Шрифт:
З гэтым лістом у руцэ Георг доўга сядзеў, павярнуўшыся тварам да акна, за сваім пісьмовым сталом. Знаёмаму, што, праходзячы завулкам, якраз прывітаў яго праз акно, ён адказаў ледзьве заўважнай адсутнай усмешкаю.
Урэшце ён засунуў ліст у кішэню і праз калідорчык перайшоў са свайго пакоя ў бацькаў, куды ён не заходзіў вось ужо колькі месяцаў. Зрэшты, у гэтым і не было ніякай патрэбы, бо ён пастаянна кантактаваў з бацькам у фірме; яны абедалі адначасова ў рэстаране, вечары кожны праводзіў згодна са сваім жаданнем, але яны звычайна якую хвілю сядзелі разам у гасцёўні, кожны са сваёй газетаю, – хіба што Георг, як гэта здаралася найчасцей, бываў з сябрамі ці гасцяваў у сваёй нявесты.
Георг здзівіўся, якая цямрэча была ў бацькавым пакоі нават у той сонечны перадпаўдзённы час. Гэткі цень утвараўся ад высознага мура, які ўздымаўся па другі бок вузкага двара. Бацька сядзеў каля акна ў куце, што быў аздоблены рознымі памятнымі рэчамі па нябожчыцы-маці, і чытаў газету, трымаючы яе крыху збоку перад вачыма; праз гэта ён хацеў кампенсаваць нейкі дэфект зроку. На стале былі рэшткі снедання, з якога, здаецца, было з'едзена ўвогуле няшмат.
“Ах, Георг!” – сказаў бацька і адразу ж выйшаў яму насустрач. Цяжкі шлафрок рассоўваўся падчас хады; і адно, і другое крысо развявалася вакол яго. “Мой бацька ўсё яшчэ волат”, – падумаў сабе Георг.
“Тут жа невыносна цёмна”, – сказаў ён пасля.
“Што цёмна, дык цёмна”, – адказаў бацька.
“Акно ты таксама зачыніў?”
“Мне так яно болей даспадобы”.
“На дварэ ж зусім цёпла”, – сказаў Георг, нібыта думаючы ўсё яшчэ пра сказанае перад гэтым, і сеў на месца.
Бацька прыбраў посуд са стала, паставіўшы яго на куфэрак.
“Уласна, я хацеў табе толькі сказаць, – гаварыў далей Георг, сочачы, у поўным заняпадзе духу, за рухамі старога чалавека, – што я, аднак, паведаміў у Пецярбург пра мае заручыны”. Ён крыху выцягнуў ліст з кішэні, а потым засунуў яго туды назад.
“У Пецярбург?” – перапытаў бацька.
“Ну, майму сябру”, – сказаў Георг, шукаючы бацькавых вачэй. “У фірме бацька, аднак, зусім не такі, – падумалася яму, – які ён вось тут сядзіць, разваліўшыся і скрыжаваўшы рукі на грудзях”.
“Ага, твайму сябру”, – сказаў бацька з націскам.
“Ты ж ведаеш, бацька, што я напачатку хацеў замаўчаць мае заручыны перад ім. Толькі аберагаючы яго і з ніякай іншай прычыны. Ты ж сам ведаеш: ён чалавек цяжкі. Я быў сказаў сабе, што ён можа даведацца пра мае заручыны адкуль-небудзь, хоць гэта мала праўдападобна пры яго самотным спосабе жыцця – гэтаму я не магу перашкодзіць, – але ад мяне самога ён ніколі не павінен даведацца пра гэта”.
“А цяпер ты стаў думаць зусім інакш?” – спытаў бацька, адклаў вялікую газету на падаконне, а на газету паклаў акуляры, прыкрываючы іх рукою.
“I праўда, цяпер я стаў думаць інакш. Калі ён мой добры сябар, сказаў я сабе, дык мае шчаслівыя заручыны будуць шчасцем і для яго. I таму я болей не марудзіў з тым, каб яму паведаміць. Перш чым, аднак, я ўкіну ліст, хачу табе сказаць пра гэта”.
“Георг, – сказаў бацька і шырока раскрыў бяззубы рот, – паслухай, калі ласка! Ты прыйшоў да мяне з нагоды гэтае справы, каб параіцца. Гэта робіць табе гонар, без усялякіх сумненняў. Але гэта нішто, гэта менш, чым нішто, – калі ты мне зараз не скажаш усяе праўды. Я не хачу закранаць тут спраў, што сюды не належаць. З часу смерці нашай дарагой маці здарыліся пэўныя непрыгожыя рэчы. Мажліва, і на іх прыйдзе час – можа, нават раней, чым мы мяркуем. У фірме сёе-тое выпадае з-пад маёй увагі; пэўна, ад мяне нічога і не хаваюць – я не хачу нават дапускаць думкі, што яны могуць нешта хаваць. Я ўжо не такі, як даўней, дужы, пачынае падводзіць памяць; я ўжо не магу сачыць за ўсімі шматлікімі справамі. Гэта, па-першае, абумоўлена прыродаю, а, па-другое, смерць нашай матулі ўдарыла па мне нашмат мацней, чым па табе. Але паколькі мы ўжо спыніліся на гэтай справе, гэтым лісце, дык я прашу цябе, Георг: не падманвай мяне. Гэта драбяза, пра якую і гаварыць не варта, таму не падманвай мяне. У цябе і праўда ёсць сябар у Пецярбургу?”
Георг, збянтэжаны, устаў. “Пакіньма ўжо маіх сяброў. Тысячы сяброў не заменяць мне бацькі. Ты ведаеш, што я сабе думаю? Ты сябе не беражэш як след. А ўзрост заяўляе свае правы. Без цябе ў фірме я не магу абыходзіцца – ты гэта добра ведаеш, – але калі справы пачнуць пагражаць твайму здароўю, я назаўтра ж зачыню фірму назаўсёды. Гэтак не пойдзе. Мы павінны ўвесці для цябе іншы лад і парадак жыцця. Зусім іншы. Ты вось тут сядзіш у цемры, а ў гасцёўні цудоўна-светла. Дзяўбеш во сняданак, замест каб сур'ёзна падсілкавацца. Сядзіш пры зачыненым акне, а паветра зрабіла б табе так добра. Не, бацька! Я паклічу лекара, і мы будзем выконваць тое, што ён прапіша. Памяняемся пакоямі: ты пераселішся ў пярэдні, а я сюды. Для цябе гэта будзе ніякая не перамена, усё перанясецца разам з табою. Але ўсяму ёсць свой час; зараз ляж яшчэ крыху ў пасцель: табе абавязкова патрэбны спакой. Хадзі, я дапамагу табе распрануцца; ты ўбачыш, што я гэта ўмею. А можа, ты хацеў бы адразу перайсці ў пярэдні пакой – тады ляжаш пакуль што на мой ложак? Гэта, зрэшты, было б вельмі разумна”.
Георг падышоў і стаў зусім побач з бацькам, які апусціў на грудзі галаву з растрапанымі сівымі валасамі.
“Георг”, – ціха сказаў бацька, не рухаючыся.
Георг тут жа ўкленчыў каля бацькі і ўбачыў на ягоным стомленым твары скіраваныя ў свой бок ненатуральна вялікія ў кутках вачэй зрэнкі.
“У цябе няма ніякага сябра ў Пецярбурзе. Ты быў заўсёды схільны да жартаў і нават перада мною сябе не стрымліваў. Чаму менавіта там у цябе павінен быць сябар! Я зусім не магу ў тое паверыць”.
“Але ж ты, бацька, яшчэ раз сабе падумай, – сказаў Георг, падняў бацьку з фатэля і сцягнуў з яго шлафрок – бо той зусім слабы стаяў перад ім, – неўзабаве будзе тры гады, як мой сябар быў у нас у гасцях. Прыгадваю яшчэ, што ты яго не надта любіў. Самае меншае два разы я ўтаіў яго прысутнасць перад табою, а ён тады сядзеў менавіта ў мяне ў пакоі. Зрэшты, я добра зразумеў тваю няласку да яго: у майго сябра ёсць свае дзівацтвы. Але ж пасля ты нармальна размаўляў з ім. Я яшчэ так ганарыўся, што ты яго слухаў, ківаў яму галавою і задаваў пытанні. Калі ты добра падумаеш, дык павінен узгадаць. Ён у той час апавядаў неверагодныя гісторыі пра расійскую рэвалюцыю. Як, напрыклад, падчас аднаго падарожжа ён бачыў сярод беспарадкаў нейкага святара, што выразаў у сябе на далоні шырокі крывавы крыж, падняў гэтую руку ўгору і прамаўляў да натоўпу. Ты ж сам пазней усюды пераказваў гэтую гісторыю”.