Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Дзівяць мяне твае сённяшнія нечаканыя ўчынкі. Затрымаў я гэтага чалавека не на кароткі час; дам прытулак беднаму, і будзе жыць у маім маёнтку, колькі захоча.

Амелія і слова на гэта не сказала. Скончылася наша спрэчка, і мы абое моўчкі вярнуліся дахаты.

Непадалёку ад маёнтка, ля рэчкі, стаяла ў яловым лесе самотная хаціна. Жыў там (яшчэ як мой бацька-нябожчык быў жывы) селянін, якому пазней я даў хату ў бліжэйшай вёсцы, а поле, якое ён урабляў, далучыў да свае зямлі. Наступнага дня я прачнуўся рана, прывёў старца ў тую хаціну, каб меў там прытулак на схіле сваіх гадоў. Ён падзякаваў мне і выпусціў з каша сваіх трусоў пасярод хаты.

Жыў ён самотна. Часам блукаў адзін па полі або пад шатамі лясоў; уначы не спаў, паказваўся ў розных мясцінах у чорнай вопратцы, нібы страшны прывід. Сяляне, сустракаючы яго ў месяцавам святле, баяліся набліжацца, уцякалі, як ад вурдалака, і пра яго па ўсёй ваколіцы хадзілі дзіўныя чуткі. Апавядалі адзін аднаму, быццам бачылі апоўначы над яго хацінаю велізарную чараду кажаноў, і на ягоны кліч прыляталі туды совы і крумкачы.

Чуючы такія выдумкі простага люду, я смяяўся, наведваў самотны прытулак старца, часам любіў пагаманіць з ім колькі гадзін; увосень слухаў там, як шумелі старыя яліны над страхою: углядаўся ў ягоны твар, на якім застыла навек вясёлая ўсмешка. На пясчаным пагорку сярод хвояў жыў велізарны выпладак чорных трусоў, якія хаваліся пад зямлёю і зноў выбягалі са сваіх нораў. Гледзячы на ўсё гэта, адчуваў я ў сабе перамены, і душу агортвалі змрочныя думкі.

Амелія не хацела яго бачыць і не любіла, калі хто-небудзь успамінаў пра яго; я, наадварот, з прыемнасцю размаўляў з ім, і праз некалькі месяцаў ён атрымаў нада мною такую ўладу, што я верыў усяму, што ён казаў.

У канцы верасня перад самым захадам сонца заходжу ў старцаву хату; восеньскі вецер выў за сцяною, ён, абапёршыся на рукі, пазіраў на сваіх трусоў, якіх было шмат і ў хаце, і на падворку. Убачыўшы мяне, сказаў:

— Дзіўна, за ўвесь той час, як я жыву ў маёнтку васпана, наведаўшы ўсе тутэйшыя мясціны, бачыў у гэтых лясах розныя дрэвы, але дубоў тут паблізу зусім няма; знайшоў за некалькі вёрст адсюль толькі два стогадовыя дрэвы гэтае пароды, а вакол — маладыя дрэўцы, якія — я думаю — выраслі з жалудоў, што параскідваў там вецер.

— Я зусім не зважаў на гэта, — сказаў я. — Дзеля гаспадарчых патрэб у нас ёсць і іншыя.

— На ўжытак прыдатныя вяз і бяроза, але што можа быць цудоўней, як бачыць дуброву; гэтыя дрэвы вырастаюць магутныя, і я раіў бы пану, каб цяпер, увосень, загадаў іх выкапаць і пасадзіць усе на пагорку за азярынаю, на якім дагэтуль не расце аніводнага дрэва.

— Шмат гадоў трэба чакаць, пакуль яны вырастуць вялікія, і, пэўна, я не пабачу на тым пагорку разлогіх і высокіх дубоў, бо чалавечае жыццё надзвычай кароткае.

Ён зірнуў на мяне сурова, так, што дрыжыкі прабеглі па целе, і, як бы здзекуючыся, паўтарыў мае словы:

— Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пан яшчэ малады, мае добрае здароўе, гадоў сто жыцьме на гэтай зямлі і ў засені тых дубоў весяліцца з прыяцелямі. Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсё павінна служыць табе.

Я паслухаў яго рады. Назаўтра загадаў садоўніку ісці да старца, што жыве каля рэчкі побач з яловым лесам, каб той паказаў маладыя дубкі, якія трэба перанесці і пасадзіць на пагорку.

Садоўнік, пачуўшы мой загад, перапалохаўся, змяніўся з твару і сказаў не сваім голасам:

— Адкуль тое пану? Дуб не цвіце, і з пладоў яго няма аніякае карысці; дзеля аздобы лепей пасадзіць на пагорку ліпы.

— Парады твае не прашу, — сказаў я. — Слухай, што табе загадваю, і выконвай.

— Ад старых людзей я чуў, што той, хто сее жалуды ці садзіць дуб, і года не пражыве [159] .

— Калі яшчэ раз, — кажу, — пачую гэтую лухту, дык загадаю ўсыпаць табе пяцьсот бізуноў. Ідзі рабі тое, што загадана.

159

Ёсць такая думка ў некаторых мясцiнах Беларусi мiж простым людам, што той, хто пасадзiць дуб або пасее жалуды, скарачае сабе жыццё, бо яго сiла пераходзiць да дрэў, якiя ён пасадзiў і вырошчвае.

Садоўнік, баючыся далей пярэчыць мне, выйшаў засмучаны і шукаў выпадку, каб прасіць маю жонку: ці не здолела б яна ўгаварыць мяне адмовіцца ад таго намеру.

Увечары, калі я на нейкі час пакінуў дом, ён зайшоў у пакой да Амеліі, са слязьмі на вачах укленчыў перад ёю і ўсё расказаў.

Калі я вярнуўся, Амелія сустрэла мяне з усмешкаю:

— Генрык, чаму ты вырашыў пасадзіць дубы? Я не бачу ў гэтым ні патрэбы, ні аздобы таксама. Бедны садоўнік прыйшоў да мяне страшэнна засмучаны, кажучы, што перасаджваць дубы — найвялікшае няшчасце, бо гэтае дрэва забірае сілы і скарачае жыццё таму, хто яго вырошчвае. Ведаю, што забабоны ад невуцтва, але ці ж маем мы права жорстка абыходзіцца з людзьмі за тое, што яны цёмныя, бо неадукаваныя? Трэба неяк адвучваць іх ад дурных забабонаў; усе мы людзі, і вялікі грэх чыніць несправядлівасць бліжняму.

— Як бачу, — сказаў я, гнеўна глянуўшы на яе, — і ты падобная да садоўніка, — падахвоцілася глупствы бараніць, але марнае будзе тваё заступніцтва.

— Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую раду; дык даручы яму самому садоўнікава месца, і няхай усё тое зробіць сам, бо ж нічога не робіць днямі, адно блукае па полі і лесе.

— Людзі мае: як хачу, так і будзе.

Калі я гэта сказаў, з вачэй Амеліі паліліся слёзы, і яна адразу выйшла ў другі пакой.

Садоўнік, бачачы, што яго надзеі не спраўдзіліся, прывёз з лесу маладых дубкоў і пасадзіў на прызначаным месцы. Пасля гэтага ўвесь час быў самотны; дарэмна ўсе даводзілі, што дубы не маюць аніякага ўплыву на чалавечае здароўе, аднак ён сох, сілы яго пакінулі і наступнае вясны, як толькі тыя дрэўцы зазелянелі, садоўнік сканаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: