Вход/Регистрация
Блакіт і золата дня
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ударылі па вадзе вёслы, і хутка плынь панесла плывучы кірмаш яшчэ хутчэй, чым дагэтуль.

Юрка зноў сядзеў ля ног дзяўчыны. Рукі яго спрытна арудавалі нажом.

— Ну вось, паглядзіш сёння, як на Пагосце даўгагрывыя арудуюць. Нічога не скажаш, прыгожа.

Яго плячо раз-пораз дакраналася да яе ног. Яна бачыла буры загар на яго шыі, смуглату пад носам і на шчоках.

Гэтыя дотыкі, моцныя і лёгкія, чамусьці не турбавалі яе — ён жа ж працаваў, а не назнарок.

— Можа, і пахрыстосуемся, — сказаў Юрка, узнімаючы вочы.

— Са зверам сваім пахрыстосуйся, — спакойна адказала яна.

— Ды ён і так мяне сёння... пахрыстосаваў, — і агаліў руку.

Яна ўбачыла тры падоўжныя раны на яго прадплеччы. Адразу

недзе ў глыбіні, пад лыжачкай, нарадзілася трывога.

— Ты чаго ж не сказаў нікому, дурны?

— Нічога, я порахам засыпаў.

— У-ух-х ты, — яна, спяшаючыся, выхапіла з-пад лаўкі свой хатулёк, выцягнула адтуль белую анучку, — дай сюды...

Юрка паклаў ёй на калені тонкую і моцную руку. Яна нават не заўважыла гэтага. Хіба што цеплыню, якая ішла ад яго рукі праз тканіну.

Гэтыя неглыбокія, але доўгія драпіны раптам абудзілі ў яе сэрцы нейкі амаль мацярынскі жаль да гэтага адчайнага хлопца.

— Ну вось, — сказала яна, не заўважаючы цяжару яго рукі, — парадак.

— Ясачка ты ў мяне, — сказаў Юрка.

— Ясачка, ды не твая, — сказала яна, таму што зноў з'явілася ў ёй ранейшая млявасць, чаканне чагосьці і дрымота.

— Крыўдуеш усё, — ціха сказаў ён, — а я як той алень увосень. Нават жывот яму падвяло, так ён кліча.

— З голаду ў цябе жывот падвяло. Хлеб, пэўна, з'еў увесь... паляўнічы.

Ад агнёў, раскладзеных на цаглінах, ужо даносіла пахам смажанага мяса.

— Правільна, — згадзіўся Юрка з ценем крыўды ў голасе, — трэба падсілкавадца.

Устаў і пайшоў да агню. Вярнуўся ён адтуль з бацькам Наталі.

Абодва прынеслі ежу. У руках у Юркі былі дзве лусты хлеба з заціснутым паміж імі кавалкам смажанай япручыны.

Румянае мяса раставала, прасякаючы тлушчам свежы наздраваты хлеб.

— На, еж, — сказаў Юрка да Наталі. Стары Даніла сеў поруч з Юркам ля ног дачкі і выцягнуў біклагу.

— Вазьмі глыні, сынок.

— Заборыстае віно, — сказаў Юрка, адпіўшы глыток, — як выпіў, так за забор хапаешся.

І ўзяўся за мяса. Наталька амаль не ела, а глядзела на хлопца.

Юрка еў без прагнасці, хоць бачна было, што ён вельмі згаладаўся: у вачах насалода, рукі спрытна падмінаюць хлеб.

І раптоўна яна спаймала сябе на нечаканай і цёплай думцы: «З гэтым і з адной місы есці прыемна».

І засаромелася.

Ежу прыкончылі. Даніла пайшоў. Юрка кончыў са скурай, скруціў яе і панёс у свой човен.

«І чаго пайшоў? — падумала яна. — Спакайней на месцы сядзець». І яшчэ падумала: «Нічога, зараз прыйдзе».

Потым адразу спахапілася.

«Чаго гэта я? Нашла аб чым шкадаваць! Прыйдзе — не прыйдзе».

Ён прыйшоў і зноў сеў ля яе ног. Зноў лётаў над плынямі пяшчотны і волкі ветрык, гуляў яго валасамі і махрамі яе хусткі.

Часам ён сціхаў і зноў вяртаўся слабымі ўздыхамі. І ў такт гэтым уздыхам нараджаліся ў вачах залатыя іскры. Мірыяды іскраў.

Блакітнае было ўверсе. Блакітнае было ўнізе.

Юрка прыхіліўся грудзьмі да яе нагі, і яна адчула, як моцна і пругка калоціцца ягонае сэрца. І зноў нешта перашкодзіла ёй адштурхнуць яго, не чуць гэтых удараў. Яна толькі варухнулася.

— Ты сядзі, — папрасіў ён, і ёй спадабалася, што ён быццам просіць у яе літасці — здаровы, смелы, а перад ёю такі слабы, што яна можа рабіць з ім што захоча.

Гэта ўсведамленне сваёй раптоўнай улады было небяспечным, але яна не ведала пра гэта. Бадай што гэта было і лепш.

Яна адчувала ўдары яго сэрца цэлы дзень. Гэты трывожны і пяшчотны стук паступова перапаўняў цеплынёй яе калені і рукі. А ён адчуваў, як мякка казычуць яго шыю махры квятчастай хусткі.

Урэшце яна пацягнула хустку вышэй, але адразу ёй стала шкада гэтых махроў, што сталі варушыцца дарэмна, і яна зноў апусціла хустку ніжэй. І ён усміхнуўся, зноў адчуўшы ласкавы дотык.

Чаўны плылі і плылі ў блакітным і залатым. Гэта лазурнае толькі часам перарывалася празрыстай сцяной затопленага лесу, — і зноў загаралася іскрамі. Сплюшчылі павекі, глыбокая цеплыня перапаўняла цела. Блакітнае і залатое, залатое і блакітнае.

Без канца. Без краю. Без мяжы.

Зрэдку ён мармытаў пад нос нейкія песні, таксама небывалыя, таксама сонна-трывожныя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: