Шрифт:
Ужо адны лічбы (гэта ж падумаць страшна, «шэсцьдзесят тысяч войска», ды конніца, ды артылерыя!) аглушылі, ашаламілі, загіпнатызавалі... А гэтыя строгія, не зусім зразумелыя і ад таго магічна-ўладныя словы - «афіцыйна», «патранаж», «асігноўка»?.. А прысутнасць самога генерала Юзэфа, вядомасць якога ненамнога меншая, чым у генерала Станіслава?..
Было ад чаго ім, жменьцы незалежнікаў-бээнэраўцаў, прыйсці ў адчай. З вінаватымі, разгубленымі ўсмешкамі на тварах ім заставалася адно сядзець, слухаць і адчуваць, як з кожным словам таго ж Самусевіча нарастае і нарастае, проста ў паветры вісіць пагарда да іх, слабенькіх, нічога за душой не маючых «нацыяналістых»...
І вось, калі здавалася - усё, крах, пахаваная яшчэ адна надзея неяк утаймаваць, абразуміць гэтую стыхію, пераламаць яе на свой лад, калі сярод іх саміх пачаліся сваркі (напрыклад, ужо і старшыня прэзідыума Пракулевіч пагаджаўся, каб увесь «супраціў» бальшавікам абмежаваць стварэннем і дэманстрацыяй беларускіх міліцэйскіх атрадаў у Слуцку), калі амаль змірыліся з тым, што ў лепшым выпадку яны сваім вайсковым аддзелам адродзяць, як Фенікса з попелу, тую самую клятую і імі, незалежнікамі, і тутэйшым людам Добраахвотніцкую Народную Армію Балаховіча «пад патранажам Савінкава», і тады ў іх - нуль шанцаў на падтрымку, аніякае надзеі на афіцыйнае прызнанне іх кім бы там ні было, тады і падняўся з першага рада і выйшаў сюды, да прэзідыума, малады высокі чалавек у чорным франтаватым паліто і з модным белым шалікам на шыі. Можна было падумаць, што гэта якісь замежны госць вырашыў ні з таго ні з сяго зрабіць візіт з'езду і прэцца зараз на сцэну... але дэлегаты - людзі спрактыкаваныя, шыкоўным палітонам падмануць іх было цяжка, дужа выдавалі маладога чалавека і касалапая «кавалерыйская» хада, і сама пастава яго, чалавека ваеннага, прывычнага да выпраўкі і дысцыпліны. Не міргаючы, ён уперыў вочы ў залю, ужо адной сур'ёзнасцю, суровасцю на твары ўсяляючы ў дэлегатаў павагу да сябе - маладога, дужага, упэўненага, - паказваючы, што збіць яго з панталыку, а тым больш запалохаць чым-небудзь цяжка. Упёрся магутнымі кулакамі ў абцягнуты кумачом стол, счакаў, пакуль настане цішыня. Цвёрдым голасам прамовіў:
– Я, Паўла Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі прызначаны камісарам на ўсю Случчыну, вось мой мандат, - выцягнуў з кішэні паперчыну.
– Улада тут належыць толькі кіраўніцтву БНР у асобе Найвышэйшай Рады, і я як упаўнаважаны яе не дапушчу тут якіх бы там ні было атрадаў прадстаўніка «единой и неделимой» Савінкава, палітычнага трупа Балаховіча, жуліка-спекулянта на беларускім пытанні Алексюка і іншай навалачы!
Не верачы сваім вушам, яны, жменька незалежнікаў, услухоўваліся ў мёртва-пачцівую цішыню, якая раптам запанавала ў залі. Рэзкія, непамысна смелыя словы Жаўрыда падалі ў гэтую цішыню - кожнае як удар малатка аб брусок медзі.
Апамяталіся, самі цяпер разгубленыя і спалоханыя, балахоўцы: «Адкуль ён узяўся?!», «Хто даў слова?!», «Няма ў рэгламенце!». Але на іх цыкнулі і ззаду, і з бакоў (а раз'ятранага доктара Паўлюкевіча, заламаўшы яму рукі, проста выставілі за дзверы, «на ўсялякі выпадак, бо чалавека паслухаць не дасць!»).
– Прапаную неадкладна прыняць рэзалюцыю аб мабілізацыі, - тым часам біў у медзь малаток, - а таксама аб нашых адносінах да Саветаў і да Польшчы. Пры складанні гэтай рэзалюцыі абавязкова прыняць пад увагу, што нават калі мясцовыя сялянскія сілы і будуць нязначнымі для перамогі над бальшавікамі, дык у кожным разе пачатая беларускімі масамі барацьба пакажа народам усяго свету, што беларускі народ прачнуўся і змагаецца за сваю незалежнасць!
І далей тэатральным, эфектным (хутчэй за ўсё загадзя прадуманым) рухам імператара Пятра, які тыцнуў пальцам у непралазную твань і дэклараваў, што на гэтым месцы будзе закладзены горад, закончыў, як шабляю секануў:
– Тут будуць сфарміраваны ваенныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі!
У залі стаяла такая цішыня, што, калі нехта ў першым радзе кашлянуў ціхенька, прачышчаючы горла, многія ўздрыгнулі, бы ад стрэлу...
І раптам, у адначассе, узарвалася ўсё громам апладысментаў. Уставалі і ляпалі ў ладкі стоячы, не саромеліся слёз, якія самі сабой наплывалі на вочы... Дык вось яно, аказваецца, як! У нас ёсць свой урад, свая рэспубліка, свая мова, свае вайскоўцы!
– і праўда, паглядалі адзін на аднаго збянтэжана, здзіўлена: як жа мы раней не маглі датумкаць?! Гэта ж так проста, так правільна, так натуральна - з якога боку ні глянь! Якія тут могуць быць «рускія камітэты», якія палякі, якія Саветы? Мы беларусы, мы сабраліся, мы за сваю Беларусь - адно цёмныя мы, няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці... дык прыходзьце і валодайце намі!..
VII
Мірановіч затушыў лямпы, адну і другую. І без іх зрабілася не цямней, а святлей. Настаў дзень.
Жаўрыд чыркнуў алоўкам па аркушыку паперы, які ляжаў перад ім на стале, пару слоў, падкрэсліў іх двойчы - нібы падагуліў усё, што выслухаў і вычытаў за раніцу. Схаваў аловак у нагрудную кішэню гімнасцёркі.
– Ну што, цяпер ясна збольшага, - сказаў.
– Пайшлі, грамадзяне-панове-таварышы!
– і пасміхнуўся, даючы зразумець, што выдатна ведае пра ўсе раздраі, пра ўсе згрызоты, але іншых людзей у яго няма, усе для яго аднолькавыя, нікога ён не вылучае і ўвогуле надышоў такі час, што трэба забыць на ўсё, аб'яднацца дзеля «сьвятое справы».
– Зачытаем гэтую шматпакутную дэклярацыю і патлумачым людзям, што маем на сёння.
Накінуў на плечы шынель, самы першы - паўз днявальнага, які пры яго з'яўленні выпрастаўся «смірна» і прыціснуў да грудзей вінтоўку, прытуліўся да сцяны вузкага калідора, - выйшаў на ганак. За Жаўрыдам, пераглядваючыся, перамаўляючыся, хто з гатоўнасцю, паспешліва, замінаючы адзін аднаму ў дзвярах, хто неахвотна, буркаючы пад нос, што, маўляў, «камандзіраў многа - толку мала...», высыпалі астатнія.
Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.
Жаўрыд падняў руку.
– Так, усім строіцца! Цывільным - ачысціць плошчу!
– нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.
Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарадкавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі ўбок, да царквы, і пазіралі адтуль.
– Грамада!
– нейтральна звярнуўся Жаўрыд.
– Грамада, выступ мой будзе кароткі - гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў двух словах абрысую нашае цяперашняе становішча...