Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

(«У двух словах»!» - іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)

– ...Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова», - драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою, не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць - хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б'юцца, хай сабе мірацца - мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі - за Ланню, бальшавікі - на такой прыкладна лініі: Леніна - Вялікі Рожан - Вызна - Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай уяўнай лініі - вёрстаў пятнаццаць, а ў даўжыню гэтая тэрыторыя вёрстаў сто, і, паводле змовы палякаў з бальшавікамі яна, гэтая тэрыторыя, аб'яўлена нейтральнай зонаю, ці нейтральным пасам, як каму падабаецца... Заходзіць у яе ні бальшавікі, ні палякі не маюць права, а гэта значыць, што нам зроблены вельмі дарагі падарунак! У нейтральнай зоне знаходзяцца наша Семежава, Морач, дзесяткі вялікіх сёлаў і сотні вёсак і хутароў, а самае галоўнае, у Баранавічах, пры чыгуначнай станцыі, у нас будзе свая камендатура!

Жаўрыд зрабіў паўзу, правяраючы, ці правільна выбраны зачын, ці не ўхаластую ляцяць яго словы. Ён змоўк усяго на які міг, але плошча адразу ажыла.

– Гу-у-ра!
– пракацілася радаснае з канца ў канец яе.

– На гэтай падуладнай нам тэрыторыі, - працягваў Жаўрыд, упэўніўшыся, што словы яго трапляюць у цэль, - мы спакойна зможам дафарміраваць брыгаду, раздабыць зброю і як след падрыхтавацца да барацьбы! Галоўнае, што пра нас ведаюць, ведае ўся Расея, уся Эўропа, пра нас пішуць, нам спачуваюць і ў нас вераць! Нам будзе аказана ўсемагчымая дапамога... праўда, не з боку Антанты і не з боку Польшчы! Столькі, колькі ўбухала тая ж Антанта ў войска польскае ці ў белы рух, нам, само сабою, не відаць ніколі! Тое, як нам памаглі палякі, вы ўсе таксама добра ведаеце!

– Ведаем - памаглі!

– Ганьба!

– Трыста сапсаваных вінтовак, якімі хіба што цвікі забіваць, дык і то нязручна - вось уся іхняя помач! Яшчэ лепш ведаеце, як памагае нам славуты бацька Балаховіч, у якога склады трашчаць ад зброі. Але ён не дасць ніводнага карабіна, ніводнага патрона, ніводнай гранаты, пакуль мы не прыйдзем да яго і не папросім прыехаць да нас на белым кані і кіраваць намі!

– Далоў!

– Га-а-аньба!

– Вось такія ў нас саюзнікі, такія памагатыя, такія змагары за Беларусь! Разлічваць даводзіцца толькі на сябе, на беларускі люд, які бачыць у нас сваіх адзіных абаронцаў і збавіцеляў, на наш урад Беларускай Рэспублікі, які будзе рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля нашай падтрымкі! На закупку зброі, на іншыя патрэбы нам будзе выдзелена неабходная сума грошай. У Слоніме ў нас неўзабаве з'явіцца свая друкарня, пачне выходзіць спачатку брыгадная, а затым, магчыма, і ўсебеларуская газета! З усіх куткоў заходняй і цэнтральнай Беларусі да нас паступаюць ахвяраванні ад грамадзян, прыходзяць пасылкі з прадуктамі, тытунём і паперамі, компасамі, біноклямі, бялізнай, цёплымі шкарпэткамі, валёнкамі, рукавіцамі, бінтамі, дасылаюць нават кажухі і світкі - магчыма, ад сям'і адрываючы! З Гародні, мабілізаваныя Беларускай Вайсковай Камісіяй, ужо выехалі к нам каля паўсотні афіцэраў - кадравых камандзіраў; дарэчы, мы таксама аб'яўляем набор сваіх маладых хлопцаў, у каго стане адукацыі і фізічнай падрыхтоўкі, у школу беларускіх афіцэраў у Лодзь! Далей - шэрагі нашыя хутка папоўняцца вопытнымі ваякамі, толькі што ў штабе былі пасланцы з-пад Глуска, адтуль з баямі прарываецца да нас на злучэнне трохтысячная добра ўзброеная брыгада!

– Гу-у-ра!

– На падыходзе да Семежава цяпер Грозаўскі полк, які ў абед увойдзе ў мястэчка, а заўтра адбудзецца ўрачысты агульны малебен - асвячэнне беларускай зброі - для двух аб'яднаных палкоў!

– Гу-у-ра!

– Даеш Грозаў!

– Цяпер такі момант!
– дастаў з кішэні шыняля і расправіў паперкі Жаўрыд.
– Сярод чырвонаармейцаў ёсць шмат адурманеных бальшавіцкай прапагандаю, а яшчэ больш проста запалоханых людзей, якім будуць убіваць у галовы, ды і ўжо ўбіваюць, што мы - купка бандытаў, рэшткі балахоўцаў і гэтак далей! Нам трэба шырэй тлумачыць такім людзям сваю праўду, і тады, няма сумнення, бальшыня з іх падымуць на штыкі ненавісных камісараў, а самі са зброяю пярэйдуць на наш бок! Таму намі прынята спецыяльная лістоўка-адозва «Да чырвонаармейцаў», якую кожны з вас, жадаючы, можа атрымаць у штабе... Скажу больш - не толькі прыблудныя чырвонаармейскія начальнікі, а нават і мясцовыя рэўкамаўцы, не кажучы пра звычайных чырвонаармейцаў, не ўсе маюць уяўленне, што за мы, за што мы змагаемся і ў чым наша праўда! Тут, у Семежаве, мы прынялі Дэклярацыю, якую я вам зараз зачытаю. Апроч таго што яна тлумачыць нашую цяперашнюю пазіцыю, настолькі ж яна прыдасца ў будучыні, пасля перамогі! Дэклярацыя будзе разаслана ва ўсе эўрапейскія газеты, а таксама ў Маскву, асабіста Леніну і Троцкаму.

Набраў у грудзі паветра:

– «Дэклярацыя Беларускай Рады Случчыны! У момант самаадзначэння ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, падымае сцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму свету...»

Ён зачытаў, спяшаючыся, сухія восем пунктаў, у якіх гаварылася пра законы, пра тое, каму павінна належаць зямля, пра васьмігадзінны дзень і мінімальны заробак, пра развіццё ўсіх відаў кааперацыі, пра свабоду друку, забастовак і хаўрусаў, пра агульнае для ўсіх навучанне і правы меншасцей на самавызначэнне...

– «Першае! Беларусь павінна быць Вольнай Незалежнай Народнай Рэспублікай.

Другое! Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Беларускім Устаноўчым Соймам, скліканым на аснове агульнага, роўнага, простага патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.

Трэцяе! Прызнаючы, што зямля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасць на зямлю касуецца, Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстання маюць быць выпрацаваны толькі Беларускімі Ўстаноўчымі зборамі. Да развязання ж гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме ўсе пастановы Часовай Рады павінны згаджацца з вышэйпаказанымі прынцыпамі. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасцю Рэспублікі.

Чацвёртае! Да сазыву Ўстаноўчага Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзення найбольшага васьмігадзіннага дня, кантроля над дабрабытам, мінімальны заробак платы і гэтак далей.

Пятае! У мэтах барацьбы з вырастаючай спекуляцыяй і ўпарадкавання тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к развіццю на шырокіх пачатках усіх відаў кааперацыі.

Шостае! Уперад да скончання развязання гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме прызнаём на тэрыторыі Беларусі свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасць асобнасці і памяшканняў.

Сёмае! Прыдаючы першаступеннае значэнне народнай прасвеце, Рада Случчыны будзе старацца к агульнаму абучэнню ў самым шырокім маштабе.

І апошняе, восьмае! У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаюцца правы ўсіх меншасцяў на нацыянальную персанальную аўтаномію.

Абвяшчаючы аб гэтым і з'яўляючыся выказвальніцай волі народа, Рада Случчыны дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднае Беларусі, бараніць інтарэсы сялянства ад насілляў з боку чужаземных захопнікаў, у выпадку патрэбнасці сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа - праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: