Вход/Регистрация
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
вернуться

Манн Клаус

Шрифт:

— Партыя вельмі цікавіцца нашым праектам, — заявіў ён і з поўным значэння, змоўніцкім выглядам паглядзеў на Гёфгена, як бы не заўважаючы Кроге, Шміца і Гэрцфэльд, але горды тым, што і яны яго чуюць і што яго словы ўражваюць іх.

— Яно так, але ці сплаціць мне партыя адшкадаванне, калі добрыя гамбуржцы пачнуць байкатаваць маю ўстанову, — бурчаў Кроге, якога думка пра рэвалюцыйны тэатр увяла ў скептычна-прыкры настрой. — Так, — сказаў ён, — у 1918 годзе яшчэ можна было дазволіць сабе такія эксперыменты. А сёння...

Гёфген і Ульрыхс пераглянуліся, у іх позірках чыталіся высакамернасць і тайнае ўзаемаразуменне, а таксама пагарда да мяшчанскага мыслення іх дырэктара. Так яны глядзелі доўга, фраў фон Гэрцфэльд бачыла гэта і пакутавала. Нарэшце Гёфген, крыху па-бацькоўску паблажліва, звярнуўся да Кроге і Шміца.

— Рэвалюцыйны тэатр нам не пашкодзіць, напэўна не, паверце, татуля Шміц! Добрае ніколі чалавека не кампраметуе. Рэвалюцыйны тэатр будзе добры тэатр, бліскучы! Справа, за якою стаіць сапраўдная вера, сапраўдны энтузіязм, пераканае ўсіх — нават ворагі замоўкнуць перад гэтай маніфестацыяй нашых палымяных ідэй.

Яго вочы свяціліся, крыху касавyрылі і, здавалася, глядзелі ўдалечыню з захапленнем, туды, дзе прымаліся вялікія рашэнні. Падбародак ён трымаў горда задзёртым; на бледным, крыху адкінутым назад, пачуццёвым абліччы ляжаў бляск упэўненасці ў перамозе.

"Гэта сапраўдная захопленасць, — думала Геда фон Гэрцфэльд. — Гэтага сыграць ён не можа, хоць і такі таленавіты."

Яна з трыумфам паглядзела на Кроге, які не змог прыхаваць хвалявання. Ульрыхс радасна падняў галаву.

Пакуль усе сядзелі, скаваныя эфектам яго кранальнага энтузіязму, Гёфген раптам змяніў паставу і выраз твару. Ён зарагатаў і кіўнyў на фота трагічнага героя на сцяне над сталом: сурова скрыжаваныя на грудзях рyкі, горды позірк з-пад змрочна насупленых броваў, шырокая барада, старанна распраўленая на нейкай фантастычнай егерскай камізэлі. Гендрык ніяк не мог супакоіцца, убачыўшы сябе такім пацешным тыпам. Пад агульны рогат, і толькі пасля таго як Геда паляпала яго па спіне, — інакш Гедрык удавіўся б салатам — ён заявіў, што сам быў вельмі падобны, — так, амаль не адрозніць — на гэтага тыпа, калі яшчэ іграў ролі татуль у паўночнагерманскім вандроўным тэатры.

— Яшчэ хлапчуком я выглядаў такім непамысна старым. І па сцэне хадзіў, згорбіўшыся ад сораму. У "Разбойніках" мне далі старога Моора. Я быў выдатны добры стары Моор. Кожны з маіх сыноў быў гадоў на дваццаць старэйшы за мяне.

Пакуль ён рагатаў і гаварыў пра паўночнагерманскі вандроўны тэатр, ад усіх сталоў збіраліся калегі: усе ведалі, што зараз пойдуць анекдоты, і не якія там сівабародыя, а новыя, і, трэба думаць, даволі дасціпныя — рэдка бывала, каб Гендрык паўтараўся. Моц, чакаючы асалоды, ужо пацірала рукі, ужо радасна паблісквала золатам зубоў і са змрочнай вясёласцю канстатавала:

— Зараз парагочам!

І адразу кінула сур'ёзны позірк на Петэрсэна, бо той тым часам заказаў сабе двайны каньяк. Рахэль Морэнвіц, Ангеліка Зіберт і красун Банэці — усе аж прыліплі да вуснаў Гендрыка. Нават Міклас мусіў прыслухацца, хацеў ён таго ці не: рафінаваныя жарцікі ненавіснага Гендрыка змусілі яго да бурклівага, насуперак волі, дробненькага смяшку. А гледзячы на штyкі любімага злосніка, радавалася і таўстуха Эфой. Пасопваючы, яна пасунула сваё крэсла бліжэй да Гендрыкавага, прамармытала: "Спадарства не супраць?", апусціла на калені недавязаную панчоху і спіцы, прыклала правую руку трубачкай да вуха, каб нічога не ўпусціць.

Вечар удаўся як ніколі. Гёфген быў у форме. Ён чараваў, ён ззяў, як брыльянт. Нібыта перад ім была вялікая публіка, замест некалькіх калегаў, ён крынічыў, велікадушна-душэўна, жартамі, шармам і бясконцымі анекдотамі. Чаго толькі не здаралася на той вандроўнай сцэне, дзе ён іграў татуляў! Моц аж заходзілася ад смеху. "Дзеткі, не магу больш!", крыкнула яна, і як што Банэці пацешна-галантна абмахваў яе хусцінкай, яна не заўважыла, як Петэрсэн зноў заказаў сабе шнапсу. Калі ж Гёфген вісклівым голасам, рэзкімі жэстамі і пачварна касавурачы пачаў паказваць юнацкія сентыментальнасці вандроўнага тэатра, дык нават у татулі Ганзэмана перакасіўся застылы твар, а гер Кнур схаваў ухмылку за насоўкай. Большага трыумфу з сітуацыі, здаецца, і выдабыць было нельга. Гёфген спыніўся. Пасур'ёзнела адразу і Моц, убачыўшы, як наклюкаўся Петэрсэн. Кроге даў знак канчаць. Было ўжо дзве гадзіны ночы. На развітанне Морэнвіц, якой заўсёды прыходзіла ў галаву што-небудзь арыгінальнае, падарыла Гендрыку доўгі муштук — дэкаратыўную, але, зрэшты, зусім неўжыткоўную рэч.

— Гэта таму, што ты сёння такі нязвыкла дасціпны і пацешны, Гендрык.

Яе манокль падбліснуў яго маноклю. Убачылі, што ў Ангелікі Зіберт, якая стаяла каля Банэці, ад зайздрасці пабялеў нос, вочы напоўніліся слязьмі і адначасова зрабіліся крыху хітраватыя.

Фраў Гэрцфэльд запрасіла Гендрыка выпіць з ёю яшчэ па кубачку кавы. У пустой кавярні татуля Ганзэман ужо тушыў лямпы. У змроку Геда мела свае выгоды: яе вялікі, мяккі твар з пяшчотнымі, разумна адухоўленымі вачыма цяпер здаваўся маладзейшым ці нават зусім безузроставым. Гэта ўжо больш не было засмучанае аблічча інтэлектуальнай жанчыны, якая старэла. Шчокі больш не здаваліся прыпушанымі, а гладкімі. Усмешка вакол па-ўсходняму абмяклых, паўраскрытых вуснаў больш не была іранічная, а амаль спакушальная. Ціха і пяшчотна глядзела фраў фон Гэрцфэльд на Гендрыка Гёфгена. Яна не думала, што сама выглядае больш міла чым звычайна; толькі таму, што Гендрыкаў твар з напружанай пакутлівай рыскай на скронях і высакародным падбародкам быў бледны і выразна вымалёўваўся ў змроку, яна заўважыла і цешылася гэтым.

Гендрык аблакаціўся на стол і паклаў пальцы выцягнутых рук адна на адну. Гэтую прэтэнцыёзную позу ён дазваляў сабе, як чалавек, у якога прыгожыя, гатычна вострыя пальцы. Але рукі ў Гендрыка Гёфгена ні ў якім разе не былі гатычныя; больш за тое яны, здавалася, хацелі сваёй непрыгожай грубасцю зняхаіць рысы пакуты на скронях. Верх рук быў шырокі і ў рыжых валасах; шырокія былі і даволі доўгія пальццы, кашчавыя, з не дужа чыстымі пазногцямі. Менавіта гэтыя пазногці надавалі рукам непрэзентабельны выгляд. Здавалася, яны былі з менш вартаснай субстанцыі: рыхлаватыя, рассыпчатыя, без бляску, без формы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: