Вход/Регистрация
Паэзія розных гадоў
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Марозныя тропікі

Тропікі марозныя на шыбах. Пальмы, сець ліянаў і трава. Там струной сярэбраныя рыбы Выгінаюцца між сініх хваль. Дзіўны край; там срэбраныя цені, Там жанчыны скачуць на аленях. Там жар-птушак, нібы ў нас сарок. Фары за акном - і ён святлее, Месяц за акном - і ён пяе... Меркне у тваіх дрыготкіх веях, Калі гладжу валасы твае. Ён пагасне ў ночы на ізлёце, Расцвіце ў заранцы і засне, Калі ты з суцішанай пяшчотай Ціха пацалуеш рукі мне. 

З зорнага сяйва i пены крывавай, або Паэма аб павароце стырна

Арцюру Рэмбо і ўсім іншым, якія яшчэ не ведалі

Паэма 
І
Судна да порта далёкага йшло Па чырвонай пеннай вадзе. Сто капітанаў на ім было, Мільён матросаў на ім было, Два мільярды "іншых" на ім было, - Пасажыраў, звычайных людзей. І хоць сваркі ўспыхвалі часам на ім, І грымеў пісталетаў гул, І чарніў зялёныя ветразі дым, І сыцелі чароды акул, - Кроў пасля ўсё адно змывалі валы, Бак і ют ставалі як шкло, І востраў далёкі ўставаў з імглы, А за ім - зялёны ўставаў з імглы, А за ім- блакітны ўставаў з імглы, І пальмы білі паклон. І ваякі сыходзілі на астравы, Йшлі з жанчынамі ў нетры лясоў, І былі пацалункі ў джунглях травы, Як свежых какосаў сок. А калі ў спустошана-шчасных снах Пачынала хістацца зямля, - Ім хацелася зноў у далёкі шлях, На палубу карабля. Зноў Венеры серпік дрыжэў над вадой, Марс квітнеў, як барвяны мак, І ў святле кахання над іх галавой Весяліўся ўвесь Задыяк. Поўнай мерай на Шалях важылі ім Серабрыстых вясёлых Рыб, Стралец ганарыўся ўмельствам сваім, Перад Дзевай склаўшы дары. Казярог пад совусам марыў пра нож, А ляжаў па-мярцвецку, як Ной. Вадалей вадой разбаўляў віно, Як загадчык раённай піўной. Судна шчасна плыло дарогай марской, Дарогай краін і вякоў Да пуцяводнай зоркі сваёй, Да летуценнай зоркі сваёй, Да адзінай на свеце зоркі сваёй, Імя каторай - любоў.
ІІ
Ў моры плыве карабель-невідзімка, Згас за марамі Альдэбаран... З зорнага сяйва, расы і дымкі Шлях пралягае за акіян. Ванты спяваюць, ванты спяваюць. Бездань марская, як зыбкае шкло. Ў кожнага зорка ёсць залатая, - Толькі ў мяне няма, не было. Што мне без зоркі хвала і слава І запаветная недзе зямля? Пенай крывавай, пенай крывавай Сэрцу здаецца шлях карабля. Ён застывае, як гнеўная лава, Ён узнікае, як вечны падман. З зорнага сяйва, з пены крывавай Шлях пралягае за акіян. Дзе ты, далёкая і белапенная, Ў сонцы народжаная і расе? Клічу і клічу цябе, як сірэну Клікаў прывязаны Адысей. І заўважаюць адчайныя вочы: Як па нацягнутай звонкай струне, З самай мяжы паміж днём і ноччу Нехта па хвалях ідзе да мяне. Цягне з туманаў ломкія рукі, Сонца нясе мне празрыстай рукой, Ўстаўшы як радасць, як песня, як мука, - З зорнага сяйва і пены марской. 

Запавет

Трэба дзесь закапаць мае тленныя косці. І хацеў бы ляжаць я над родным Дняпром На зялёным, сасновым, грывастым пагосце, Дзе бусліны клёкат у ліпеньскі гром. 

Нараджэнне Венеры

За вокнамі дзень дагарае, Знікае агнёў ракой. І ты з карціны сплываеш У змрочны, ціхі пакой. Чужая, зусім чужая, Ніколі не будзеш маёй. Вочы твае і цела Стварыў калісь Бацічэлі Шмат стагоддзяў таму На муку маю, На муку. На вечную ў сэрцы зіму. 

Прыйдзі

Не чакаць парываў свабоднага брыза, Не чакаць святла сярод цёмнай начы. Час рабоў і здрады. Эпоха Чынгіза. Час дрыжачых мужчын і хлуслівых жанчын. І ў баі і ў каханні вароцяць спіны. Што ж рабіць? З году ў год лічыць барышы? Для чаго? Ўся слава, віно і жанчыны Суета сует і тамленне душы. Зарастае травою ў сумлення ганак, І ваююць даносам замест свінца. Пасля славы - наклёп, нуда - пасля п'янак, Пасля здрады кахання - туга да канца... Да канца... Ўспаміны адносяцца роем... Я адзін. Я адзін супраць тысяч стаю, Клічу сэрцам збавіцельны полаг спакою, Што закрые мне крыламі вочы ў баю. 

"Мiр гэтаму дому..."

Мір гэтаму дому, Дзе шчасце мы бачылі ўсе... Вецер шматкі саломы Па мокраму снегу нясе, Дожджык імжыцца ціхі (Вясковы вячэрні час), Карова з добрымі ўздыхамі Глядзіць з-за сена на нас; Курка з цёплага поклада Кудахча, бы знесла сусвет... Прытульны, добры і цёплы Наш беларускі свет. Садок да рачулкі збягае, Хатка глядзіцца ў плёс. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Арлы на свет вылятаюць З такіх менавіта гнёзд. 

"Вярнуўшыся з далёкага бадзяння..."

Вярнуўшыся з далёкага бадзяння На словы дзён былых, на іх напеў, Я ціха стукнуў пад акном каханай І як адказ пачуў вясельны спеў. Крыніцы сініх пушч асірацелі, На вываратнях сівізна, як снег, Таму, што цішыня пануе смела, Дзе чуўся некалі твой срэбны смех. 

Цвыркун i праблема чыстага мастацтва

З гарадоў егіпецкіх пажоўклых Мо таму ўжо некалькі вякоў Гандляры ў пахучых скрутках шоўку Ў Беларусь завезлі цвыркуноў. Безбілетны пасажыр з пустыні, Ён асеў за печкаю у нас: Цёпла, суха, бы ў сваёй краіне. Грубка цепліцца ў вячэрні час. Старажытнейшы паэт на свеце, Чыстае мастацтва лозунг твой. Не для лаўраў, не для славы гэтай Песняй парушаеш ты спакой. Я не супраць: нам патрэбны мары, Але зараз нельга быць сабой. Ведаеш, што робіцца, таварыш, На Радзіме сонечнай тваёй? Твой Сінай ад стрэлаў шчэ гарачы: Прыкладзі - і абпячэш далонь, Муміі крывёю горкай плачуць, Гледзячы на раны і агонь. Я не веру, што было б магчыма Спевакам, сынам сваёй зямлі, Заспяваць святы матыў Радзімы Для вушэй, што поўсцю зараслі. Трэба бараніць усё, што любіш, Каб па праву заспяваць пасля. Не спявай пра цёплы кут за грубай, Пакуль горам поўніцца зямля. 
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: