Манн Клаус
Шрифт:
Выскалілася зубкамі і Дора Марцін, але пакуль з вуснаў лілося дзіцячае лепятанне, а галоўка какетліва пакручвалася на футры, яе вялікія, разумныя, незамутнёныя і журботныя вочы вывyчалі Гёфгенаў твар.
— Вы яшчэ пакажаце ваш талент! — ціха сказала яна, і нейкую секунду сур'ёзным быў не толькі позірк, але і твар. Сур'ёзна, амаль пагрозліва, яна кіўнула яму. Гёфген, які яшчэ чвэрць гадзіны таму назад хаваўся за шырмай, вытрымаў яе позірк. Тады Марцін зноў засмяялася, завуркатала: — Мы вельмі познімся! — кіўнула і знікла разам са світай. А Гёфген увайшоў у кавярню.
Сустрэча з Дорай Марцін дзіўным чынам падбадзёрыла Гёфгена; здавалася, цяпер ён быў у самым святочным настроі. Твар азараўся святлом літасці. Усе глядзелі на яго, цяпер амаль гэтак жа багавейна, як перад тым на берлінскае свяціла. Перш чым павітацца з дырэктарам Кроге і фраў фон Гэрцфэльд, ён падышоў да Бёка.
— Паслухай, Бёк, — заспяваў ён, прыняўшы спакушальную позу: рукі ў кішэнях штаноў, плечы паднятыя, на вуснах сцярвозная ўсмешка. — Ты павінен пазычыць мне сама мала сем з палавінаю марак. Я хачу як след павячэраць, і нешта мне падказвае, што сёння татуля Ганзэман зышча з мяне гатоўкаю.
Яго вочы, пералівістыя, як каштоўныя камяні, кінулі косы позірк на Ганзэмана, які звесіў шызы нос над стойкай.
Бёк усхапіўся; ад выбрыку Гёфгена, які і ўлесціў і спалохаў яго, вочы зрабіліся яшчэ больш вадзяністыя, шчокі запунсавелі. Пакуль ён моўчкі і мітусліва корпаўся ў кішэнях, а Ганс Міклас з'едліва і варожа назіраў за ўсім, што адбывалася, да іх паспяшалася маленькая Ангеліка.
— Гендрык! — сказала яна нясмела. — Калі табе патрэбныя грошы, я магу пазычыць пяцьдзесят марак да першага!
У Гёфгена адразу вочы зрабіліся халодныя, як у рыбы. Ён фанабэрыста кінуў цераз плячо:
— Не ўблытвайся ў мужчынскія гешэфты, малышка. Бёк любіць даваць.
Гардэробшчык ўсхвалявана кіўнуў, а Зіберт адышла з мокрымі вачыма. Гёфген, не дзякуючы, нядбала апусціў Бёкавыя манеты ў кішэню. Міклас, Кнур і Эфой глядзелі на яго змрочна, Бёк збянтэжана, а Ангеліка са слязьмі, пакуль ён віхлява, белы шаўковы шалік усё яшчэ цераз плечы, праходзіў па кавярні.
— Татуля Шміц хоча замарыць мяне голадам, — патлумачыў ён, пераможна павярнуўшыся ўсмешлівым тварам да дырэктарскага століка. Адтуль ён быў прывітаны некалькімі "хэло"; нават Кроге прымусіў сябе да крыху шумнаватай і не зусім сардэчнай шчырасці:
— Ну, стары грахаводнік, як маешся? Добра перанеслі сённяшні вечар?
Вакол яго кашэчага рота пабеглі складкі, як у Моц, за шкельцамі бліснулі фальшывыя вочы. Па ім раптам стала відаць, што ён піша не толькі эсэ пра палітыку і культуру і вершаваныя гімны, але і больш за трыццаць гадоў мае дачыненне да тэатра. Гёфген і Ота Ульрыхс доўга моўчкі і моцна трэслі адзін аднаму рукі. Дырэктар Шміц неспадзявана мяккім, прыемным голасам сказаў нейкі жарт, а фраў фон Гэрцфэльд усміхалася з беспрычыннай іроніяй, прычым яе залаціста карыя вочы, вільготныя ад унутранай цеплыні і амаль умольныя, глядзелі на Гендрыка. Ён пачаў раіцца з ёю над меню, што дазволіла ёй пасунуцца да яго сваімі раздыханымі грудзьмі. Яго сцярвозная ўсмешка, здавалася, зусім не палохала яе: яна да яе прывыкла, яна падабалася ёй.
Калі татуля Ганзэман прыняў заказ, Гёфген загаварыў пра сваю пастаноўку "Абуджэння вясны".
— Будзе прыстойна, думаю, — сказаў ён сур'ёзна, а вочы тым часам слізгалі па кавярні, аглядваючы актораў, як вочы палкаводца азіраюць войска. — Вэндлу Зіберт не сапсуе, Банэці, канечне, не ідэальны Мэльхіёр Габар, але справіцца, наша дэманічная Морэнвіц дасць першакласную Ільзу.
Не часта здаралася, каб ён гаварыў вось так проста, без кепікаў, сур'ёзна і дзелавіта, як цяпер. Кроге паважліва, не без подзіву прыслухаўся. І толькі Гэрцфэльд зноў прыпсавала Гёфгену настрой, калі, саркастычна-падлізліва наблізіўшы вялікі, прыпудраны твар да самага Гёфгена, заўважыла:
— Ну, а што да Морыца Штыфеля, — дык тут ужо з самага аўтарытэтнага боку, самой Дорай, запэўнена, што малады актор, якому мы даверылі гэтую ролю, зусім не без таленту...
Кроге няўхвальна нахмурыў лоб. Гёфген як бы нічога і не змеціў.
— А што б вы сказалі, дарагая, калі б вам даручылі ролю фраў Габар? — у лоб спытаўся ён у Гэрцфэльд.
Гэта ўжо быў адкрыты і грубы глум. Што фраў Гэрцфэльд бог абдзяліў талентам, ведалі ўсе, і ўсе ведалі, што яна ад гэтага пакутавала. Любілі пакепваць з таго, што разумная дама не магла перасіліць сябе і абмежавацца хоць бы сціплымі ролямі старых матухнаў. На бестактоўнасць Гендрыка яна паспрабавала раўнадyшна перасмыкнуць плячыма, але нават пад грымам было відаць, як густая чырвань з адлівам у фіялетавасць расплылася па ўсёй плошчы яе вялікага немаладога твару. Кроге ўсё гэта бачыў, і ў яго сэрца зашчымела ад жалю, блізкага да пяшчоты: колісь у Кроге быў раман з фраў Гэрцфэльд.
Каб перамяніць тэму ці, правільней, перайсці да той тэмы, якая яго сапраўды сур'ёзна займала, Ульрыхс загаварыў пра рэвалюцыйны тэатр.
Рэвалюцыйны тэатр быў задуманы як серыя нядзельных ранішніх спектакляў у пастаноўцы Гендрыка Гёфгена пад патранажам камуністычнай арганізацыі. Ульрыхс, для якога сцэна ў першую чаргу і перш за ўсё азначала палітычны інструмент, з учэпістай натхнёнасцю ўхапіўся за гэты праект. П'еса, якую падабралі для прэм'еры, бліскуча падыходзіла для адкрыцця тэатра, ён яшчэ раз грунтоўна вывучыў яе.