Вход/Регистрация
Прысуд
вернуться

Кафка Франц

Шрифт:

– Навошта сябе гэтак мучыць? – прамовіў спадар. – Адзін стрэл – і з крумкачом скончана.

– Няўжо? – спытаў я. – І вы б маглі зрабіць гэта?

– З ахвотай, – адказаў ён, – мне толькі трэба пайсці дадому і ўзяць стрэльбу. Ці не маглі б вы пачакаць яшчэ паўгадзіны?

– Гэтага я не ведаю, – сказаў я і на хвілю здранцвеў ад болю, а потым дадаў:

– Калі ласка, паспрабуйце, на ўсялякі выпадак.

– Добра, – адказаў той спадар, – я паспяшаюся.

Калі мы размаўлялі, крумкач спакойна прыслухоўваўся, пераводзячы свой позірк то на мяне, то на таго спадара. Цяпер я зразумеў, што ён пра ўсё здагадаўся: узляцеў высока ў паветра, выгнуўся назад, каб узяць добры разгон, і, нібы кідальнік кап’я, уткнуў дзюбу глыбока ў мяне, праз мой рот. Падаючы, я з палёгкай адчуў, як ён захлынуўся ў маёй крыві, што запоўніла ўсе глыбіні і пералівалася цераз усе берагі.

Ваўчок

Адзін філосаф заўсёды швэндаўся там, дзе бавіліся дзеці. І калі аднаго разу ён убачыў хлопчыка з ваўчком, дык адразу ж затаіўся. Як толькі ваўчок пачынаў круціцца, філосаф кідаўся за ім, спрабуючы злавіць. Тое, што дзеці галёкалі, імкнучыся адвярнуць ягоную ўвагу, яго не турбавала; а калі ўдавалася схапіць ваўчок, што круціўся, філосаф рабіўся шчаслівы, але толькі на нейкую хвілю; потым ён шпурляў ваўчок на зямлю і сыходзіў. Бо ён верыў, што, спазнаючы кожную драбніцу – прыкладам, ваўчок, які круціцца, – ён у дастатковай меры спазнае агульныя законы. Таму ён не займаўся вялікімі праблемамі: гэта ён лічыў лішнім. Калі па-сапраўднаму спазнавалася найдрабнейшая драбніца, значыць, паводле яго, спазнавалася ўсё – таму ён займаўся толькі ваўчком, які круціцца. І заўсёды, калі збіраліся запусціць ваўчок, філосаф меў надзею, што цяпер ён дасягне свайго; а калі ваўчок круціўся, а ён, задыхаўшыся, лётаў за ім, гэтая надзея рабілася ўпэўненасцю; але калі ён пасля трымаў у руках гэты кавалак дрэва, яму рабілася нядобра, і дзіцячы крык, якога ён перад тым не чуў і які цяпер нечакана гучаў ў яго вушах, праганяў яго прэч; ён ківаўся туды-сюды, нібы ваўчок, які гоняць нязграбнымі ўдарамі бізуна.

Размова з багамольцам

Быў час, калі я штодня хадзіў у царкву, бо дзяўчына, у якую я закахаўся, кожны вечар па паўгадзіны малілася там, і я тады спакойна мог разглядаць яе.

Калі аднаго разу дзяўчына не прыйшла і я без усялякае ахвоты пазіраў на тых, што маліліся, на вочы мне раптам трапіўся малады чалавек, які сваім хударлявым целам усё прыціскаўся да падлогі. Раз-пораз ён намаганнямі ўсяго цела ўскідваў галаву і, глыбока ўздыхаючы, утыкаўся ёю ў далоні, пакладзеныя на голыя камяні.

У царкве сям-там яшчэ стаялі старыя жанчыны; яны почасту паварочвалі свае захутаныя ў хусткі галовы, каб паглядзець на чалавека, які маліўся. Здавалася, багамолец быў рады з гэтае ўвагі, бо, перш чым дэманстраваць ужо каторы раз сваю набожнасць, ён увесь час падымаў вочы, каб спраўдзіць, ці яшчэ на яго глядзяць. Я падумаў, што гэтак рабіць непрыстойна, і вырашыў па імшы спыніць хлопца каля выхаду і спытацца, навошта ён так робіць. Вядома, я быў не ў гуморы, бо мая дзяўчына не прыйшла.

Але мінула цэлая гадзіна і толькі тады ён нарэшце падняўся, старанна яшчэ раз перажагнаўся і няроўнай хадою паклыпаў да чары з свянцонаю вадою. Я стаў на паўдарозе паміж чарай і дзвярыма, вырашыўшы не адпускаць яго, пакуль ён усё мне не растлумачыць. Я нават склаў губы так, як гэта звычайна раблю, калі збіраюся гаварыць пра нешта сур’ёзнае. Правую нагу я выставіў крыху наперад, пераносячы на яе ўсю вагу майго цела, пры гэтым левая нага краналася зямлі толькі наском: гэткая пастава таксама надае мне цвёрдасці.

Пырскаючы сабе на твар свянцонаю вадою, гэты чалавек, напэўна, ужо касавурыўся на мяне; відаць, ён занепакоіўся раней – тады, як толькі ўбачыў маю постаць, бо раптоўна з усіх ног паляцеў да дзвярэй. Шкляныя дзверы зачыніліся за ім, я адразу выбег на двор, але яго ўжо не было відаць, таму што паблізу там скрозь адны вузкія вулачкі, i pyx тады быў даволі жвавы.

Потым некалькі дзён яго не было, затое прыходзіла маліцца мая дзяўчына. Яна заўсёды была ў чорнай сукні з празрыстымі карункамі каля плеч – пад імі паўмесяцам відзён быў прыгожа пакроены ядвабны каўнер. Дзяўчына цяпер прыходзіла штодня, і я зусім быў забыўся на маладога чалавека; нават калі ён пачаў з’яўляцца зноў і маліцца гэтаксама, як той раз, усё гэта мяне не надта турбавала. Да таго ж ён кожны раз вельмі хутка праскокваў міма, адвярнуўшыся ад мяне. Мажліва, гэта было таму, што я ўяўляў яго адно ў няспынным руху – і мне ўсё здавалася, нібыта ён кудысьці ўцякае, нават калі ён стаяў нерухома. Аднаго разу я заседзеўся ў сваім пакоі, але ў царкву ўсё ж пайшоў. Дзяўчыны там я ўжо не заспеў і збіраўся вяртацца дахаты. Але ніцма на падлозе там ізноў ляжаў той самы малады чалавек. Я прыгадаў першую сустрэчу з ім, і мяне зноў апанавала цікаўнасць.

На дыбачках я падышоў да бабінца, падаў манету жабраку, што якраз апынуўся поруч, і стаіўся каля бліжэйшай да яго палавіны дзвярэй; там я прастаяў каля гадзіны – напэўна, з хітрым выглядам. Увогуле мне там было няблага, і я падумаў спачатку, што варта прыходзіць туды пасядзець часцей. Калі ж ужо ішла другая гадзіна, мне пачало здавацца глупствам, што я тырчу там праз нейкага багамольца. I ўсё ж яшчэ не менш як гадзіну я даваў павукам магчымасць снаваць павуцінне каля сябе; за гэты час з цёмнае царквы, гучна дыхаючы, павыходзілі ўсе астатнія людзі.

Нарэшце выйшаў і ён. Гэты чалавек рухаўся асцярожна, яго ногі, перш чым ступіць на зямлю, як бы намацвалі яе.

Я ўстаў і, зрабіўшы вялікі крок проста насустрач багамольцу, схапіў яго за каўнер. Сказаўшы яму “Добры вечар!”, я пачаў выпіхваць яго па прыступках уніз, на светлае месца.

Унізе ён зусім няўпэўнена сказаў:

– Добры, добры вечар, шаноўны пане. Не злуйцеся на мяне, адданага вам служку.

– Дык вось, – сказаў я, – я хачу, мой пане, у вас пра сёе-тое спытацца; таго разу вы ўцяклі ад мяне, сёння гэта ў вас наўрад ці атрымаецца.

– Вы здольныя спачуваць іншым, васпане, і адпусціце мяне дадому. Я проста варты жалю чалавек. Гэта праўда.

– Не! – крыкнуў я праз шум трамвая, што якраз ішоў па вуліцы. – Я вас не пушчу. Гэткія вось гісторыі мне даспадобы. Вы мая удалая здабыча. Я сябе віншую.

Ён жа адказаў:

– Ах божа ж мой! У вас порсткае сэрца, а галава – нібы камлыга. Вы кажаце, што я – удалая здабыча. Куды як удалая! Бо мае няшчасце – гэта няшчасце, якое вісіць: яно вісіць проста на валаску. I калі яго закрануць... яно спадзе на таго, хто пытаецца. Дабранач, васпане.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: