Шрифт:
«А што, - думаў ён, не Паўлік ужо, а дзевятнаццацігадовы навучэнец Слуцкай гімназіі Павел, думаў, адной рукой пашчыкваючы цёмную нітачку першых вусікаў, а другой мякка пагладжваючы шэранькую, стэарынам заляпаную вокладку забароненай брашуркі, - а што, як праўда тут напісана?.. І калі проста ўзяць ды ўсё памяняць месцамі?.. Бедных пасяліць у шыкоўныя палацы, багацеяў - у курныя хаты... Цікава было б! Гэта табе не тое, што воз па небе едзе дагары нагамі...»
«А што, калі, - думаў, сланяючыся па засыпанай нечаканым для сакавіка густым снегам Варшаве, ловячы на сабе зіркі шустра-млявых полечак (а на далёкай Случчыне нудзілася маладая жонка з дзіцём), студэнт юрыдычнага аддзялення Варшаўскага ўніверсітэта - не Павел ужо, а «сьведамы беларус-адраджэнец» Павал.
– А што, калі - чым чорт не жартуе!
– і нам грамадою ўзяцца?.. Чым мы горшыя за тых жа пшэкаў? Яшчэ й лепшыя... Займець сваю рэспубліку, свой урад, гэта ж уй-ю-юй!.. Гэта табе не «ад багатых адабраць ды бедным раздаць»... Вось гэта казачка - і якая рэальная, як лёгка можна спраўдзіць яе!..»
Апынуўшыся ў нейкім скверыку, галасістым, стракатым ад дзятвы, што ваявала паміж сабой снежкамі, не ўтрымаўся і наш Павал. Сцягнуў пальчаткі, зачэрпнуў з-пад ног снегу і зляпіў халодны, вясной, маладосцю і сілаю пахнучы камяк (той самы, які праз шэсць гадоў дакоціцца да прыфрантавога «нейтральнага» Семежава цэлай лавінаю), нізам запусціў яго з горкі, і той пакаціўся, пакаціўся, набіраючы хуткасць, абрастаючы снегам...
А што ж другі?
Другі за светам, у сваім Уладзівастоку, фарсіў казённай формаю (з формы ён так і не вылезе да канца жыцця), перацягнутай туга рэменем са спражкаю, якую любіў шліфаваць шматком лямцу, таксама нацёртым крэйдаю, - стараўся да таго, што нямелі пальцы і зліваліся ў вачах выпуклыя РУ: «реальное училище»... Зубрыў на памяць «Видишь, стоит, изможден лихорадкою...» і адзначаў пра сябе, здзіўляўся, чаму так ахвотна бяруць і цэняць яго землякоў на марской і чыгуначнай службах? Як і цёзка ягоны на начное вогнішча, гадзінамі мог глядзець на далёкае і адначасова блізкае - руку толькі працягні, пагладзіш - Арлінае Гняздо (уладзівастоцкая сопка), альбо, прагульваючы ўрокі, што даравалася яму як выдатніку, забрыдаў у порт і тырчэў там гадзінамі, дзівячыся на грамадзіны караблёў і арэхавае шкарлупінне шлюпак і лодак вакол іх, а больш - на сам акіян, які трывожыў, і зваў, і бударажыў кроў не менш, чым цёзку казкі-мары аб уласнай рэспубліцы.
І быць бы, канечне, нашаму Паўлу як мінімум мічманам расейскага славутага ціхаакіянскага флоту (ці, на крайні выпадак, як бацьку, чыгуначнікам, ішло да таго: Іркуцкае ваеннае вучылішча ў 1912 годзе, спецыяльнасць - інжынерныя войскі), каб не заштарміў дзевяцібальна акіян іншы, людскі, каб не тры вайны, што трыма хвалямі, кожны раз адна перад адной большымі, сарвалі, закруцілі ў смерчах і віхурах, прапахлых не акіянскім салёным брызам, а порахам, агнём, дымам і крывёю, і, удосталь пашкамутаўшы, панасіўшы па свеце, прызямлілі акурат у тыя самыя слуцкія Лютавічы, дзе некалі нарадзіўся.
Канечне ж, была ў тым наканаванасць. Нават містыка - не ў дзед-аўдзееўскім, «фальклёрным» значэнні, а ў сапраўдным - у значэнні фатуму. У адзін год, у адзін месяц нарадзіцца, атрымаць аднолькавыя імёны, столькі часу бадзяцца па свеце, каб сысціся ў Богам забытым Семежаве і ўзначаліць нацыяналістычны бунт - узвысіцца двума маякамі па абодва берагі рэчышча, якім гатовая плыць-рухацца паслухмяная людская маса... І нічога дзіўнага, што многім асобна ўзятым («за задніцу», як пажартаваў бы Мірановіч) прадстаўнікам гэтай масы, такім, як Даніла Карпаў, яны, два Паўлы-камандзіры, здаваліся ў нечым аднолькавымі. Сумленнымі, мудрымі, строгімі, але й справядлівымі, як і належыць быць камандзірам... І раз ужо такія вучоныя, аўтарытэтныя людзі (само сабой думалася прадстаўнікам масы) вырашылі любіць Беларусь і змагацца за яе, дык што ўжо нам, цемнаце запечнай, рыпацца; нам адно слухаць іх трэба, раты раскрыўшы, запамінаць, пераймаць і, не ўдумваючыся, выконваць, што загадаюць...
Аднак жа розніца паміж імі была. Вялікая розніца. І лепш за ўсіх аб гэтым ведаў камандзір палка Чайка.
...Ціха цурчэла скутая тонкім лёдам, на які сыпаўся і адразу ўмярзаў у яго снег, Морач. На неглыбокіх перакатах, дзе лёду не было, вада булькала мацней, закручвалася вірамі і падымала са дна каламуць. Чайка з ардынарцам ехалі назад тым жа шляхам - паўз самы бераг рачулкі; не ехалі - марудна цягнуліся. Камандзіру палка не хацелася вяртацца ў абрыдлае Семежава.
Не хацелася заходзіць у штаб, механічна казыраць, выслухоўваць рапарты і аддаваць распараджэнні. Не хацелася больш, накінуўшы на твар маску фальшывай заклапочанасці, удзельнічаць у гэтым няўдалым спектаклі, у поспех якога Чайка не верыў ад пачатку і прымусіць сябе паверыць, як ні стараўся, не мог.
І ў рэдкія, такія вось, як цяпер, хвіліны адзіноты, і на людзях - а ён умеў гаварыць адно, адначасова думаць другое і рабіць трэцяе, - ён толькі са здзіўленнем пытаў сябе: як жа так? Навошта ён узяўся і камандуе гэтымі людзьмі, калі ні ўва што не верыць?.. Увогуле, якія прычыны - што ён апынуўся раптам тут?! Як ён дакаціўся да гэтага?!
З пакутнай настырнай упартасцю, адчуваючы ў гэтым нават пэўную прыемнасць самакатавання, ён усё адкручваў і адкручваў час назад, разбіраючыся ў гэтых прычынах... Што ж было напачатку?
Было адступленне палякаў. Быў дзядзькаў хутар, дзе Чайка прытуліўся. Быў прыезд Сокал-Кутылоўскага, была лёгкая фанабэрыя, што не забылі яго, цэняць, фурманку нават прыслалі... Трохі прыемна было слухаць угаворы «спакушальніка», ганарыстага дваранчыка, які яшчэ нядаўна, калі служылі разам у савецкім ваенкамаце, ва ўпор Чайку не заўважаў (ці, можа, таму, што проста быў блізарукі, а акуляры насіць саромеўся) [4] .
«Толькі вы, пан Чайка, - казаў пан Сокал [5] , - з вашым аўтарытэтам... Усё адно бальшавікі вас расстраляюць, а ў нас, з вашым гераічным мінулым... Падымеце баявы дух...» І Чайка, гледзячы яму ў блізарукія няшчырыя вочы, развесяліўся раптам і падумаў, што Кутылоўскі, мабыць, проста па-дзіцячы зайздросціць яго бразготкам - у самога ўсяго адзін Георгіеўскі крыж, які то знікае, то зноў з'яўляецца на грудзях у залежнасці ад зменаў улады...
4
На вядомым здымку 1921 года, дзе А.Сокал-Кутылоўскі стаіць каля сцяга Першага Слуцкага Палка Стральцоў БНР, добра відаць, што ён ужо ў акулярах.
5
Даследчыкі Слуцкай акцыі ўжо звярнулі ўвагу на «птушыныя» прозвішчы яе ўдзельнікаў.
Навошта ён тады згадзіўся?.. Чым думаў, на што разлічваў?.. Што ўскалыхнецца Беларусь і столькі сялян паўстане, што змятуць чырвоных? Ці што памогуць палякі (якім цяпер хоць самім памагай)?.. Ці паслухаў пераконванні Кутылоўскага, што ў Расеі - «самыя свежыя, даставерныя звесткі!» - голад, людаедства, спеюць аграмадныя бунты, вось-вось бальшавікоў пачнуць рваць на кавалкі, а як толькі пакончаць з імі, маскоўцам не да нас будзе, не да Беларусі, вось тады і ўедзем на белых конях, па дарозе, усыпанай кветкамі ад шчаслівых вызваленых беларусцоў, у Менск, а там, дасць Бог, і ў Смаленск...