Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Потым настала цішыня.

Вось гэта, называецца, пашкадавалі раздаць людзям дабро!.. Узялі, называецца, трафеі!.. Захапілі, называецца, палонных!..

Конь прапаў. Кецкі і след прастыў, не паспелі нават стрэліць па ім - і не было як, ды і куды?
– цемра скрозь... Забітыя чырвонаармейцы скаціліся з воза, адзін плаваў тварам уніз у вадзе каля берага, сярод мяхоў, другі ляжаў, скурчаны, вышэй па адкосе. Агледзеўшыся, убачыўшы яго, Чуб падскочыў да яго і, вылаяўшыся, скаціў яго, як крывую калоду, нагамі ў рэчку.

Тым часам Мікола, які найперш адвёў ацалелага каня наверх, штосьці сказаў палонным, і тыя нязграбна, спатыкаючыся, звязаныя, пачалі спускацца адкосам да берага.

– А-а, - нібы толькі цяпер успомніў пра іх Чуб, падбег да іх, узрадаваны, што нарэшце знайшлося выйсце злосці, ёсць на кім яе спаганяць.
– Гнат, штык сюды!
– Гнат падаў, Чуб абрэзаў вяроўку (якую так прасіў вярнуць стары Карпа).
– Ану, да падводы! Ану, у ваду! На руках вынесці! І вы яе ў мяне на сабе да самага Семежава пацягнеце, я вам абяцаю!.. У ваду, я сказаў!
– і першы схапіўся за абрэзаны кавалак пастронка...

Падводу, нават разам з нежывым канём, выцягнулі лёгка. На ёй не засталося і палавіны дабра, усё плавала цяпер у вадзе і валялася па схіле адкосу. Гнат адчапіў абарак, выслабаніў з-пад хваста набедрыкі, асцярожна перавярнуўшы, сцягнуў з цёплай яшчэ, ліпкай ад крыві конскай шыі хамут, узваліў збрую на падводу. Адразу ж воз вывалаклі наверх, на дарогу. Мікола паспеў ужо агледзець, абмацаць каня, які, на шчасце, быў цэлы, не паламаў нічога, нават абцёр яго мешкавінаю (падабраў адзін з развязаных мяхоў, што валяліся тут, на адкосе, высыпаў рэшткі жыта і так набыў мешкавіну).

Выцягнулі з перадка зламанае дышла; уздзелі на каня - сілком, бо брыкаўся, нюхаючы кроў, - другую, цэлую, збрую перапрэглі па-новаму, без дышла, на адных пастронках...

– Нарабілі работы, - аддыхваючыся, сказаў Гнат.
– Ведалі б, дык лепш і праўда аддалі б людзям...

– Вось ім, тваім людзям! Вось гэта яны бачылі?!
– закрычаў Чуб і падсунуў Гнату пад нос дулю.
– Усё павыкідваю к ё... мацеры! Назло!
– раз'юшана крычаў ён, сцягваючы і шпурляючы на зямлю тое, што яшчэ заставалася на падводзе.
– А вы чаго?!
– вызверыўся на палонных, нібы зноў толькі цяпер успомніў, што ёсць жа і прамыя віноўцы ўсяму.
– Запрашэння чакаем?! Усё з-за вас, блядзей... Але я вам зараз устрою... Ану, вы двое - за пастронкі! Перакідвай цераз плячо, як бурлакі на вашай Волзе, вучыць вас яшчэ трэба?! Ды радуйцеся, што пастронкі абрэзаныя, інакш я б вас, далібог, у хамут упёр! А табе што (да Мікіціна, які стаяў і не ведаў, што рабіць), запрашэнне трэба?! Папірай ззаду, смаркач, ды глядзі мне!..

Скуты страхам, мокры, галодны і халодны і тым не менш шчаслівы ад таго, што жыве, што адчувае гэтую самую макрату, голад і холад, сагнуўшыся, маленькі Мікіцін з усіх сіл падпіхваў ззаду падводу, упіраўся адной рукою ў драбіну, другою ў паддон з такой стараннасцю, што аж ногі яго ў новенькіх чаравіках з рыфленымі падэшвамі слізгаліся.

XV

Выбраўся з начных хмар поўны месяц, і лес па абодва бакі дарогі адразу пачарнеў, як сцяна, а паласа дарогі пасвятлела. І Чайка са сваёй схованкі разгледзеў усё. І парожнюю скрыпучую падводу, якую разам з канём цягнулі за абрэзаныя пастронкі чырвонаармейцы, а адзін яшчэ і папіраў ззаду, і сваіх разведчыкаў («разведчыкаў»!); ён паспеў нават заўважыць, што малога Данілавага няма сярод іх.

Першае жаданне было ўмяшацца. Ён аслабіў павады і ледзь не выехаў на дарогу. Але не зрабіў гэтага. «Табе мала Мірончыка на сёння?» - папытаў сябе і толькі ў цемры пасміхнуўся з сітуацыі. Камандзір палка, кавалер ордэнаў за мужнасць вымушаны хавацца пад хвойкамі ад уласных падначаленых!..

Падвода даўно праехала, не чуваць ужо было ні скрыпу, ні крокаў, ні галасоў. Чайка злез з каня, ведучы яго ў повадзе, выйшаў на дарогу і тут, пасярод яе, спыніўся. Не хапала перад ім толькі каменя з надпісамі, у які бок ехаць, ды не ў тры, а ў два ўсяго канцы вяла дарога... У чырвоную Вызну і бел-чырвона-белае Семежава... «Чорт вазьмі, ды што мяне трымае?!»

Хай робяць, што хочуць! Чаму ён, нічый (як ні круці, а раскусіў яго гэты ліпкі бальшавіцкі манархіст, адразу, бы на лбе ў яго напісана; ды ён амаль і не спрачаўся), не звязаны ніякімі клятвамі, нікому нічога не павінны, ён, дужы, разумны, які нарадзіўся, канечне ж, зусім не для таго, каб рана ці позна скласці галаву - не важна, ад чыёй рукі, - чаму ён не карыстаецца гэтай воляю, якую так у сабе адчувае і заўсёды адчуваў?! І якую душыць у сабе ўвесь час, сільнічае сябе, падстройваецца, прымушаючы сябе любіць тое, што палюбіць не здолее аніколі!..

Конь раптам насцярожыўся. Як сабака, ён раней, чым чалавек, чуў кагосьці чужога. Па дарозе з боку Вызны нехта ішоў. Чайка намацаў у кішэні цёплы наган, выцягнуў яго.

Чалавек набліжаўся. Ішоў ён няўпэўнена, палахліва, не сярэдзінай, а краем дарогі. Збоку бег цень, у тры разы за яго даўжэйшы. Гэта быў не Лебедзеў, як падумалася перш Чайку (хоць калі б і Лебедзеў, мала здзівіўся б), - іншая была хада, не такая постаць: нічога ваеннага, салдацкага не было ў ім і блізка.

Камандзір палка чакаў. Чалавек таксама заўважыў адзінокага вершніка пасярод начной глухой дарогі. Запыніўся, як бы разважаючы: ці не нырнуць, пакуль не позна, у гэты лес? Чайка адцягнуў курок, і той шчоўкнуў металічна і суха. Чалавек звыклым рухам паспешліва сцягнуў з галавы аблавушку і аддаля закрычаў плаксівым, жаласным голасам:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: