Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

– Дзяніс, чуеш?..

– Што?
– у які ўжо раз ускінуўся Дзяніс.

– Я гэта... Пытаю - хіба нашы ўрад пераехаў цяпер? Я чуў, што ўжо ў гэтым... аж у Парызе?

– Дзе-дзе?

– Ну, горад такі ёсць... Парыж называецца...

– Можа, у Рызе, вы хацелі сказаць? Парыж - у Францыі, Рыга - у Латвіі.

Ліза на поліку аж зайшлася смехам - яшчэ й газеты чытае!

Збянтэжаны, сам з сябе смеючыся, чухаючы патыліцу, дзядзька Ладусь вінавата апраўдваўся:

– Гэта ж галава трэба конская, каб разабрацца... Таму ж і пытаю, бо во - хлопец вучоны, гімназію канчаў... Пытаць жа не грэх. Дый то: хіба ж у нас адзін ён, гэты ўрад? Я хацеў неяк падлічыць - чорта з два, ніяк...

– Што ёсць, тое ёсць, - пасміхаючыся, рады нагодзе паказаць сваю дасведчанасць, сказаў Дзяніс.
– Кіраваць намі хочуць усе, хто не лянуецца, - паўтарыў ён словы Чуба, але не заўважаў гэтага, бо звыкся з імі, як з уласнымі.

– Ну-ну, - праявіў дзядзька цікавасць, - і колькі? Хоць прымерна?

– Значыць, так.
– Дзяніс пачаў загінаць пальцы.
– Урад БНР Ластоўскага ў Рызе - раз, Найвышэйшая Рада Луцкевіча-Тарэшчанкі ў Варшаве - два, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Лодзі - тры, Беларускі Нацыянальны Камітэт Ярэміча ў Вільні - чатыры, Беларускі Палітычны Камітэт недзе пры Балаховічу - пяць, так?
– Левая рука згарнулася ў кулак.
– Урад Кнорына - Чарвякова ў Менску - шэсць?

– Праўда што: у Мінску ўсё па-свінску, - уставіў да месца дзядзька Ладусь.

– Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі недзе ў Бабруйску, ці дзе ён там - сем? Гэта не лічачы нашай Рады Случчыны, якая, праўда, Найвышэйшую Раду прызнае, не лічачы Беларускай Вайсковай Камісіі ў Горадні...

– Ой, мнагавата, ой, мнагавата, - круціў галавою дзядзька Ладусь.
– А мо яно і лепш, што мнагавата? Больш паляўнічых - ваўка лягчэй абкласці...

– Лепш-то лепш, дык яны ж грызуцца ўвесь час. Дзе два беларусы, там тры партыі, - ужо не Чуба, а Мірановіча паўтарыў Дзяніс.

– Ото-то, добра ты сказаў, Дзяніско!..

Дзядзька Ладусь яшчэ распытваў - «ці многа вас? і хто вам памагае? і ці пераможаце вы?» - і ўсё нахвальваў Дзяніса, усё ліслівіў; але як ні прыемна было, рассеўшыся па-гаспадарску на лаве, слухаць гэтыя словы і лена на іх адказваць, як ні соладка было лавіць на сабе пагляды дзявочых бліскучых вочак, Дзяніс адчуваў, што даўно час развітвацца і йсці. Усё было выпіта, усё з'едзена, і прасніца перастала ўжо татахкаць, а цётка Ёўга знікла ў большай хаце - пасцелі слаць, ужо і сам дзядзька Ладусь крадком паціраў чырвоныя нос і шчокі і пазяхаў, з ветлівасці не разяўляючы рота. Адна Лізка сядзела, як і сядзела, на поліку, папраўляла лучыны і хістала ножкамі.

Ён рабіў выгляд, што збіраецца ўстаць, чакаючы, што і дзяўчынка ўстане і правядзе яго, але тая нібы нічога не бачыла і ні аб чым не здагадвалася. Выручаў дзядзька Ладусь - «мо яшчэ трохі пасядзі», і Дзяніс пакорліва і з палёгкаю плюхаўся на лаву.

Калі дзядзька Ладусь адкрыта пазяхнуў і перахрысціўся, ён усё ж устаў - ужо ў апошні раз; цярэбячы аколыш фуражкі, з нямой мальбою зіркаючы то на дзяўчынку, то на бацьку яе: «Здагадайцеся, затрымайце як-небудзь, няўжо вы не разумееце, што мне жудка ісці ў двор, па якім цені мерцвякоў матыляюцца!..» І ў той самы момант, пакуль уставаў, радасна бліснула ў галаве: «Вось яна, прыдумка!» Лазня! Іхняя маленькая лазнечка ў канцы агародаў, ля рачулкі, акурат паміж надзеламі дзядзькі Ладуся і іхнім.

Цяпер трэба было толькі выманіць з хаты Лізку, і тады ўсё склалася б так, што думай - лепш не прыдумаеш.

– Ну што - пайду памалу, - сказаў ён, надзяваючы фуражку.

– А мо пагуляй, - у каторы раз без асаблівай ахвоты прапанаваў дзядзька Ладусь.
– Вунь і Лізка яшчэ спаць не хоча...

– Няхай ідзе, калі сабраўся.

(«Ну, сучка малая, усё яна бачыць, усё ведае, проста пацыкаецца!..»)

– Ты ж хоць правядзі хлопца, гэта самае...

(«Вось малайчына дзядзька Ладусь, як да месца ўспомніў, што будучы, можа, зяць перад ім!..»)

Лізка прытворна ўздыхнула: была, маўляў, ахвота, каб не бацька, выпраўляцца ў гэтыя провады. Спаўзла з поліка, выкалупнула ззаду і спераду складкі спаднічкі спаміж ног, накінула світачку на плечы, закруцілася па вочы ў тую самую «канаплянку», што рабіла яе падобнай на дарослую маладзіцу.

Дзядзька Ладусь таксама ўлез у кажух.

– У борню заадно выйду, - сказаў.

– Фу, тато, які ж вы!.. А яшчэ газеты чытаеце!
– пачырванеўшы, засмяялася Лізка, і Дзяніс засмяяўся, у якога ад гэтых збораў і ад падгледжанага папраўляння спадніцы камень з душы спаў.

На дварэ было светла, як днём. Замест сонца ў самым цэнтры неба завіс яркі бела-чырвоны месяц (на мароз), і скрозь блішчэлі буйныя блізкія зоркі.

Як толькі дзядзька Ладусь, развітаўшыся з будучым зяцем і паківаўшы дачцэ пальцам, пайшоў за хлеў, Дзяніс ступіў да дзяўчынкі і прытуліў яе да сябе. Крысо расхлістанага шыняля падвярнулася, і маўзер муляў паміж імі, як трэці лішні...

– Хадзем у нашую лазню, - зашаптаў горача.
– Не бойся, тата не будзе сварыцца, ён жа сам наказаў табе правесці...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: