Вход/Регистрация
Прысуд
вернуться

Кафка Франц

Шрифт:

Аднак у сірэн ёсць жахлівейшая за спеў зброя, а менавіта маўчанне. Хоць такога ніколі не было, але можна ўявіць, што некаму ўдалося б уратавацца ад іхняга спеву, але ад маўчання – ніколі. Нішто зямное не можа супраціўляцца пачуццю магутнейшай за ўсё іншае пыхі, якая ўзнікае ў таго, хто перамог сірэн сваімі сіламі.

I сапраўды, усеўладныя пявунні не спявалі, калі прыбыў Адысей, – ці з тае прычыны, што яны меркавалі справіцца з гэтым супернікам адно пры дапамозе свайго маўчання, ці таму, што яны забыліся на ўсякія спевы, убачыўшы бясконца шчаслівы твар Адысея, які думаў толькі пра ланцугі ды воск.

Але Адысей, так бы мовіць, не чуў іхняга маўчання, думаў, што яны спяваюць і што толькі ён абаронены ад таго, каб чуць іх спеў. Яго пагляд слізгануў па выгінах іх шыяў, па абліччах з адбіткамі глыбокіх уздыхаў, па вачах, запоўненых слязьмі, па напалову раскрытых ратах; але яму падумалася, што ўсё гэта мае дачыненне да арый, якія, непачутыя, сціхаюць вакол яго. Неўзабаве, аднак, усё знікла перад ягоным позіркам, скіраваным удалеч; сірэны літаральна знікалі, сустрэўшыся з яго рашучасцю, і тады, калі Адысей быў да іх найбліжэй, ён ужо нічога пра іх не ведаў.

Але яны – прыгажэйшыя, чым калі-небудзь раней – выпростваліся і круціліся, дазвалялі ветру вольна развяваць свае пачварныя валасы і свабодна выпускалі на скалах свае кіпцюры. Яны ўжо не прагнулі спакушаць, а хацелі адно як найдаўжэй лавіць водбліск вялікіх Адысеевых вачэй.

Калі б сірэны мелі свядомасць, яны б былі проста знішчаныя. Але яны вытрывалі, адно толькі адпусцілі Адысея.

Зрэшты, паданне захавала яшчэ адну версію. Адысей быў нібыта такі падступны і хітры, такі ліс, што нават багіні Наканавання не маглі даведацца яго найпатаемнейшых думак. Можа, – хоць гэта не спасцігаецца чалавечым розумам, – ён і сапраўды заўважыў, што сірэны маўчалі, і, пэўным чынам, толькі схаваўся перад імі ды перад багамі за вышэйапісаным позіркам, як за шчытом.

Праметэй

Чатыры паданні апавядаюць аб Праметэі: паводле першага, яго прыкавалі да каўказскае скалы, бо ён здрадзіў багам дзеля людзей, і багі наслалі арлоў, што з'ядалі пячонку, якая зноў і зноў адрастала.

Паводле другога, невыносны боль ад удараў дзюбаў прымушаў Праметэя глыбей і глыбей уціскацца ў скалу, аж пакуль ён зусім не зліўся з ёю.

Паводле трэцяга, ягоная здрада на працягу тысячагоддзяў забылася, забылася багамі, арламі, ім самім.

Паводле чацвертага, усе стаміліся ад таго, што страціла сэнс свайго наканавання. Стаміліся багі, стаміліся арлы, у стоме зацягнулася рана.

Засталіся невытлумачальныя скалы. Паданне спрабуе растлумачыць невытлумачальнае. Паколькі ж яно бярэ пачатак з глыбіні праўды, скончыцца яму наканавана зноў у невытлумачальным.

Пасейдон

Пасейдон сядзеў за рабочым сталом і лічыў. Кіраванне ўсімі водамі вымагала бясконца вялікай працы. Ён мог бы мець колькі заўгодна памочнікаў і меў іх вельмі шмат, але, надта сур'ёзна ставячыся да сваёй службы, ён яшчэ раз правяраў усе падлікі – так што з памочнікаў карысць была вельмі малая. Нельга сказаць, што гэтая праца цешыла яго: ён рабіў яе, уласна кажучы, толькі таму, што яна была яму даручана; ну, і ён ужо шматкроць шукаў сабе працы, паводле яго выказвання, весялейшай – але заўсёды, калі яму рабіліся нейкія прапановы, высвятлялася, што яму нічога лепей не падыходзіць, як цяперашняя служба. I было цяжка знайсці для яго нешта іншае. Не было ж магчымасці, прыкладам, выдзеліць яму нейкае канкрэтнае мора – не кажучы ўжо пра тое, што тут вылічэнні былі колькасцю не меншыя, а толькі драбнейшыя; да таго ж, вялікаму Пасейдону выпадала займаць адно такую пасаду, якая б давала ўладу. А калі яму прапаноўвалася служба па-за воднымі абшарамі, ён ніякавеў ад аднае гэткае думкі: ягонае боскае дыханне давала перабоі, а магутныя грудзі пачыналі калаціцца. Зрэшты, яго скаргі сур'ёзна не ўспрымаліся; калі ўладар назаляе, дык трэба зрабіць выгляд, што саступаеш яму – нават у самай безнадзейнай справе; пра тое ж, каб у сапраўднасці пазбавіць Пасейдона пасады, ніхто і не думаў: ён ад веку быў прызначаны марскім богам, і так яно павінна было заставацца.

Найбольш ён злаваўся – а галоўнай прычынаю таго была яго незадаволенасць сваёй пасадай, – калі чуў, якія ў іншых склаліся ўяўленні пра яго: нібыта ён увесь час гойсаў па марскіх абшарах з трызубцам у руцэ, Тым часам ён сядзеў тут, у глыбіні акіяна, і безупынна лічыў; і толькі час ад часу падарожжы да Юпітэра разбуралі гэтую аднастайнасць; зрэшты, тое былі падарожжы, з якіх ён часцей за ўсё вяртаўся раз'юшаны. Гэтак вось ён амаль што не бачыў мораў – хіба што вобмегам, спешна ўзносячыся да Алімпа; ён па-сапраўднаму іх ніводнага разу і не аб'ехаў. Звычайна ён казаў, што чакае з гэтым да сканчэння свету: калі, перад самым канцом, пасля прагляду апошняга разліку, яшчэ надарыцца магчымасць хуценька зрабіць невялікі аб'езд.

Супольнасць

Нас пяцёра сяброў; некалі мы адзін за адным выйшлі з дома; напачатку пайшоў першы і спыніўся пад брамаю, потым выйшаў – а хутчэй лёгка слізгануў, нібы ртутны шарык – з тае брамы другі, спыніўшыся непадалёк ад першага; потым трэці, потым чацверты, потым пяты. Урэшце мы ўсе стаялі ў адным шэрагу. Людзі пачалі на нас звяртаць увагу, паказваць на нас, кажучы: “Гэтыя пяцёра вось цяпер выйшлі з гэтага дома”». З таго часу мы жывем разам, і жыццё наша было б мірнае, каб раз-пораз у яго не ўмешваўся нехта шосты. Ён нічога нам не робіць, але назаляе – і гэтага досыць; навошта ён лезе да нас, калі мы таго не хочам? Мы яго не ведаем і не жадаем прымаць да сябе. Што праўда, мы, пяцёра, раней таксама не ведалі адзін аднаго і, калі хочаце, не ведаем і цяпер, але тое, што можа быць сярод нас пяцёх, немагчымае і няможна цярпець з тым шостым. Акрамя таго, нас пяцёра і мы не хочам быць ушасцёх. I наогул, які сэнс мае гэтае пастаяннае суіснаванне? Сярод нас пяцёх яно таксама сэнсу не мае, але ж мы ўжо разам, і разам застаемся, а новай суполкі нам не трэба – менавіта калі браць пад увагу наш досвед. Але як гэта растлумачыць таму, шостаму? Доўгія тлумачэнні сведчылі б пра тое, што ён ужо амаль прыняты ў нашае кола; мы лепей нічога не будзем тлумачыць і не будзем яго прымаць да сябе. Няхай ён надзімаецца, колькі хоча; мы адпіхнем яго локцямі, але ж як яго ні адпіхвай, ён усё адно вернецца.

Крумкач

Жыў-быў адзін крумкач, які дзёўб мае ногі. Боты і панчохі ён мне ўжо прадзёр, а цяпер дзёўб самыя ногі. Ён наносіў удары дзюбаю, потым неспакойна кружляў вакол мяне, потым працягваў сваю працу. Побач праходзіў нейкі спадар і спытаўся, чаму я не праганю крумкача.

– Я ж без зброі, – быў мой адказ. – Ён прыляцеў і пачаў дзяўбці; я, вядома ж, хацеў яго адагнаць, спрабаваў яго нават задушыць, ды гэтая жывёліна вельмі дужая, кінулася мне проста ў твар, і я палічыў за лепшае ахвяравацца нагамі. А цяпер яны ўжо амаль што разадраныя.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: