Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Родзька ўздыхнуў, глянуў у вакно, узяў шапку і мех, у якім прыносіў рыбу.

— Спяшаешся дадому, аднак яшчэ не позна, — сказаў Завальня.

— Паставіў нерат і шнуры, мушу паглядзець, можа, даў што Бог, — вечар ужо блізка.

— Калі што зловіш — прынясі яшчэ мне. Жыву пры дарозе, людзі, дзякуй Богу, да мяне заязджаюць.

— Калі толькі Бог блаславіў маю працу, дык не забуду пра пана.

Сказаўшы гэта, ён пакланіўся і пайшоў.

— Люблю гэтага рыбака, — прамовіў дзядзька, — пачцівы ён чалавек і працавіты. Пабудзеш на яго востраве — адразу відаць, што жыве там чалавек гаспадарлівы і дбайны. Яго дамок (хоць не такі ўжо прасторны ды і саломаю крыты) стаіць на ўзгорку ў маляўнічай мясціне, ёсць пры ім маленькі садок: яблыні і вішні. Вакол хаціны — усюды парадак і чысціня. Мае коней, кароў і авечак. Поле ўгноена, як сад. На лугах сакаўная трава. А непадалёку густы бярозавы гай. Летам у ціхае надвор’е — было гэта колькі разоў — я прыплываў да яго вострава. Ён быў рады, а жонка яго — надзвычай гасцінная кабета — частавала мяне, паставіла на стол выдатных ляшчоў, злоўленых таго ж дня і цудоўна прыгатаваных.

— Шчаслівы чалавек. У яго там яшчэ не мінуўся залаты век. Ні з кім не дзеліць поле, ваўкі і мядзведзі не нападаюць на жывёлу.

— Адна толькі нявыгада: у прызначаныя дні мусіць адбываць прыгон, пасылаць работніка ў чаўне і коні перавозіць праз возера; больш за чвэрць вярсты.

Кавалёва Аўгіня

Калі мы так размаўлялі, у пакой увайшла пані Мальгрэта, гаспадыня майго дзядзькі.

— А-ёй! А-ёй! — завойкала яна. — Што дзеецца на свеце!

Завальня глянуў на яе са здзіўленнем:

— Ну што там такое ў цябе?

— Жонка кавалёва прыйшла, Аўгіня; цуды расказала: успомніш — страх бярэ.

— Прасі яе сюды, няхай і нам раскажа. Цікава паслухаць, якія там цуды на свеце.

Заходзіць Аўгіня. Была гэта жанчына рухавая, гаваркая і кума ўсёй ваколіцы.

— Пра якія ты там цуды апавядала пані Мальгрэце, што яна прыйшла сюды да нас, стогнучы ды войкаючы?

— Ах, паночку! Яшчэ якія цуды, страх успомніць. Сёння толькі гэта я згатавала есці і засланіла печ, як заходзіць у хату жабрак, белы, як голуб. Сеў ён на лаве, прамаўляе пацеры. Паставіла яму на стол міску капусты. Калі пад’еў, пытаюся:

— З якіх краёў паслаў Пан Бог дзядулю?

— З далёкіх, — адказвае.

— А што чуваць на свеце?

— Навіны надта непамысныя, — кажа. — У аднаго багатага чалавека пачаліся нечуваныя дзівосы. Сын, як толькі нарадзіўся, сеў і гучным голасам закрычаў: «Дайце есці!» Перапалохаліся ўсе, аднак жа адрэзалі яму паўбохана хлеба, а ён, вокамгненна з’еўшы гэта, ускочыў і да дзвярэй. Там стаяла поўная кадзь вады. Ускочыў у яе і схаваўся пад вадою. Усе кінуліся ратаваць, а выцягнулі адтуль рыбіну. Паклалі яе на стале і, гледзячы на яе, доўга стаялі задуманыя. Пабеглі да ксяндза. Той ураз прыехаў і калі перажагнаў гэтую рыбіну, дык яна зноў ператварылася ў немаўля. Ахрысцілі яго. Той сын расце цяпер, але заўсёды халодны, як рыба. Старыя людзі кажуць, што калі прасіў есці, дык не хлеба трэба было даваць яму, а камень, бо будзе неўраджай і голад. І дрэнна, калі ён вырасце халодны, як рыба; а барані Божа, калі яшчэ разумны будзе — шмат бяды наробіць.

— І ты верыш гэтаму? — спытаўся дзядзька. — То, пэўна, недзе адліваюць званы, а каб былі гучнейшыя, і разняслі такія цуды па свеце. Ці можа немаўля перакінуцца ў рыбіну і расці халоднае, як навец?

— Пане, ты кажаш — адліваюць званы; у нас у касцёлах усюды яшчэ званы цэлыя. Медныя так хутка, як гаршкі, не разбіваюцца.

— Янка, ці даеш ты веры? — загаварыў Завальня да мяне.

— Мне здаецца, дзядзечка, што такія фантазіі ствараюцца людзьмі ад смутку і заўсёдных пакутаў.

— Можа, і так. Раскажы нам, Аўгіня, што яшчэ чуваць.

— Варка Плаксуніха памерла.

— Вечны спакой. Гэта рэч не новая: людзі нараджаюцца і паміраюць.

— Але памерла па-хрысціянску. Паспавядалася і ўзяла прычасце. У Полацку, дзякуў Богу, яна перамянілася.

— Хіба гэта была вялікая грэшніца?

— О! Я ведаю ўсё. Як жыла яе маці, ды і яна (няхай ужо Пан Бог не памятае яе грахоў!) мела радзімы знак на вуснах, які шмат ёй шкодзіў.

— Ты мусіш ведаць пра гэта напэўна, бо з табою ўсе шчыра гавораць.

— Я ва ўсёй гэтай ваколіцы хрышчу дзяцей, тут усюды мае кумы, усе мяне любяць, кожная кабета радая са мною пагаманіць, дык я і ведаю ўсё: хто што робіць і як жыве. Маці Плаксуніхі была слаўнаю чараўніцаю. І няўжо пан пра гэта не ведае?

— Нічога не ведаю. Раскажы мне пра маці і дачку.

Апавяданне пятае. Радзімы знак на вуснах

— Маці гэтае Варкі звалася Праксэда. Жыла яна ў карчме за рэчкаю Дрысай непадалёку ад краснапольскага маёнтка. Яе мужык быў аканомам у адным невялічкім панскім фальварачку. Жыла Праксэда няблага; хоць карчма яе не была пры гасцінцы і вельмі рэдка хто-небудзь туды наведваўся, аднак яна хутка сабрала грошы, не сумавала, часта спраўляла новыя сукенкі і заўсёды хадзіла ў прыгожых уборах.

Суседзі мелі падазрэнне, што Праксэда забірае малако ад кароў з суседніх вёсак, бо сама мела вельмі мала жывёлы, але прадавала масла і сыры ў горадзе. І вось па ўсёй ваколіцы разыходзіліся чуткі, нібыта яна апоўначы вешала белы ручнік на сцяне, падстаўляла вядро і з двух канцоў гэты ручнік даіла. Малако лілося ў посуд, і яна хутка напаўняла ўсе збанкі сырадоем.

Колькі гаспадароў наважыліся напэўна ўсё даведацца і абвінаваціць яе перад панам. Дык яны запраглі ўвечары каня, едуць туды, мяркуючы, што зловяць Праксэду на гарачым, бо карчма была ад іх вёскі вёрст за шэсць. Але што за праява? Хоць дарогу ведалі так, што здавалася, кожны, заплюшчыўшы вочы, дайшоў бы, — блукалі да світання, не разумеючы, у які бок іх занесла. Як развіднела, убачылі, што ўсю ноч кружылі вакол карчмы, але знайсці яе не маглі. Змардаваўшы каня і не выспаўшыся самі, павярнулі дахаты.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: