Шрифт:
– Я сам! Сам іду!
– а падыходзячы, прыціскаў шапку да грудзей і ўсё кланяўся. Цераз плячо ў яго была перакінута аброць, якую ён прытрымліваў вольнай рукою.
– Я гэта каня, каня толькі шукаю, паночку камісар, - гугнявіў ён жаласліва.
Чайку і прыкра ад яго голасу і паводзінаў зрабілася, і разам з тым цікава было.
– Уночы каня шукаеш?
– Заблудзіўся...
– Надзень шапку!
– Але чалавек і без каманды ўжо яе насоўваў - ураз акрыяў, асмялеў, пачуўшы беларускую мову.
– Дык а вы мо з Семежава? Чуеце? У мяне ж сын там... Недзе там у вас... Піліпчук па прозвішчы - так завуць яго...
– затараторыў ён, - мо вы чулі?
Чулі і бачылі. Адразу прыгадаліся могілкі, акопчык, падлетак, які «каня ў бацькі ўкраў»... Прамільгнула ў галаве, што так і не далажыў у штабе пра яго, забыўся.
– А можа б, вы правялі мяне туды, чуеце, у Семежава?
– як часта бывае, за знешняй прынізлівай пакораю адразу ж праступіў у чалавека характар: свайго не ўпускаць, лавіць момант; ён адчуў, угадаў, што Чайка не той чалавек, якога трэба баяцца.
– Хадземце.
– Чайка крануў павады.
Чалавек дробненькімі крокамі патупаў побач з канём, ледзь не подбежкам, ледзь паспяваючы; рот у яго не закрываўся:
– Ото ж добра, што на вас напарваўся, чуеце?.. Да сына, думаю, схаджу, дык а мне пакажуць, дзе ён? Дзе сын, чуеце, пакажуць?
– і не ўнімаўся з гэтым сынам (таксама свая прымітыўна-спекулятыўная логіка: не проста бадзяецца чалавек па начах такім ліхалеццем, а да роднага сына ў адведкі, ужо менш да яго падазронасці!), што Чайка не вытрымаў, абарваў груба:
– Дзядзька, замаўчы, прашу! Я цябе завяду, і ўсё табе пакажуць!..
А сын акурат гэтай ноччу сабраўся хоць раз добра выспацца.
У вялікай хаце, дзе размяшчалася іх сем чалавек - акрамя яго Чуб, Гнат, Мікола, Дзяніс і двое братоў з Грэска, Іван і Андрэй, звечара было ціха і пуста. Чуб з хлопцамі яшчэ не вярнуліся з разведкі, а браты, як і звычайна, тырчэлі дзесь на плошчы. Разабраўшыся па-хуткаму з канём («каб ён здох!»), паставіўшы яго ў хлеў і сена падкінуўшы, сам Валодзька нават вячэраць не стаў, каб часу не губляць. Ад стомы і недасыпання ён ледзь трымаўся на нагах. Так у адзенні і заваліўся, толькі боты скінуў і, абматаўшы халявы парцянкамі, паставіў разам са стрэльбаю ў чалеснік, далей ад носа.
Спалі яны ўсе, акрамя Чуба, у якога свой тапчан быў, ля акна, проста на падлозе, упокат, на расцярушаных кулях саломы, засланай дзяругамі. Ён падбіў заместа падушкі саламянай пацярухі пад галаву, накрыўся кароткай світачкай, ад чаго давялося скурчыцца так, што калені ледзь не даставалі барады, але нават такое становішча прынесла целу даўно чаканую слодыч. Закружыліся ў вачах елкі, пабегла па нагах і спіне п'янкае цяпло...
Беднаму жаніцца - ноч кароткая, ці, як як яшчэ лепш Чуб кажа, на пахілы куст і козы сцаць. Ледзь-ледзь прыдрамнуў, тут і пачалося. Гаспадыня ўсчала паліць грубку, з грукатам высыпала дровы на бляху. Паявіліся (ляпнулі дзверы, і прабег па падлозе скразняк) браты і яшчэ нейкія з імі прыяцелі, хадзілі, цяжка тупаючы ботамі, па хаце, аж посуд у шафцы звінеў, курылі, бразкалі нейкімі кубкамі, размаўлялі пра палітыку - і хоць бы хны каму, што чалавеку, можа быць, адпачыць трэба!
Валодзька ляжаў не варушачыся, прытвараўся сонным. Ведаў - толькі абзавіся, як браты, гэтыя мужыкаватыя два дурні, здаецца, нават непісьменныя, адразу пачнуць дражніцца (любімая іх забаўка): Іван зацягне - прыцмокваючы, са шкадаваннем: «Гэта ж трэба дагадацца - апошняга каня ў роднага бацькі ўкраў! Вось выгадаваў бацька...», а Андрэй забядуе: «І як беднаму цяпер дроў прывезці, як паараць...» - і ўсё гэта знарок, пацыкаючыся, бо бачаць, што да душы ўсё бярэ, перажывае, аж слёзы закіпаюць, проста біцца гатоў кінуцца. Яго і праўда аж трэсла ад гэтага, бо ўсе, а Іван з Андрэем тым больш - сто разоў ім казаў, ведалі, што ніякі гэты здыхляк не апошні, дома яшчэ два, і ніякі яму бацька не родны, а айчым, але гэта яшчэ больш пацяшала жартаўнікоў: «А, дык, выходзіць, у роднага не краў бы, а ў айчыма можна?»
Толькі далёка запаўнач сышлі чужыя, угаманіліся нарэшце браты, патушылі лямпу, пачалі масціцца з другога краю ляжанкі. Сціхла ўсё, але самы сон - той першы, салодкі, - канечне, быў перабіты. І ў пот ні з таго ні з сяго кінула, і галава разбалелася ад махорачнага дыму, а галоўнае, ніяк не ўлегчыся было - свярбела ўсё: і рукі, і ногі, і жывот, ці то асцюкі калолі праз дзяружку і адзенне, ці гэта блохі з усёй ляжанкі пазбіраліся на ліпкі пот... Паспрабаваў уяўляць сябе - апошні і самы дзейсны сродак, каб забыцца, - нябачным: вось ён сядзіць у самым логаве-штабе бальшавіцкім, бальшавікі ходзяць, гавораць, і ніхто яго не бачыць; а яшчэ лепш асілкам, пад неба, у жалезным адзенні, якое не бяруць ніякія кулі, і гнаць, размахваючы вырваным з коранем дубам, чырвоных, якія разбягаюцца ва ўсе бакі, скачуць, што гэтыя блохі... Да самага Смаленска, а потым вярнуцца - і палякаў да Берасця, за Берасце... Строгі камандзір палка Чайка называе яго перад строем: «Піліпчук!» - каб уручыць яму ўзнагароду, і ўсе ў страі, і сам Валодзька сярод іх, пачынаюць азірацца - дзе ж ён?
– пакуль Чуб, як гогалеўскі Вій, не паказвае на яго моўчкі пальцам...
– Вунь, спіць!
– і праўда, гудзе голас Чуба. Гнат смяецца (і яшчэ нехта знаёмы - занадта знаёмы гундосіць, але гэта проста рэшткі сну, гэтага не можа быць).
Стук, грукат, галасы, галасы... Разведчыкі вярнуліся. А які салодкі, моцны быў сон! Падалося, толькі вочы прыплюснуў, а ўжо вунь віднее за акном. Ён яшчэ больш скурчыўся пад світачкай, усё яшчэ не разумеючы, чаму раптам у хаце стала так ціха. Чыесьці крокі, таксама, як і голас, занадта знаёмыя, наблізіліся да ляжанкі. Штосьці свіснула над ім у паветры...