Вход/Регистрация
Прысуд
вернуться

Кафка Франц

Шрифт:

Тым часам Георгу ўдалося зноў пасадзіць бацьку ў фатэль і асцярожна сцягнуць з яго трыкатажныя нагавіцы, якія ён насіў паверх палатняных споднікаў, і шкарпэткі. Паглядаючы на не надта чыстую бялізну, ён дакараў сябе, што зусім занядбаў бацьку. Бо сачыць за зменай бацькавай бялізны, напэўна, належала таксама да яго абавязкаў. Ён яшчэ грунтоўна не гаварыў са сваёю нявестаю пра тое, як уладкаваць бацькаву будучыню, бо яны моўчкі пагаджаліся з тым, што бацька застанецца адзін у старой кватэры. Але цяпер ён адразу ж цвёрда і пэўна вырашыў, што яны забяруць бацьку на сваю будучую гаспадарку. Амаль жа відавочным было тое, што дагляд, які будзе трэба там забяспечыць бацьку, можа і так прыйсці запозна.

На руках ён занёс бацьку ў ложак. Яго ахапіла жахлівае пачуццё, калі, робячы тыя некалькі крокаў да ложка, ён заўважыў, што бацька забаўляецца з ланцужком ад гадзінніка на ягоных грудзях. Ён не мог адразу пакласці бацьку ў ложак – гэтак моцна той трымаўся за ланцужок.

Але як толькі бацька апынуўся ў ложку, здавалася, што ўсё ўжо ў парадку. Ён сам накрыўся і нават адмыслова нацягнуў коўдру высока, па самыя плечы. I глядзеў на Георга цяпер, прынамсі, ужо не варожа.

“Праўда, ты ўжо ўспомніў яго?” – спытаўся Георг, падбадзёрваючы бацьку кіўком галавы.

“Ці я цяпер добра накрыты?” – спытаўся бацька, нібыта сам не мог бачыць, што ногі досыць добра захутаныя.

“Значыць, табе ўжо даспадобы ў ложку”, – сказаў Георг і яшчэ лепей накрыў яго коўдраю.

“Ці я цяпер добра накрыты?” – яшчэ раз спытаўся бацька і, здавалася, з асаблівай увагай чакаў адказу.

“Будзь жа спакойны, ты накрыты добра”.

“Не!” – крыкнуў бацька гэтак, што адказ наткнуўся на пытанне; потым скінуў з сябе коўдру з такой сілаю, што ў палёце яна разгарнулася, і ўстаў вертыкальна ў ложку. Толькі адной рукою ён лёгка дакранаўся да столі. “Ты хацеў мяне накрыць, гэта я ведаю, маё стварэннейка, але ж я пакуль што не накрыты. I калі гэта ўжо рэшткі маіх сілаў, на цябе іх хопіць, на цябе іх будзе замнога. Я добра ведаю твайго сябра. Гэта быў бы сын, якога я хацеў бы мець. Таму ты яго і ашукваў усе гэтыя гады. А чаму іначай? Ты думаеш, я не плакаў па ім? Навошта ты зачыняешся ў сваім кабінеце; нікому не дазволена перашкаджаць: шэф заняты – толькі таму, каб ты мог пісаць свае аблудныя лісцікі ў Расію? Але, на шчасце, ніхто не павінен вучыць бацьку бачыць свайго сына наскрозь. I цяпер, калі ты паверыў, што падпарадкаваў яго сабе, гэтак падпарадкаваў, што цяпер можаш сваім азадкам усесціся на яго, і ён не можа варухнуцца, – вось цяпер мой спадар сын вырашыў жаніцца!”

Георг пазіраў на скрыўленае жахам аблічча бацькі. Пецярбургскі сябар, якога бацька раптам гэтак добра стаў ведаць, узрушыў яго, як ніколі дагэтуль. Ён бачыў сябра, які згубіўся ў неабсяжных прасторах Расіі, бачыў, як менавіта ягоны сябар стаіць у дзвярах сваёй пустой, сплюндраванай фірмы паміж разбуранымі паліцамі, паміж падзёртымі таварамі, падаючымі газаадводамі. Чаму ён мусіў паехаць гэтак далёка!

“Але ж паглядзі на мяне!” – ускрыкнуў бацька, і Георг пабег да ложка, каб усё зразумець, але нібы спатыкнуўся і спыніўся пасярэдзіне дарогі.

“Бо яна задзерла спадніцу, – пачаў спяваць бацька, – бо яна задзерла спадніцу, брыдкая гусь, – і дзеля ілюстрацыі ён падняў сваю кашулю так высока, што можна было ўверсе на сцягне бачыць шнар з ваеннага часу, – бо яна падняла спадніцу гэтак, гэтак і гэтак, ты зблізіўся з ёю і, дзеля таго, каб бесперашкодна атрымліваць задавальненне, зганьбіў памяць нашае маці, здрадзіў сябру і ўпіхнуў свайго бацьку ў ложак, каб ён не мог і варухнуцца. Дык можа ён варушыцца ці не?” Ён стаяў, зусім ні за што не трымаючыся, і размахваў нагамі, аж ззяючы ад сваёй праніклівасці.

Георг трымаўся ў куце, як найдалей ад бацькі. Ужо задоўга да гэтага ён цвёрда вырашыў зусім дакладна паназіраць за ўсім, каб не быць заспетым знянацку збоку, ззаду, зверху. Цяпер ён успомніў пра даўно забытае рашэнне і зноў забыўся на яго – гэтак праз вуха іголкі працягваецца кароткая нітка.

“Але ж сябру не здрадзілі! – ускрыкнуў бацька, а ягоны палец, што ківаўся то ў адзін, то ў іншы бок, пацвярджаў гэта. – Я яго тут замяшчаў”.

“Камедыянт!” – Георг не мог устрымацца, каб не ўскрыкнуць, але тут жа ўцяміў, што зрабіў глупства, і, вытрашчыўшы вочы, прыкусіў – на жаль, занадта позна – язык і аж сцяўся ад болю.

“Ну, вядома ж, я ламаў камедыю! Камедыю! Добрае слова! Якое яшчэ суцяшэнне засталося ў старога, удовага бацькі? Скажы – і на гэты момант адказу будзь яшчэ маім жывым сынам, – што ж засталося ў маім заднім пакоі рабіць мне, праследаванаму здрадлівай прыслугай, мне, каму старасць ужо ўвайшла ў косці? А мой сын, трыюмфуючы, ішоў па свеце, рабіў гешэфты, падрыхтаваныя мною, зіхцеў ад задаволенасці і расквітаўся з бацькам з непранікнёным тварам чалавека гонару! Думаеш, я цябе не любіў бы – я, ад якога ты паходзіш?”

“Зараз ён нахіліцца, – падумаў Георг. – Каб ён упаў і разбіўся!” Гэтае слова з сыканнем прымільгнула ў яго ў галаве.

Бацька нахіліўся наперад, але не ўпаў. Георг не набліжаўся, як ён чакаў, і таму бацька зноў выпрастаўся.

“Застанься там, дзе цяпер: ты мне не патрэбен! Думаеш, у цябе яшчэ ёсць сілы, каб падысці сюды, а ты адно трымаешся ззаду, бо гэтак хочаш? Каб жа ты не памыліўся! Я па-ранейшаму нашмат дужэйшы. Сам я, магчыма, і адступіўся б, але маці аддала мне сваю сілу; я паяднаўся гэтак слаўна з тваім сябрам; твая кліентура ў мяне тут, у кішэні!”

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: