, што цяжка даць веры. Быццам Родзька, ведаючы, што адна рыба лепш ловіцца ў непагадзь, другая — у ціхі ясны дзень, выклікае вецер на возеры, бунтуе ваду, а калі гэта не трэба — вецер адсылае прэч, вяртае ясны дзень і па спакойнай вадзе, напоўніўшы лодку рыбаю, з песняю вяртаецца дадому. З гэтае прычыны некаторыя думаюць, што ён чараўнік.
— А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць чараўнікі.
— Веру. Але Родзька — чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у вакно.
— Вось, — кажа, — пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе Родзька рыбу.