Вход/Регистрация
Калыска чатырох чараўніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Янка. Але яны... не па-польску... I... ні на якой іншай мове.

Чаховіч. А ты паляк?

Янка . Хто ведае. У касцёле... Дый там, як гэны аконам.

Чаховіч. Ну, гэта крый цябе божа.

Янка. Проста... тутэйшы я.

Чаховіч. Ну, гэта ўжо лепей. Але такога яшчэ ніхто не рабіў. Дый як рабіць? Гавораць – і я таксама – як з пушчы.

Янка. Гавораць прыгожа. Запісаць няма як.

Чаховіч. Запісаць?.. Ну-у.

Янка. Пане (бярэ кнігу), а вось тут у “Філасофіі гісторыі польскай”. Нейкія лісткі невялічкія. I... неяк больш падобна як у нас людзі гавораць.

Чаховіч (бярэ лісткі). А-ёй. А я яшчэ й гадаў, куды я іх тады засунуў. Глядзі, і пры вобыску не знайшлі. Ну-у, шчаслівы мой бог. А тое б не дванаццаць год катаргі, а... (Пацірае шыю.)

Янка . Словы незвычайныя – мароз па скуры.

Чаховіч. Словы звычайныя. Сэнс незвычайны – таму і мароз. “I як добра слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд, урад, глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей... бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак?” Ну так, так. Суды – воўчая яма. Войска – не каб людзей берагчы, а не дазволіць народу і застагнаць... “Дзяры з нас, цар, дзяры з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры; но памятайце, што і на вас прыйдзе пара...” I салдатчына (бярэ другі лісток): “Забыці там трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына... I аддаць жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечную няволю нашых братоў”.

Янка. Хто гэта?

Чаховіч. Гэта мой сябар. Ліцвін, сепарыста. Тутэйшы.

Янка. Словы. Нашы словы.

Чаховіч. Сябе не помніў ад захаплення гэтым... I быў лепшы на свеце чалавек, якога мне даводзілася сустракаць... I быў павешаны за гэта.

Янка . Як... за слова?

Чаховіч. За справу і слова. Кастусь-Вікенці Каліноўскі. Дваццаці шасці год.

Янка. На сем год старэйшы. Няўжо ў такія гады можна зрабіцца настолькі страшным?

Зноў за акном грымоты, але чуюцца стрэлы, тупат ног, гарматныя залпы. I святло маланак як пажар.

Чаховіч. Якія раннія навальніцы ў гэтым годзе. Яшчэ ж і вясны амаль няма. Грыміць і грыміць.

Янка. Прарочыць нешта.

Чаховіч. Што нам можа нешта прарочыць? Знову кроў... I вось нічога. Нічога мы не здабылі тады сваёй крывёй. Бо чужыя. Не душою – словам... І вось лепшым – шыбеніцы. А тым, што крыху горай, – тачкі ў рудніках. Ведаеш, што такое Нерчынскія горы? Гэта свінцова-срэбныя шахты. Вось мяне – туды. А я ж быў толькі сябрам Кастуся. І экспедытарам паўстання. А ты ведаеш, што такое свінцовае атручванне? Гэта калі дыхаеш пылам, што змяшчае свінец. Дзясны аспіднага колеру... Нудзіць... Баліць... Колікі... Эпілептычныя сутаргі... Растройства розуму... Паралюш. Чаму на золаце пад Нерчынскам катаргу адмянілі, а на свінцы – не? Таму што нармальны чалавек на свінец не пойдзе.

Янка. I гэта – за слова?

Чаховіч. Слова. “Спачатку было Слова. І Слова было ў бога. І бог быў Слова”. Я да свінцовага скону не дайшоў. Лічылі: ідэаліст. Але, ідэаліст. Але ідэалізм у сэнсе адданасці ідэі – гэта не матэр’ялізм напхатага пуза...

Янка . I вось мужыкоў зганяюць з зямлі.

Чаховіч. Кідаюць яны свае верасовыя пусткі, ідуць у свет, галадаюць.

Янка (дастаючы хатулёк, муляецца). Пане Цыкмун... Вось тут... Сыру крыху. Прабачце... Масла... Ну, вяндліны...

Узнятая рука старога здрыганулася. Ён адыходзіць да акна. Маўчанне. Стары маўчыць, і ў яго калоцяцца худыя лапаткі.

Ды не біце вы мяне.

Чаховіч (справіўшыся). Нічога. Нічога. Гэта прайшло. Толькі мы будзем разам. Разам.

Яны раскладаюць ежу на століку. Янка толькі робіць выгляд, што есць.

Сынок... Дзякуй табе... Гэта мне ўзнагарода... За чужую жонку. Чужых дзяцей... Чужы народ... Нездарма мы... Я... I калісьці ўсе разам за адзін стол. Я не дажыву, можа, і ты. Але разам за адзін стол...

Янка. Як зрабіць гэта?

Чаховіч. Не ведаю. Кожны памыляецца, і шукае, і знаходзіць сваё Слова сам. Ва ўсякім разе памагай табе бог на тваім шляху. Табе. I Стафану Калядзе... I тысячам такім іншым... што елі сала тутэйшых і не паважалі іх. I за гэта паплаціліся.

Янка (глуха). Вы так бядуеце. Чаму б вам не кінуць гэтыя Бясяды, жонку, якая для вас нядобрая.

Чаховіч. Я напаўлегальны. Акрамя таго тут частка і майго маёнтка.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: