Шрифт:
– А я хрышчуся, калі мне здаецца, - сказаў Мірановіч, раздзяляючы словы.
– І, у адрозненне ад некаторых, за Беларусь мне і з зямлёю змяшацца не страшна...
Ён павярнуўся, і Чайка не паверыў сваім вачам - перад ім стаяў сур'ёзны Мірановіч, праўда, адзін міг усяго...
Як бы на чым саромным злоўлены, як бы апраўдваючыся за гэтую сур'ёзнасць, дадаў развязна:
– Жартую, Чайка! Дык што, хадзем, адпусціш арыштанта?
– перавёў на іншае размову, абодвум непрыемную.
– Што ён натварыў, дарэчы?
– Нічога такога. П'яны... Пад гарачую руку падлез.
– Ну, дасюль працверазіўся нябось! Пайшлі.
Чайка надзеў фуражку, падняўся, дрыгаючы зацёклымі нагамі.
– Пачакай, святло вазьму, - сказаў Мірановіч, - бо яшчэ галовы паскручваем на тых сходках, і гармат бальшавіцкіх не спатрэбіцца...
– Ён узяў з падаконніка лямпу, пабоўтаў ля вуха.
– Трохі ёсць.
У вузкім доўгім калідоры, асабліва ў канцы яго, дзе стаяў яшчэ адзін днявальны, сапраўды было цёмна - калі б салдат не падаў голас, дык наляцелі б на яго і не заўважылі. Мірановіч запаліў лямпу. Па шчарбатых цагляных прыступках, якія вялі ўніз амаль вертыкальна, бы той карабельны трап, спусціліся ў сыры падвал. Раней, калі тут было вучылішча, у гэтым падвале размяшчаліся лабараторныя класы, сталярная майстэрня, а таксама розныя вялікія і малыя каморкі для дапаможнага вучэбнага інвентара. Цяпер усе яны служылі камерамі палонным чырвонаармейцам і сваім «штрафнікам». Маленькія, пад самай столлю акенцы ў тых каморах, дзе яны былі, «зашылі» кратамі, на дзверы - ад вушака да вушака - навесілі засовы, зробленыя з дубовых плахаў, раздабылі навясныя замкі - і гатова турма, яна ж «цёмная», яна ж гаўптвахта, яна ж «чразвычайка» (і так некаторыя называлі).
І тут, у гэтым падвале, падумалася Чайку, што цікава не тое, што пачалі, як і любая іншая ўлада, з «цёмных», хоць і крычалі некалі, яшчэ ў Слуцку, калі абдумвалі план выступлення: «Якія там турмы, у нас што, іншага клопату няма, мы ж не палякі, не бальшавікі, не немцы і не балахоўцы, справа нашая святая і высокая», цікава, што гэтыя камеры-каморкі ніколі не пустуюць.
Дзяжурнага не было відаць, праўда, аднекуль чуўся яго голас. А на тым месцы, дзе ён павінен быў быць, стаялі толькі табурэтка ды столік, на якім - чайнік з кіпенем і шклянка.
Чайка з Мірановічам пераглянуліся, Мірановіч развёў рукамі. Пайшлі туды, на голас.
Дзверы ў адну з каморак былі расчынены насцеж. Гэта аказалася самая светлая і прасторная, з тапчаном, сталом і шафаю «камера». Зрэшты, у ёй вельмі моцна было накурана. Дзяжурны сядзеў на адным тапчане з сябрам Мірончыкам і гуляў у дваццаць адно. Мірончык якраз здаваў, дзяжурны, седзячы спіною да дзвярэй, захоплены гульнёю, не бачыў начальства, нават не пачуў крокаў. «Давай... Яшчэ... Сабе!», але Мірончык кінуў на тапчан карты і зрабіў яму знак - азірніся, маўляў... Дзяжурны ўраз падскочыў, стаў «смірна», сутаргава прабег пальцамі па гузіках кіцеля. Мірончык таксама падняўся, лена, неахвотна, нават самакруткі з рота не выцягнуў.
– Свабодзен, забірай свае манаткі і валі адсюль, - сказаў яму Мірановіч.
– Ды падзякуй вось камандзіру палка, што злітасцівіўся... Будзеш п'янстваваць і самаволіць - атрымаеш публічна «дваццаць пяць» і разжалаванне ў абоз.
Мірончык, відаць, і не чакаў нічога іншага, ведаў, што не паспее яшчэ як след у карты нагуляцца, як прыйдуць самі і адпусцяць. Сабраў з тапчана карты, дастаў з шафы шынель, перакінуў цераз руку. Калі выходзіў - адно зыркнуў на Чайку маўчком, спадылба.
– Ты мне яшчэ раз паглядзі такімі вачыма!
– крыкнуў яму ўслед Мірановіч.
– Абнаглелі ўжо дарэшты...
– Слухай, - успомніў раптам Чайка, - а тут жа яшчэ адзін павінен быць, гэты чырвоны, якога яны прывялі.
– Ну.
– Можна мне яго... дапытаць?
– Ты ж камандзір, а не я, табе ўсё можна. Дапытвай, вучыся, - пажартаваў Мірановіч.
– Цяпер табе яго даць?
– Так.
– Хадзем, адчыніш, - загадаў Мірановіч дзяжурнаму, - дзе ён тут у цябе?
Пачырванелы, збянтэжаны не столькі ад сваёй правіны, колькі ад таго, што начальства не робіць яму ніякай заўвагі, дзяжурны вырашыў, што самае лепшае цяпер - не апраўдвацца, а моўчкі і чым хутчэй выконваць загад. Выскачыў з камеры, бягом пабег па калідоры, абганяючы камандзіраў. Хуценька адамкнуў замок, бразгаючы ключамі, адваліў цяжкую засаўку.
Мірановіч па-расейску, гучна і весела скамандаваў у прыцемак камеры:
– На выход с вещами!
І Чайка сам уздрыгнуў ад гэтага воклічу, умомант успомніўшы Слуцак, сваю службу ў чырвоных, у ваенкамаце, і расказы пра «чэка», і пра гэтае самае «выходи с вещами!», і пра тое, што робіцца з людзьмі пасля гэтых звычайных, а на справе жудасных слоў... Расказы, як крычалі, і прасілі ратунку, і мачыліся, апраўляліся пад сябе, падалі трупамі на падлогу і іх даводзілася валачы волакам, затыкаць чым папала раты, накідваць на галовы мяшкі, па-жывому, з хрустам ламаючы косці, звязваць вяроўкаю ці дротам рукі; амаль усе, пакуль цягнулі іх па калідоры, вар'яцелі ад жаху - «нармальнымі яны ўжо не будуць», расказваў неяк у ваенкамаце, паплёўваючы на падлогу, адзін знаёмы чэкіст і тлумачыў, што іх, гэтых прасмердлых мачой і калам паўчалавекаў, адпраўляць пасля «да начальніка земляробства» (расстрэльваць) - гэта самы што ні на ёсць гуманізм, смерць для іх паратунак: перанёсшы такія жахі, яны не жыльцы ўжо, не людзі і амаль усе проста на каленях умольваюць хутчэй дабіць іх... «Самі ж просяць!» - гэтак знаёмы чэкіст адказаў на пытанне, ці лёгка яму забіваць, ці не мучыць яго сумленне.
Добра ведаў, што стаіць за гэтым «выходи с вещами!», і чырвоны камандзір, бо перш вытыркнуўся з цёмнага кутка на сярэдзіну камеры, на маленькі кружок святла, якое сачылася з акенца, потым з тупым, разгубленым выглядам на апухлым твары пачаў таптацца на месцы, як бы і напраўду шукаў нейкія свае «вещи», каб ужо выйсці разам з імі.
– Ты аглух, Лебедзеў? Давай, давай!
– падагнаў Мірановіч.
Лебедзеў раптам замітусіўся, відаць, толькі цяпер да яго па-сапраўднаму дайшло. Чамусьці пачаў абмацваць сябе, азірацца па баках, нават прысеў і зазірнуў пад тапчан... затым схапіўся аберуч за галаву - шапка-«будзёнаўка» была на месцы. Ён перарывіста і разам з тым з палёгкаю выдыхнуў, нібы ўся яго бяда толькі ў тым і заключалася, што згубілася была шапка - і вось удалося яе знайсці. Апошні раз аббег вачыма камеру і рашуча ступіў на калідор.