Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Зямля дзядоў
Слова Мiцкевiчу
Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты з'яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, ў кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера.
Нячутныя крокі твае, а вочы з пяшчотнасцю нябачанай глядзяць на гэтую простую і мілую зямлю.
Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне, а вушы чуйна прыслухоўваюцца да новых спеваў, што гучаць на берагах чыстых, як сэрца тваё, беларускіх рэк.
Ноч вялікая-вялікая, і таму паспяваеш ты пабываць скрозь: на рудых берагах Дняпра і на беразе Світазі, дзе ў хвалях водарасці заблыталіся як русалчыны косы, ў сініх лясах Гродзеншчыны і на гары Маяк.
Неабсяжная зямля наша, але паўсюль, дзе пачуеш ты "кугаканне" савы над акном хаты, ты, непрыкметны, заходзіш у хату і глядзіш у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся ў той дзень, калі ты памёр.
І дзіцёнак маўчыць і ўсміхаецца, бо ён бачыць тое, чаго не бачаць дарослыя: не прывід, а проста добры чалавек, толькі больш маўклівы, больш паглыблены ў сябе, нахіліўся над ім.