Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Узімку пану З. заманулася на тым возеры паспрабаваць шчасця, а таму загадаў паклікаць старэйшага рыбака і кажа яму:

— Заўтра збірай людзей, прывозьце нерат на Глухое возера і закідвайце там. Ад пракаветных часоў там ніколі не лавілі, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.

— Нельга, — сказаў рыбак. — Хоць я ніколі і не лавіў там, але чуў, што ў многіх мясцінах ляжаць на дне таго возера карчы, дык вельмі лёгка можна папсаваць увесь нерат.

— Адкуль тыя карчы, калі там ніколі лесу не было? Заўтра, не верачы гэтай небывальшчыне, закінеш нерат.

— То няхай пан перш загадае папрасіць ксяндза, — гаворыць рыбак, — каб пасвянціў нерат і возера, бо, прынамсі, — святая праўда! — нячысцік там ужо даўно пасяліўся.

— Ды хіба ты яго калі бачыў, што пляцеш абы што?

— Пане, запытайся ў людзей — кожны ведае, якія там бываюць дзівы ўначы: страшыдлы снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех, пасля захаду сонца адтуль самы смелы чалавек уцякае.

— І слухаць не хачу вашыя забабоны дурныя. Заўтра, што б там ні было, лавіце рыбу.

— Не пасвянціўшы ваду? — пытае рыбак.

— Няма такое патрэбы.

Заклапочаны рыбак пачухаў патыліцу і пайшоў павольна да вёскі. Аб’яўляе сваім таварышам панскую волю; сабраўшыся ў гурт, доўга гаманілі пра гэта, баючыся, каб не прычынілася якога няшчасця. Але трэба панскую волю выканаць. Наступнага дня прыехалі рабакі на Глухое возера і спыніліся пасярод невялікае круглае галявіны. Вакол — цёмны лес, густыя яліны і хвоі хіліліся пад цяжарам снегу, і здавалася, што белыя муры акружаюць гэтую мясціну. Тут улетку аніколі вецер не ўздымаў хваляў, а зімою — не кружыў снегу. Дзень быў хмурны, вакол панавала цішыня, рыбакі знялі шапкі, прачыталі пацеры, назначылі месца, дзе прабіваць палонку, і пачалі сваю працу.

Кінулі нерат і, ужо цягнучы яго, пачулі шоргат пад лёдам, сыканне і нейкі дзікі піск, нібыта там тысячы гадаў грызліся між сабою. Агарнулі рыбакоў трывога і страх, мурашкі па целе пабеглі. Аднак, трымаючыся разам, не выпусцілі з рук нерат, цягнуць, надаючы адзін аднаму адвагі ды мяркуючы, што трапілася сціжма ўюноў. А як выцягнулі з вады ўвесь нерат — страх успомніць! — поўная сець маленькіх д’яблікаў. Крый Божа такіх і ў сне бачыць! Былі там нячысцікі накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, іншыя — як павукі, кожны з ката, іншыя падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Нельга апісаць усё гэтае страхоцце. Пацукі, яшчаркі, кажаны, краты поўзалі па лёдзе, качаліся па снезе з жахлівымі крыкамі, сыканнем і піскам. Даўмеліся рыбакі, што натрапілі на д’яблава кубло. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінулі нерат, а самі ўцяклі.

— А ці лавілі асташы калі-небудзь у тым возеры?

— І прадзеды не памяталі, каб хто-небудзь рыбаліў там.

— Дык хто ж навёў туды злых духаў?

— Пан ведае арганіста, з Расонаў, добры і разумны чалавек, дык ён часта апавядаў пра дзіўныя рэчы са святых ксёнжак — як некалі Бог стварыў гэты свет. Аднаго разу ў кірмашовы дзень запрасіў ён нас да сябе, сеў з намі за стол. Выпілі мы па кілішку гарэлкі, і ў размове пра сёе ды тое прамовіў нам гэтыя праўдзівыя словы, і я іх давеку не забуду. Сказаў ён так: «Вялікі грэх Адама, што паслухаў Еву, пакаштаваў яблык з забароненага дрэва. За гэта Бог пракляў зямлю. Але яшчэ большы грэх Каіна, які забіў свайго брата». О! Як шмат намножылася каінаў, што забіваюць сваіх братоў. У тых дзікіх лясах ля Глухога возера было шмат злачынцаў. Іх туды сабраў пан з розных канцоў свету. Кажуць, што былі там людзі і з такіх краёў, дзе нібыта ездзяць не на конях, а на сабаках, і не мелі яны ў сэрцы ні веры, ні Бога, ані любові да бліжняга. Доўга хаваліся яны каля гэтага возера, а таму і д’ябал там пасяліўся.

— Але і пан З. быў чалавек нягодны, памыляўся, дзівак, праз сваю неадукаванасць. Аднак паны адкажуць перад Богам, бо не маюць веры; трэба было папрасіць ксяндза пасвянціць нерат і ваду ў возеры, дык не было б таго страху і праца не пайшла б намарна.

— Вучаць нас ксяндзы і добрыя людзі, але іх словы як гарох ад сцяны адскокваюць, а таму і Бог не бласлаўляе, і жыць усё горай і горай.

— А ў нашым возеры Нешчарда, — я перапыняю рыбака, — ці жывуць злыя духі, ці трапляўся які-небудзь табе?

— Што ты, паніч, кажаш? Няхай Бог ад такога ратуе. Я заўсёды, выходзячы з дому і перад тым, як нерат закінуць, перажагнаюся і кажу пацеры. Так нас вучылі езуіты. А да таго ж на нашым возеры, хоць сям-там і лавілі асташы і, хаўрусуючы са злым духам, шмат вынішчылі рыбы, але д’ябал усюды не можа панаваць, — на берагах Нешчарды некалькі касцёлаў. Вясною ў ціхае надвор’е на досвітку няраз даводзілася закідаць мне нерат, дык бачыў, як касцёлы і крыжы паўсюль люстраваліся ў вадзе; а калі ў святы дзень зазвоняць на імшу, дык галасы званоў чуюцца над усім возерам, люд, што плыве ў чаўнах, жагнаецца і прамаўляе пацеры. У нас яшчэ, дзякуй Богу, шануюць святую веру, а д’ябал ад крыжа і малітвы ўцякае.

— Гэта праўда, — сказаў дзядзька. — Нашыя сяляне вельмі розняцца з іншымі. Я няраз, едучы ў Полацак, спыняў коні і слухаў, як кабеты і мужчыны, працуючы ў полі, пяюць:

О! Спасіцелю наш Пане, Едынэ сэрца кохане, Ручкі, очкі ў неба ўзносім, Одпушчэння грахоў просім [115] .

Шчырасць такая расчуліць да слёз чалавека; але ах! Ці доўга гэта будзе трымацца? Зло ўсё шырэй распаўзаецца, і людзі, якія ведаюць, што дзеецца ў свеце, не прадказваюць добрага.

115

Страфа з беларускамоўнага уніяцкага гімна «О мой Божа, веру Табе».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: