Шрифт:
— Супакойся, — суцяшае яе мужык, — Бог апякуецца намі. — І просіць гасцей, каб весяліліся, не зважаючы на гэтыя цуды і страхі.
Лютая бура завыла за сцяною, задрыжала ўся будова. Віхор сарваў дах з карчмы. І не пра весялосць думалі ў той час, а шапталі, стоячы, малітвы. Госці з суседніх вёсак, як толькі пачало світаць, вярнуліся дамоў, а Плаксун з жонкаю, цешчай і ўсім сваім почтам выехаў у Полацак.
Пакінутая без даху карчма і сёння стаіць пустая. Праксэда, як атрымала волю ад пана, жыла пры дачцэ і, кажуць, зусім перамянілася: зрабілася пабожнаю, кожны дзень слухала святую імшу, адбывала рэкалекцыі, выконвала ўсе рэлігійныя абавязкі; там, у доме Плаксуна і памерла.
А вось цяпер пачула я, што і Варка памерла. Ах! Яе ўсе любілі ў Полацку. Яна была надзвычай ціхая, з добрым сэрцам; аніводзін убогі не пакінуў яе дом без дапамогі і ўцехі. Радзімы знак, які быў у яе на вуснах, зусім знік, і, кажуць, была Варка прыгожая, як анёл.
Але, паночку, гаворачы, і не заўважыла, як звечарэла. Познім часам мушу вяртацца дахаты.
— Цяпер вечар ціхі і ясны. Няма чаго баяцца, — сказаў Завальня. — Ды і дахаты не будзе больш за вярсту.
— Маю я просьбу. Пан людзям дапамагае, дык, мусіць, і мне сёння не адмовіць.
— Блізкім сваім дапамагаць — абавязак хрысціянскі.
— Хутка Каляды, а так здарылася, што не маю цяпер ані каліва жыта. Будзь ласкавы, дай хоць колькі гарцаў [117] . Прыйдзе вясна — спатрэбяцца гаспадарам лемяхі і іншыя жалезныя прылады: мой мужык зробіць, і заплацім пану. Або ў якой патрэбе адслужым.
— Ахвотна. Твой мужык — чалавек добры і старанны. Пані Мальгрэта, загадай даць Аўгіні чацвярык [118] жыта, гарнец ячных круп і гарнец гароху. Гэта вам на куццю.
117
Гарнец — мера ёмістасці вадкасцей і сыпучых рэчываў. У Рэчы Паспалітай гарнец складаў 3,7–4 літры. У Расіі — 1/8 чацвярыка ці 3,28 літра.
118
Чацвярык — напачатку ХІХ ст. складаў прыкладна 26 літраў.
Каваліха пакланілася дзядзьку і пайшла з паняй Мальгрэтай у спіжарню.
Сляпы Францішак
Цёмна на панадворку. Неба высыпана зоркамі. Ціхамірна стаяць аснежаныя дрэвы. Толькі часам мароз стукае за сцяною. Мой дзядзька, нібы чакаючы каго, паглядзеў у вакно і, павярнуўшыся да мяне, сказаў:
— Добрае надвор’е. Мне здаецца, што гасцей у нас сёння не будзе, дык ты, Янка, успомні што-небудзь са сваіх вучоных апавяданняў. Цяпер ноч доўгая, можна выспацца, перш чым засвеціць заранка.
Падалі вячэру. Яшчэ седзячы за сталом я думаў, корпаючыся ў памяці, пра розныя падзеі старажытнае гісторыі: выбіраў тыя дзіўныя здарэнні, якія былі б дзядзьку пад густ.
Пасля вячэры, ходзячы, як звычайна, па пакоі, ён прачытаў вячэрнія малітвы і, кладучыся ў ложак, запытаўся:
— Пра якіх жа багоў і багінь ты раскажаш мне зараз?
— Раскажу, дзядзечка, пра заснаванне горада Рыма.
— Ці не пра той Рым, дзе жыве яго святасць? О! Гэты сказ мусіць быць прыгожы і цікавы.
— Пра той самы.
— Дык кажы, буду ўважліва слухаць.
Я расказаў спачатку, што рымляне паходзяць ад траянцаў. Пасля пачаў ад Прока [119] , караля албанцаў, расказаў пра Амулія і Нумітора [120] , пра Рэю Сільвію, што яна, будучы вясталкаю [121] , мела ад бога вайны Марса двух дзяцей-блізнят Ромула і Рэма; як гэтых блізнятаў паклалі ў кошык і плылі яны па рацэ Тыбр, і калі хваля выкінула іх на бераг, дык, пачуўшы плач немаўлят, прыбегла ваўчыца і карміла іх малаком, нібы сваіх дзяцей.
119
Прок — цар Альбы-Лонгі.
120
Амулій, у рымскай міфалогіі цар Альбы-Лонгі. Пазбавіўшы трону і выгнаўшы свайго старэйшага брата Нумітора, пасвяціў ягоную дачку Рэю Сільвію ў вясталкі, каб яна не мела дзяцей.
121
Рэя Сільвія, вясталка, у рымскай міфалогіі маці Ромула і Рэма, дачка цара Альбы-Лонгі Нумітора. Вясталак — жрыц багіні святога агню Весты — выбіралі з дзяўчатак 6–10 гадоў; яны павінны былі захоўваць цноту на працягу 30 гадоў.
Дзядзька здзівіўся, што ваўчыца мела літасць і прыхільнасць да дзяцей, і сказаў, перапыняючы апавяданне:
— І даўней мусілі быць ваўкалакі. Пэўна, гэтая ваўчыца спярша была кабетаю і мела чалавечую душу, бо адкуль бы ў яе ўзялася такая любоў і літасць? А можа, і цуд стварыў Бог міласэрны для нявінных дзяцей.
Я расказваў далей, як знайшоў іх Фаустул [122] , як яны выраслі сярод пастухоў, а пасля збудавалі Рым на тым самым месцы, дзе рака выкінула іх на бераг.
122
Фаустул, пастух, разам са сваёй жонкаю Аккай Ларэнціяй выхаваў Ромула і Рэма.
У гэты момант забрахалі сабакі, і нехта пачаў стукаць у браму. Прыбягае парабак і паведамляе, што прыехаў сляпы Францішак.
Дзядзька мой хуценька ўстаў з пасцелі і толькі запаліў святло — заходзіць Францішак, праваю рукою трымаецца за павадыра, а леваю — пастуквае кіем перад сабою, каб за што не зачапіцца.
— Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, — сказаў сляпы, пераступаючы парог. — А ці дома пан Завальня?
— Дома, дома, — адказаў дзядзька. Ён з вялікай радасцю вітаецца з ім, сам здымае з яго цяжкія зімовыя апранахі, запрашае прысесці. Адразу загадвае выпрагчы каня, даць яму аўса, а чалавека, які вёз сляпога, напаіць гарэлкаю і накарміць. Таксама паслаў да пані Мальгрэты, каб хутка згатавала госцю вячэру.