Вход/Регистрация
Паэзія розных гадоў
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А ты глядзіш на яго і калі бачыш, што сумленныя вочы ў яго бацькоў, даеш яму добры і сумленны лёс.

Аднаму ты даеш будучыню слаўнага казачніка, другой - будучыню добрай маці, трэцяму - славу вялікага героя, а чацвёртаму - проста славу Чалавека, працаўніка, рукі якога робяць усё на зямлі і кормяць таксама ўсіх.

Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, даў мне вочы, якія бачаць сум явара над вадою; вушы, якія чуюць песню чалавечую; рукі, якія здольны перабіраць як струны галіны прырэчных верб; ногі, каб выхадзіць зямлю; і глотку, каб спяваць язычаскія песні, песні сонцапаклонніка.

Я не кажу, што твой вялікі голас гучыць у нашым. Проста маленькім ялінам добра ў цяні адвечнага дрэва.

Пераблыталіся нашы шляхі, шлях тваёй Радзімы і шлях маёй, і шляхі ўсіх краін славянскіх зліліся ў адну раку і не адрозніш, дзе тая, а дзе іншая плынь.

Пацебня і Каліноўскі і Траўгут баранілі праўду тваю, рускі, беларус і паляк, і славаю іхняй быў бяссільны плач кабеты, пра які ты пісаў, і моцны ўдар нашчадкаў, якія павалілі спрадвечнае пудзіла.

Вялікае сонца славянскае, ты ж бачыш іх, калі прыходзіш да нас у лістападаўскую ноч, ты ж сам ведаеш гэта лепей ад нас.

Як сонца ў маленькай кроплі адбіўся гэты вялікі шлях у непрыкметнай долі маёй.

Продак, што загінуў у шэсцьдзесят трэцім; песні, што спявала мне маці; сваяк мой, які калісьці ў падпітку на знак таго, што жыве ў нашчадках дух і мужнасць Гражыны, з'ехаў з "капца Міцкевіча" на гарачым кані, пусціўшы яго наўскач.

Я веру: табе гэта спадабалася б. Ты заўжды любіў маладзецтва.

Але бачыш, іншыя, новыя надышлі часы. Вось рукі сябра-паляка ў маіх руках. Я адчуваю іх цеплыню і цвёрдасць і суровую, сяброўскую ласку.

Вось кніга тваіх вершаў перада мною. Яе падараваў мне твой нашчадак (нацыя ж заўсёды нашчадак лепшага свайго паэта).

І на вокладцы напісаў ён словы твае: "Вашы чужаземныя твары маюць права пражывання ў сэрцы маім".

Бачыш, вось зямля, вось новае жыццё на ёй.

Настала "сіла праваў", і праз стагоддзе абняліся ўнукі славянскія.

Кветкі і чырвоныя галіны восені, працу рук нашых і песні прыносім мы на магілу тваю, вялікае сэрца славянскае, настаўнік і сябра наш.

Звоняць і звоняць вярбовыя струны, і цвёрдыя крокі твае заўсёды гучаць разам з нашымі, і наперадзе, і лёгка нам ісці, адчуваючы цябе поруч.

Туды, туды, дзе сонца ўсходзіць.

Кастальская крынiца

Чутка ёсць, што ў лясной лагчыне, Дзе туман на галінах сядае, Ручаёк празрысты і сіні З-пад калоды ў свет выцякае. Там спявае ўсё-ўсё жывое, Нават жоўтая, палая гліца, І спяваюць стройныя хвоі, Што растуць над гэтай крыніцай. Кропля кожная голас мае, Як бяжыць яна па адхону. Нават шчур салаўём спявае, Як нап'ецца вады сцюдзёнай. Чуеш? Песня звініць, не сарвецца Гукам чыстым, высакародным. А крыніца - песняю звецца, А цячэ яна - з гушчы народнай. Адшукаць бы яе на прадвесні У лясістых горах і долах, Каб спяваць не чужую песню, А сваю - ды на поўны голас. Як шукаць мне тую крыніцу Сярод дрэў вялікіх, няўламных? Як вады дасхочу напіцца І зайграць, каб слухалі камні? Каб зубры прыходзілі з лесу І надоўга жаваць забывалі, Каб сабакі - і тыя за песню Запылёныя ногі лізалі. Каб магутнай была як навала, Каб для ўсіх была добрай знаёмай, Каб мярзотнікаў розных карала Як удар няўмольнага грому, Каб са мною плакалі людзі І смяяліся разам са мною, Каб у самых бяздушных грудзях Сэрца стукнула як маладое. Тут адному дарогі не будзе, Правядзіце мяне да хвояў, Працавітыя, простыя людзі, Сумленне маё жывое. 

"I чаго гэта, таварыш..."

І чаго гэта, таварыш, Так заўжды бывае, Што удома часта марыш Аб нязнаным краі? А як лёс туды закіне - Сэрца сніць заўсёды Пра звычайную асіну На родным гародзе. 

Энтузiясту

Ўсё жыццё ён збіраў дыяменты народныя Па шляхах Беларусі і ў спёку і ў сцюжу, Ўсё жыццё яго сэрца высакароднае Працавала няўтомна і білась напружана. Ў гуках злоўленай песні жыло незвычайнае: Шчасце новых гадоў над радзімаю мілай, Спеў жалейкі над рэчкаю, гукі адчаю, - Ўсё, чым людскае сэрца вякамі жывілася. Песні сытых дажынак у жнівеньскім садзе, Кліч купальскіх агнёў здалёку і зблізку, Песні жніўных палёў, песні гора і радасці, Песні маці над першай дзіцячай калыскаю. І не штучнаю кветкай, а кветкай сапраўднаю, Не ў паперы, а ў гуках, дарагіх і любімых, Ўстала песня народу простай, як праўда, І такою вялікай, як гэта магчыма. Ціха ў зале. І твар яго думкай асвечаны. Кажа ён пра фальклору адценні і фарбы, Кажа нам пра жыццё, што адному прысвечана - Збераганню народных, нязлічаных скарбаў. "Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных, Сцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай, Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну - Ўсё сплыве, а легенда і песня застанецца". Хай не ўсё у жыцці так як след атрымалася, Памятайце, настаўнік, што слова плённае Як зярнятка на добрую глебу ўпала, І у сэрцах юнацкіх зарунела, зялёнае. Шмат яшчэ спадкаёмцаў вам трэба выкаваць. Будзе шлях пераможным, слаўным, бяскрайнім. На вялікія справы - і сэрца вялікае, На вялікае сэрца - і лёс надзвычайны. 

Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю

Кашаль зваліў, ахутаў, Грудзі пачаў сціскаць: "Хутчэй прынясіце путы, Ён не хоча смерць паважаць". Лёд на сценах. Калоціць. Цяжка. І з-за вуснаў ізноў, ізноў, Як віно з заімшэлай пляшкі, Выцякае паволі кроў. Смерць прыйшла і на ложак мосціцца. Гэта лепей... Не можна жыць. Так усё жадана і проста: Падкарыцца, павекі стуліць. Будзе цёпла... Спакой навекі... У грудзях не смыліць агнём... І не будзе гвалту і здзеку, І руін за разбітым шклом. "Горад... горад... родны мой... любы... Па-над вулкамі тлусты чад... Ўсіх знішчаюць... бетонныя кубы - Камісара гестапа загад. Гад адзін, а тысячы гінуць... Ўсе здаровыя - цяжка канаць... Хутка два... ён выйдзе з машыны. Трэба ўстаць, трэба ўстаць. Ёсць загад... Мелі ўсе ахвоту. Ён сябрам заявіў тады: "Права мне надалі сухоты І юнацкія вашы гады". . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Цяжка ўстаць, бы дзіцёнку з калыскі, Трэба думаць, хадзіць, глядзець. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . А над ім, схіліўшыся нізка, Умаўляе пяшчотна смерць: "Што ты трызніш. Лепей памерці І спакойна марыць і спаць. Спаць так добра".  - "А боль у сэрцы? Трэба ўстаць! Трэба ўстаць!.." – "Спі, каханы. Галоўка цяжкая... Сон апошні цябе атуліў..." – "Прэч адсюль...  Не магу...  Не жадаю... Я не ўсё давяршыў". Як на хвалях ложак хістаўся, Заставалася сорак хвілін. Ён паволі, па частках падняўся Бы цяслярскі аршын. І хоць смерць абяцала цішу, Мяккі сон, салодкі дурман - Ён як п'яны з пакоя выйшаў, Намацаўшы ў кішэні наган. Валаклася за ім неадступна, Бо лічыла ганьбою адстаць, Сто разоў на кожнай прыступцы Запрашала легчы й не ўстаць, Але ён, слабы і галодны, Адказаў, сціскаючы рот: "Што мне скажа мой горад родны? Што мне скажа родны народ? Што мне выгляд твой дзікі і грозны? Вось той дом. Я памру ў барацьбе. Ты спачатку мярзотніка возьмеш. Я прымушу цябе. Тормаз рыпнуў... Ідзе па алеі... Адыдзі і не замінай, Адыдзі, адыдзі хутчэе, Стань унь там і маўчы, чакай". Першы стрэл упэўнена гакнуў, Другі трапіў яшчэ камусь: "Атрымай, атрымай, сабака, Хай жыве Беларусь!" Вось штыхоў халодныя джалы, Вось апошні да смерці парог... Смерць зубамі заскрагатала: "Ён памрэ, але ён перамог". Чалавек на нагах хіснуўся, Проста рукі злажыў накрыж, Паглядзеў на яе, усміхнуўся: "Што чакаеш?.. Хадзі ж... Хадзі ж". 

Шыпшына i ружа

З народнага 
Шыпшына і хатняя ружа Калісьці разам жылі І разам кахаліся шчыра На мяккай садовай зямлі. Абняўшыся, на гародзе Стаялі да ранняй зары, І дзеткамі іх лічылі і дуб стары. Так яно ўсё і цягнулася, Добра кветкам было, Пакуль не паслаў за падаткам Кароль гайдукоў на сяло. Карову - за вокны ў хаце, Сто злотых - ад бараны. І нават падружжу нашаму З пагардай сказалі яны: "Пакуль яшчэ маладыя - Давайце кветкі й лісцё, А потым, як дзеці будуць, Дзяцей сваіх аддасцё. Не жыць ім у подлай вёсцы, Не чуць ім мужыцкіх слоў, Расці ім ля гордых палацаў, Уцехаю быць для паноў". Горда ў адказ шыпшына Сваёй скалануў галавой: "Мілей нам родная хата З яе саламянай страхой. За камень гарачы хапайцеся, А не за нашых дзяцей. Як будуць - не дам на знявагу Кату, што мучыць людзей". Цягнуць рукі да ружы - Шыпшына даў аднаму, Ўзяліся яны за шыпшыну, Рукі круцяць яму. Сцябаў гайдукоў у вочы, Па твары бязлітасна біў, Падрапаў гайдуцкія рукі, А ружу сабой затуліў. Пабеглі за дапамогай, Бягуць з рыдлёўкай, з касой, І кажа шапшына горды Дзяўчыне каханай сваёй: – "Бегма, ратуемся, ружа, Каханка, радасць мая". – "Шкада мне матулі-вішні. Бяжы, застануся я". За ім да пушчы гналіся, Гналіся з сабакамі ўслед І толькі ля рэчкі глыбокай Згубілі шыпшынаў след. І нельга з'явіцца з пушчы Да ружы каханай яму, Бо могуць схапіць гайдукі І кінуць навекі ў турму. Так і жыве ён у лесе У шапцы чырвонай як кроў, Кінжаламі і нажамі Узброены да зубоў. Стаіць ён як горды мсцівец, На вёску з узлесся глядзіць. Хай цяжка - затое вольны, А вольнаму добра жыць. А там, каля старай хаты, З сівінкаю на лістах Сумуе хатняя ружа У чыстых росах-слязах. 
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: