Шрифт:
Пасля, бо ад свайго так і не адступіліся, дамовіліся прыехаць да Праксэды перад захадам сонца. Купілі ў карчме гарэлкі, выпілі па кілішку і, нібыта ўжо моцна п’яныя, палеглі спаць на лавах. Аднак кожны пазіраў з-пад рукі, што карчмарка будзе чыніць апоўначы. Патушылі агонь, але поўнае цемры ў карчме не было, бо ў самае вакно глядзела поўня. Ім здавалася, што прайшло ўжо шмат часу, і, пачуўшы голас пеўня ў стадоле, вырашылі: поўнач ужо мінулася, дарэмна чакалі. Адзін падняўся, выйшаў на ганак і дзіўнае бачыць: велізарны певень на высокіх, як у жорава нагах, у нямецкай вопратцы і капелюшы, пяе, седзячы на драбінах. Спалоханы селянін вяртаецца ў карчму і апавядае пра ўсё гэта сваім таварышам.
Яны запалілі святло, выйшлі, жагнаючыся, з карчмы, запраглі каня і заспяшаліся дамоў. Ля свае вёскі сустрэлі парабкаў, якія, толькі што павячэраўшы, гналі коней на начлег. Начлежнікі, паказваючы чырвоныя воблакі на захадзе, сказалі ім, што да поўначы яшчэ далёка.
Хоць не ўдалося і другі раз злавіць Праксэду, як яна адбірае малако ў суседскіх кароў, але пайшлі да пана і расказалі пра ўсё, што з імі здарылася, і пра шатана, які спяваў, седзячы на драбінах, як певень. Аднак пан, аканом і іншыя ў маёнтку не далі ім веры ды яшчэ насмяяліся. Дык Праксэда, спакойна сабе жывучы, і займалася сваімі чарамі.
Нарадзілася ў яе дачка. Ахрысцілі дачку Варкаю. Праксэда, як кажуць людзі, ані кладучы спаць, ані беручы з калыскі на рукі — аніколі не перажагнала сваё дзіця. А яшчэ — пра што без страху і прыпомніць нельга — быццам шмат хто з начлежнікаў бачыў, што калі Праксэда моцна спала, нейкі чорны карла з велізарнаю галавою, седзячы, калыхаў маленькую Варку і часта заглядаў ёй у вочы.
Расла дзяўчына і ад году да году станавілася прыгажэйшая. Мела яна на вуснах радзімы знак, але гэта — як усе маладыя панічы казалі — не толькі не псуе яе, а, наадварот, надае прывабнасці; і чым больш радзімку хвалілі, тым хутчэй тая расла. Ды так, што ўжо матку папярэджвалі, а ці не сапсуе яна твар дзяўчыне? Але Праксэда не ўважыла на гэта, і той радзімы знак давёў маладзёнаў да няшчасця.
Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў, праязджаў конна ўначы праз іхнія мясціны нейкі малады паніч. Ніхто не ведаў, хто ён быў і адкуль. Казалі, што твар яго заўсёды быў бледны, нос востры, доўгі, валасы, як шчацінне, чорныя і бы крумкачовыя пёры; погляд такі калючы, што цяжка вытрымаць, гледзячы яму ў вочы.
Спадабалася яму Варка, дык ён часта завітваў у гэтую карчму, а Праксэда цешылася і мела надзею выдаць сваю дачку за шляхціца.
Праз нейкі час радзімка на вуснах у Варкі яшчэ хутчэй пачала расці, а людзі ў вёсцы шапталіся між сабою, што, мусіць, той заезджы паніч яе пацалаваў.
Васемнаццацігадовую Варку радзімка на вуснах, хоць была ўжо і вялікая, яшчэ не псавала, яшчэ падабалася хлопцам, і яна любіла, каб яе акружаў гурт залётнікаў, але ўсімі яна пагарджала, бо маці пераконвала дзяўчыну, што яна выйдзе замуж лепей, чым якая шляхцянка.
Раскажу пану, што з гэтага аднаго разу атрымалася. Кахаў Варку адзін малады чалавек, які служыў у пана лёкаем і лоўчым. Звалі яго Міхась. Ён пачуў, што нібыта дудар Ахрэм строіць кпіны з яго каханае: расказваў усім, што Варку злы дух пацалаваў, бо яна ніколі не жагналася, а таму і той знак на вуснах гэтак вырас.
Абразілі лоўчага такія размовы, і пачаў ён шукаць нагоды, каб адпомсціць Ахрэму за зняважаны гонар каханае і гэтым заслужыць у маці і ў дачкі прыхільнасць.
У нядзелю сабралася моладзь у Праксэдзінай карчме. Між імі — некалькі лёкаяў, і лоўчы прыйшоў з маёнтка. Адны паглядалі на дачку карчмаркі, захапляючыся яе хараством, іншыя — шапталіся між сабою і здзекліва называлі паненкаю. З’явіўся дудар Ахрэм. Вітаюць яго, садзяць на лаве, частуюць гарэлкаю. Ён у добрым настроі пачынае іграць і спяваць. Было там колькі маладых дзяўчат з суседняе вёскі, дык іх і Варку хлопцы запрашаюць у скокі.
Сярод гэтае вясёлае забавы разбіўся без дай прычыны гаршчок, што стаяў высока на печы. Свісталі, нібыта нехта дзьмуў у рыльца, пустыя бутэлькі на стале, і ў кожным кутку што-небудзь падала на зямлю.
— Ад вашых скокаў уся карчма трасецца, — бурчала Праксэда, збіраючы на падлозе розныя драбніцы, якія пазляталі з шафы.
Тут знячэўку велізарны кот саскочыў з печы на дол. Убачылі гэта ўсе, пакінулі скакаць, а кот знік, быццам яго і не было.
Дудар Ахрэм перапыніў маўчанне:
— Не бойцеся, скачыце, гэта паніч жартуе. Ну, той, што бывае тут часта ў гасцях.
Праксэда гнеўна зірнула на Ахрэма, нешта шапнула на вуха лоўчаму і пайшла ў маленькі пакой, які быў адасоблены перагародкаю.
Не зважаючы на гэта, Ахрэм пачынае зноў граць і спяваць, але Міхась выбіў дуду з ягоных рук, кажучы:
— Праўдзівы дудар — губы тоўсты, а галава пустая.
Разгневаны дудар глянуў на яго з пагардай:
— А ты, — кажа, — праўдзівый панскій лакей: сам нізкій, лоб слізкій, нос плоскій — толька што тарэлкі лізаць.